Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ня Плошча, то што? Адказваюць Вольга Севярынец, Ірына Халіп і Наста Шпакоўская

абноўлена

Пікет садідарнасьці 18 чэрвеня.

Чаму насуперак рэпрэсіям уладаў людзі ў Беларусі пачынаюць адчуваць сябе больш свабоднымі? Якую ролю ў гэтай выбарчай кампаніі адыгрываюць жанчыны? Чым сытуацыя адрозьніваецца да 2010 году? І ці магчымая зьмена ўлады бяз Плошчы?

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Разважаюць Вольга Севярынец, жонка палітвязьня Паўла Севярынца, акторка і сьпявачка Наста Шпакоўская (NAKA) і былая палітзьняволеная, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, журналістка Ірына Халіп.

Прапануем фрагмэнт дыскусіі

«Гэта адзіны шлях да свабоды і да перамогі»

— Як вам падаецца, якія крэатыўныя, мірныя спосабы паказаць, што людзі хочуць пераменаў, варта скарыстоўваць? Усе дасьведчаныя арганізатары вулічных акцый за кратамі. Якая можа быць самаарганізацыя? Ці гэта павінная быць вуліца, а нейкія іншыя формы мірнага пратэсту? Калі ня плошча, то што?

Ірына Халіп
Ірына Халіп

Ірына Халіп:18 чэрвеня блогерка з Мазыра Паліна прапанавала ўсім а 19 гадзіне кожны вечар, пачынаючы з 23 чэрвеня, выходзіць на бальконы ці адчыняць вокны і рабіць некі шум. Можна пляскаць у далоні, можна ўключаць музыку, можна нават біць лыжкай па рондалям. Можа, для пачатку і няблага. Пашумім і паглядзім. Вось мае суседзі і збоку, і зьнізу, і ўсе штосьці робяць. Для пачатку, каб не губляць гэтае пачуцьцё, што мы ўсе разам і салідарныя, таксама добра. А ўвогуле бяз Плошчы не абысьціся. Усё роўна гэта адзіны шлях да свабоды і да перамогі. Раней ці пазьней, але такі.

«Плошча павінна быць»

Вольга Севярынец
Вольга Севярынец

Вольга Севярынец: Ёсьць два шляхі, якія залежаць ад таго, чаго мы хочам дасягнуць. Калі мы хочам праявіць салідарнасьць з затрыманымі альбо праявіць крэатыўнасьць альбо кропкава выказаць сваю незадаволенасьць, тады добры ланцуг, бальконы, нейкія флэшмобы, любая актыўнасьць. Але я згодная з Ірынай, за такі кароткі час вынайсьці ровар лепшы за тое, каб выйсьці на Плошчу і проста там стаяць, мы проста ня знойдзем за гэты час. Мы ня зможам паведаміць усім людзям, каб яны былі ў курсе, якая зараз форма актыўнасьці прынятая. Таму, на маё меркаваньне, Плошча павінна быць.

«У працэсе песьня, якая будзе рэакцыяй на апошнія падзеі»

Наста Шпакоўская. Архіўнае фота.
Наста Шпакоўская. Архіўнае фота.

Наста Шпакоўская: Пазыцыя Віктара Бабарыкі была ім агучаная — калі ягоныя выбарнікі будуць выходзіць, то ён у любым выпадку будзе разам з народам. Чарга ўздоўж праспэкту 18 чэрвеня мяне моцна натхніла. Я не такі дасьведчаны чалавек у Плошчах, як Ірына, але каб мы выйшлі зь дзецьмі і з сабачкамі (а ў чарзе былі і сабачкі 18 чэрвеня). Калі людзі выходзяць зь дзецьмі, кветкамі, сабачкамі, я нават не ўяўляю, што павінна адбывацца з АМОНам, з аўтазакамі. Як? Яны будуць зьбіваць? Я ня ведаю. Хаця, шчыра кажучы, ужо наўрад ці нечаму зьдзіўлюся.

Мне хацелася б, калі людзі будуць зьбірацца масавага разам, каб гэта выглядала як відавочна мірная акцыя. Каб усё пацьвярджала тое, што мы — мірныя людзі, мы хочам, мірна, каб гэтым рыжым нас пакінуў у спакоі зь мірам. Не выкрыкваючы лёзунгі, не праяўляючы агрэсію, каб была падкрэсьлена мірная акцыя. На гэта абавязкова трэба рабіць акцэнт, таму што ён усю сваю палітыку застрашэньня будуе на тым, што палохае людзей вайной. І любая агрэсія з нашага боку будзе выглядаць як пацьверджаньне ягоных словаў.

— Ці сьпявалі б вы на такой акцыі?

Наста Шпакоўская: За 26 гадоў рэжыму і 15 гадоў гурту NAKA вельмі шмат песень, якія можна сьпець з гэтай нагоды. Цяпер у працэсе знаходзіцца песьня, якая будзе рэакцыяй на апошнія падзеі. З маёй пэрсанальнай творчасьцю ня будзе дэфіцыту. І я з задавальненьнем сваёй творчасьцю буду падтрымліваць усіх людзей, якія хочуць зьменаў у сваім жыцьці і пераменаў да лепшага, бо стаміліся ад хлусьні і беспэрспэктыўнасьці ў сваім жыцьці.

Дыскусія адбывалася 19 чэрвеня за некалькі гадзінаў да разгонаў мірных «ланцугоў салідарнасьці» у розных гарадах Беларусі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG