Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стамілася баяцца». Хто робіць добрыя справы падчас пандэміі


Работніцы і валянтэркі атэлье CorAlcor.

Многія беларусы становяцца валянтэрамі падчас пандэміі і любымі магчымымі спосабамі спрабуюць дапамагчы дактарам і ўразьлівым групам. Хтосьці шые маскі і ахоўныя касьцюмы, хтосьці дапамагае грашыма, іншыя зьвязваюць тых, хто хоча дапамагчы, з тымі, каму гэта неабходна.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Пералічваю грошы на карысныя ініцыятывы і зьвязваю людзей, якія хочуць дапамагчы, з тымі, каму гэта патрэбна»

Юлія Чарняўская
Юлія Чарняўская

Культуроляг і пісьменьніца Юлія Чарняўская на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» заклікала сваіх сяброў у сацыяльнай сетцы дапамагчы пацыентам, дактарам і пажылым людзям:

— Дапамагаць важна заўсёды, і людзі дапамагалі адзін аднаму таксама заўсёды. Як сказана: «Навучыцеся рабіць дабро, шукайце праўды, ратуйце прыгнечанага, абараняйце сірату, заступіцеся за ўдаву» (Іс. 01:17). Проста ў апошнія гады многія ўзялі на ўзбраеньне папсовыя квазыпсыхалягічныя формулы накшталт «Ніхто нікому нічога не павінен». Мы пачалі саромецца альтруізму. Вядома, гэта рэакцыя на савецкі калектывізм, дзе культывавалася ідэя назойлівай узаемадапамогі. Але ў той жа час у апошнія гады паціху стала праяўляцца і іншая тэндэнцыя: дабрачыннасьць, валянтэрства, сацыяльная адказнасьць.

Проста цяпер гэтая крывая пайшла ўгору: вірус паказаў нам, што наш сьвет папраўдзе вельмі маленькі, цесны і ўразьлівы, што ў адзіночку ад самуму не ўратавацца, і неадкладна адрадзілася спрадвечная традыцыя талакі. І людзі, у тым ліку тых, хто настойваў на максыме «ніхто-нікому-нічога-не павінен», паказалі сябе зь іншага, лепшага боку.

Кожны можа зрабіць тое, што ў яго добра атрымліваецца. Рэстаран — карміць лекараў, швейны цэх тэатру — шыць маскі. Хтосьці можа проста даваць грошы. Калі нехта здольны да арганізацыі і пошуку аптовых партый мэдыцынскіх тавараў — хай запускае краўнфандынг і робіць гэта. Калі ў кагосьці ёсьць машына — забясьпечваць харчаваньнем тых, хто ня можа выйсьці і купіць сабе прадукты. Можна выгуляць сабаку пажылых суседзяў. Можна надрукаваць і разьвесіць ў пад’ездах свайго дома прафіляктычныя памяткі. Можна размаўляць па тэлефоне з тымі, у каго паніка, і супакойваць іх — гэта нялёгка, дарэчы. Можна адкрыць бясплатныя вэбінары і г. д.

Фізычнага ўкладу я ўнесьці не магу. Таму пакуль што пералічваю грошы на розныя карысныя ініцыятывы. Зараз чакаю, калі прыйдзе партыя бескантактных тэрмомэтраў, я дамовілася яе аплаціць. Ну і па дробязі: напрыклад, у мяне добра атрымліваецца зьвязваць людзей. Мне пішуць у прыват у «Фэйсбуку» і ахвотнікі дапамагчы, і тыя, каму трэба дапамога. І я зьвязваю іх адзін з адным. Кажу ж, талака.

«Шыць маскі да таго ж карысна, бо працуе дробная маторыка»

Тацяна Севярынец
Тацяна Севярынец

Грамадзкая актывістка Тацяна Севярынец зь Віцебску, знаходзячыся дома ў самаізаляцыі, шые маскі і перадае знаёмым дактарам. Машынкі ў яе няма, усю працу яна робіць уласнымі рукамі.

— Ведаю, наколькі цяжка цяпер дактарам. Ведаю, што катастрафічна не хапае сродкаў аховы. Спачатку была задумка раздаваць на вуліцы маскі людзям пажылога ўзросту, а потым, калі даведалася пра цяжкасьці ў дактароў, стала рабіць для іх. Мы цяпер у самаізаляцыі, бо муж пасьля інфаркту і з дыябэтам у групе рызыкі; па-другое, гэта грамадзянская адказнасьць. І па-трэцяе, гэта карысна для здароўя ў любым узросьце, бо працуе дробная маторыка. Пашыла ўжо больш за 10 масак. Перадаю іх участковай доктарцы, якая жыве ў нашым доме.

«Наша ініцыятыва дорыць разуменьне, што мы можам паўплываць на тое, каб жыцьцё хутчэй вярнулася ў звыклае рэчышча»

Кацярына Гардзеева(у цэнтры) разам з работніцамі і валянтэркамі ў атэлье CorAlcor
Кацярына Гардзеева(у цэнтры) разам з работніцамі і валянтэркамі ў атэлье CorAlcor

Менскае атэлье CorAlcor Кацярыны Гардзеевай цяпер цалкам зьмяніла кірунак працы — прафэсійныя швачкі і валянтэры тут шыюць маскі для дактароў. За два дня працы яны пашылі 350 масак, а зьбіраюцца яшчэ 8000. Кацярына расказвае Свабодзе пра тое, як зьявілася і як рэалізуецца гэтая ідэя:

— Мы заўважылі, што мэдыцынскія ўстановы сталі праз сацсеткі зьвяртацца па дапамогу, і зразумелі, што яна ім сапраўды патрэбная. На жаль, мы ня можам дапамагчы ўсім, але стараемся рабіць усё, што ў нашых сілах. Цяпер у СМІ і сацсетках увесь час ідуць ня самыя радасныя навіны. І шчыра кажучы, за гэтыя тыдні я стамілася баяцца. Наша ініцыятыва дорыць разуменьне, што мы можам паўплываць на тое, каб жыцьцё хутчэй вярнулася ў звыклае рэчышча.

Атэлье CorAlcor
Атэлье CorAlcor

Мы ня зможам, зразумела, забясьпечыць цалкам патрэбы ўсіх лякарняў. Магутнасьці нашага атэлье разьлічаныя на вытворчасьць 450 масак за дзень. Але цяпер гэтая лічба ніжэйшая: ідзе працэс раскрою тканіны, які адымае велізарны кавалак часу. Пашытыя маскі часам самі адвозім у шпіталі, часам работнікі мэдыцынскіх установаў прыяжджаюць і забіраюць.

Атэлье CorAlcor
Атэлье CorAlcor

У нас цяпер працуе ўвесь штат майстэрні і яшчэ 15 валянтэраў. Мы будзем рады любой дапамозе і запрашаем далучыцца дзяўчат і хлопцаў, якія ўмеюць рэзаць, працаваць рукамі, шыць. Дапамагаюць нам і хлопцы, яны пілавалі рулён марлі прамысловым нажом. Цяпер будуць экспэрымэнтаваць разразаць слаі марлі лазэрам. Мужчыны ўвесь час думаюць і прапануюць варыянты, як скараціць час на вытворчасьць масак.

«Важна дапамагчы і сацыяльным работнікам»

Масакі для бяздомных
Масакі для бяздомных

Сацыяльная рэсайклінг-майстэрня «ТАК», дзе людзі з мэнтальнымі і фізычнымі асаблівасьцямі стваралі асаблівыя рэчы са сьмецьця і непатрэбшчыны, цяпер стала шыць маскі для бяздомных і работнікаў сацыяльных службаў, якія працуюць зь людзьмі зь ВІЧ і СНІД, а таксама з нарказалежнымі.

Як расказала Свабодзе журналістка Яўгенія Доўгая, якая разам са сваёй маці і цёткай наўпрост дапамагаюць шыць маскі для бяздомных, у майстэрні пашылі ўжо 150 масак для людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы.

— Вельмі дапамог майстэрні «Так» Цэнтар экалягічных рашэньняў, які ўзначальвае Тацяна Кузьняцова. Яны далі грошы і шмат марлі для таго, каб у майстэрні шылі маскі. Мы працягваем працаваць. Трэба пашыць маскі для сацыяльных работнікаў, якія ходзяць і раздаюць замяшчальную тэрапію для людзей зь ВІЧ і СНІД, якія раздаюць чыстыя шпрыцы і ежу нарказалежным людзям, якія маюць слабы імунітэт. Яшчэ 60 масак пойдуць для гэтых сацыяльных работнікаў. Мы спрабуем дапамагаць самым неабароненым і ўразьлівым.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG