Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плятформа «Голас» разьлічвае на 4 мільёны чалавек


Ілюстрацыйнае фота. На агітацыйным пікеце кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні, 1 жніўня 2020 году

На плятформе «Голас», якая прапануе альтэрнатыўна падлічыць галасы, ужо зарэгістравалася больш за 600 тысяч чалавек. Яе распрацоўнікі спадзяюцца, што да 8-9 жніўня іх будзе каля 4 мільёнаў. Яны заклікаюць грамадзянаў рабіць пасты ў сацсетках, запрашаць сяброў і знаёмых, рэгістраваць сваякоў, якія ня маюць смартфонаў.

«Голас» прапануе выбарнікам пайсьці 9 жніўня на свой участак, зрабіць выбар у бюлетэні і сфатаграфаваць яго з абодвух бакоў. Гэтае фота трэба накіраваць у чат-бот плятформы, у якім папярэдне зарэгістравацца. Калі чалавек публічна выкладзе фота ў дзень галасаваньня, то яго могуць абвінаваціць у агітацыі. А вось накіраваць фота чат-боту не забаронена. Статыстыку «Голасу» апублікуюць не раней за 10 жніўня.

Хто стварыў «Голас»?

Плятформа «Голас» створана беларускімі праграмістамі. У яе распрацоўцы бяруць удзел сацыёлягі, юрысты, спэцыялісты ў бясьпецы і нават рэклямнікі. Калі на пачатку ў праекце было пару дзясяткаў чалавек, то цяпер іх за сотню: сярод іх мадэратары, якія адказваюць на пытаньні наведнікаў і пры неабходнасьці будуць рабіць тэхнічны аўдыт бюлетэняў.

На плятформе ёсьць магчымасьць напісаць камандзе «Голасу», задаць пытаньні і выказаць прапановы. Карэспандэнт Свабоды пагутарыў з адным з удзельнікаў каманды «Голасу» Ільлём Шапаткоўскім.

Якія мэты плятформы і як яна будзе працаваць?

Мэта плятформы «Голас» супадае з мэтай ініцыятывы «Честные люди». Паводле Ільлі Шапаткоўскага, гэта не галасаваньне, не сацыялягічнае апытаньне, якое можа прыраўноўвацца да экзыт-полу.

«Гэта проста жаданьне беларусаў зрабіць самую масавую пераклічку ў краіне і хутка адказаць на сваё пытаньне: хто ж за каго прагаласуе 9 жніўня. Гэта хутчэй такая альтэрнатыўная сыстэма падліку галасоў, з дапамогай якой мы потым убачым усе лічбы, якія мы там сабралі».

Распрацоўнікі заклікаюць грамадзян зарэгістравацца на плятформе «Голас», выбраць зручны для сябе сэрвіс — «Тэлеграм» альбо «Вайбэр», сфатаграфаваць свой бюлетэнь з абодвух бакоў (на адным зь іх ёсьць подпісы сяброў камісіі) і пераслаць яго з тэлефона.

«Нэўронная сетка будзе распазнаваць і індэнтыфікаваць гэтыя подпісы, каб павялічыць ступень абароны і надзейнасьці ўсёй сыстэмы ў цэлым і адсеяць несапраўдныя фатаздымкі бюлетэняў.

Накіраваць гэтыя фатаздымкі бюлетэняў можна і ў іншы дзень. Бо калі здарыцца, што ў краіне 9 жніўня ня будзе інтэрнэту „дзеля бясьпекі“, як кажа ўлада, фатаздымак можна накіраваць пазьней. Далей мы зьбіраем інфармацыю па кожным участку. Альтэрнатыўны падлік яўкі мы зьверым з пратаколамі, якія будуць вывешвацца. Магчыма, на вэрыфікацыю, апрацоўку і апублічваньне спатрэбіцца пэўны час. Але асноўная праблема, што пры магчымай адсутнасьці інтэрнэту спатрэбіцца крыху больш часу», — кажа Ільля Шапаткоўскі.

«Мы пакажам фота бюлетэняў на кожным ўчастку»

Карыстальнікам трэба адказаць на пытаньне, за каго яны зьбіраюцца галасаваць, і ўказаць свой участак для галасаваньня, каб можна было «дакладна вывесьці і зьверыць колькасьць галасоў на канкрэтным участку, а потым гэта падмацаваць бюлетэнямі».

«Калі будзе патрэбна, калі мы ўбачым, што лічбы выбарчай камісіі разыходзяцца зь лічбамі „Голасу“, мы пакажам фота бюлетэняў на кожным ўчастку, каб людзі маглі ўбачыць, што нашы лічбы не галаслоўныя. А па-другое, гэтыя фота захаваныя на тэлефонах у кожнага чалавека. І ён можа напісаць скаргу».

Усе дадзеныя ад плятформаў «Голас» і «Зубар» (займаецца маніторынгам парушэньняў) будуць акумулявацца на сайце «Честных людей». Там кожны зможа ўбачыць, якой была яўка на пэўным участку, якія былі парушэньні і як галасавалі.

Мэта — 4 мільёны ў «Голасе»

Цяпер распрацоўнікі плятформы «Голас» зацікаўленыя, каб усе пачалі дзяліцца інфармацыяй пра партал і рэгістраваліся на ім.

«Мэта адна — калі мы дамо 4 мільёны чалавек у „Голасе“, то мы сапраўды дамо вельмі моцную лічбу 9 жніўня. І калі мы данясём, што кожны можа дзяліцца гэтай плятформай, то гэта будзе здорава, — кажа Ільля Шапаткоўскі. — Ідэальная карціна, каб да 8-9 жніўня ў сыстэме было больш за 3 мільёны, тады мы можам з гэтых дадзеных паказаць агульную большасьць».

Бясьпека плятформы

Плятформу «Голас» стваралі прафэсіяналы, якія аб’ядналіся дзеля адной мэты. Яны кажуць, што кожны грамадзянін, які прыйдзе на плятформу, можа быць упэўнены ў бясьпецы за свае зьвесткі.

«Быў праведзены незалежны тэхнічны аўдыт у бясьпецы спэцыялістамі, якія бяруць удзел у буйных праектах. Узровень бясьпекі міжнароднага банку можа пазайздросьціць бясьпецы нашай сыстэмы, — кажа Ілья Шапаткоўскі. — Архітэктура гэтага прадукту такая, што асабістыя дадзеныя ў яўным выглядзе не захоўваюцца, яны перадаюцца на сэрвэры, абароненыя і недасяжныя для хакерскіх атак.

Калі ацэньвала каманда ступень рызыкі ўзьдзеяньня на гэтыя дадзеныя збоку, то хакерская атака была самай малаімавернай, бо няма ніякага доступу да асабістых дадзеных. І мы не бяром ад удзельнікаў нічога, апроч тэлефона».

Паводле Ільлі Шапаткоўскага, плятформу «Голас» зрабілі неабыякавыя да ідэі сумленных і празрыстых выбараў беларусы.

«Яны ўсклалі на сябе пэўную адказнасьць. Дзіўна чакаць, што гэтыя ж людзі будуць выкарыстоўваць такія зьвесткі дзеля нейкіх нядобрых мэтаў. Я не кажу ўжо, што гэта тэхнічна немагчыма, бо каманды працуюць асынхронна. Кожная каманда адказвае за пэўны ўчастак, дадзеныя кэшуюцца і прыбіраюцца».

Пасьля таго, як «Голас» зьбярэ бюлетэні, яны будуць апрацаваныя: сыстэма з дапамогай кампутарнага бачаньня будзе іх вэрыфікаваць.

«Ёсьць шмат мэханік, каб палепшыць ступень апрацоўкі бюлетэняў. Мы апрацуем, правэрыфікуем усе дасланыя бюлетэні, захаваем прывязку да пэўнага ўчастку і апублікуем лічбу — колькі чалавек прагаласавала за пэўнага кандыдата, не пералічваючы канкрэтна ўсіх, хто прагаласаваў. То бок без прывязкі да нумара тэлефона».

«Нашы ініцыятывы дзейнічаюць максымальна ў рамках закона»

Аўтары плятформы ўпэўненыя, што яны могуць дапамагчы людзям абараніць свой голас. Яны падкажуць, тым, хто хоча адстаяць свой голас, як напісаць калектыўную ці асабістую скаргу, абапіраючыся на захаваныя дадзеныя.

«Нашы ініцыятывы дзейнічаюць максымальна ў рамках закону. І як вынік дзяржава ўвесь час павінна абараняцца і паказваць сваю слабую пазыцыю. Плятформа існуе цалкам у рамках законнага поля і накіравана на тое, каб даць магчымасьць людзям скарыстацца сваімі выбарчымі і канстытуцыйнымі правамі для далейшай абароны свайго голасу. А ці зможа ўлада прыняць — гэта ўжо яе рашэньне. Наша задача — адстойваць свой голас».

Ільля Шапаткоўскі кажа, што выбарнік мае права сфатаграфаваць свой бюлетэнь, і ніхто ня можа выдаліць здымак з тэлефона без дазволу ўладальніка.

«„Голас“ прапануе рабіць законныя рэчы», — кажа Ільля Шапаткоўскі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG