Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму праслухоўвалі журналістаў Tut.by? СК і МУС адмовіліся адказаць


Марына Золатава падчас вынясеньня прысуду па «Справе БелТА», 4 сакавіка 2019

На прэс-канфэрэнцыі сілавікоў, якая праходзіла 23 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры ў Менску, журналістка Tut.by спытала прадстаўнікоў Сьледчага камітэту і Міністэрства ўнутраных спраў аб прававой падставе да праслухоўваньня тэлефонаў супрацоўнікаў парталу, зь якога пачалася «справа БелТА».

Начальнік упраўленьня раскрыцьця злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў МУС Вадзім Усьціновіч спачатку заявіў, што ягоныя супрацоўнікі не праслухоўвалі ў даты, згаданыя ў крымінальнай справе, і што «гэтыя пытаньні разглядаліся ў час закрытага судовага паседжаньня».

Калі журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч заявіла, што гэта няпраўда, Усьціновіч параіў зьвярнуцца па адказ да галоўнай рэдактаркі Tut.by Марыны Золатавай, чые размовы якраз і праслухоўвалі.

«Гэта ўсяго толькі дакумэнт, які знаходзіцца ў матэрыялах, а ўсю перадгісторыю і ўсе пытаньні, адказы на якія вы хочаце пачуць, вы павінны адрасаваць самой Золатавай», — заявіў прадстаўнік МУС.

Начальнік упраўленьня расьсьледаваньня злачынстваў супраць інфармацыйнай бясьпекі СК Сяргей Гамко не адмаўляў, што нехта праслухоўваў Золатаву, але хто — не сказаў.

«У матэрыялах, што паступілі да нас для дачы прававой ацэнкі, у якіх утрымліваліся нагоды і законныя падставы для прыняцьця рашэньня аб распачынаньні крымінальнай справы, была размова, якой была дадзеная ацэнка як органам сьледзтва, так і судом, — заявіў прадстаўнік СК. — Парушэньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу пры правядзеньні адпаведнага мерапрыемства не было».

Запіс падслуханай тэлефоннай размовы Золатавай і рэдактаркі Tut.by Ганны Калтыгінай быў зроблены за два месяцы да падачы заявы БелТА ў праваахоўныя органы. Аўдыё трансьлявалі ў дзяржаўных СМІ. У матэрыялах справы падстава да праслухоўваньня не называлася.

У размове Золатава расказала, што ёй стала вядома, як некаторыя ейныя падначаленыя карыстаюцца платнай падпіскай на дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. Падпіска дазваляе чытаць дзяржаўныя навіны на некалькі хвілінаў раней, чым яны выходзяць у бясплатны доступ на публічнай частцы сайту БелТА.

Дамова аб выкарыстаньні платнага доступу да БелТА ня ўтрымлівала забароны перадаваць паролі трэцім асобам. Паролі выдаваліся і без дамовы, рассылаліся па факсе, часам адзін пароль давалі на ўсю рэдакцыю.

Як перадае RFRM, СК не праводзіў асобнага расьсьледаваньня пра халатнасьць з боку БелТА ў абыходжаньні з паролямі, хоць «многімі ўдзельнікамі працэсу акцэнтавалася ўвага» на гэтых аспэктах. БелТА, як заявіў прадстаўнік СК, «выканала ўсе патрабаваньні дзейнага заканадаўства».

«Справа БелТА». Што важна ведаць

  • У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
  • 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.​
  • Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
  • Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
  • Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG