Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народ мае права сябе абараняць». Ці могуць рабочыя страйкаваць законна?


На гэтае пытаньне Свабоды адказалі лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук і юрыстка Алена Яськова.

У Беларусі працягваюцца палітычныя страйкі на некалькіх прадпрыемствах, сярод якіх буйныя. Паводле Аляксандра Ярашука, палітычны страйк у Беларусі забаронены заканадаўствам. Але немагчыма правесьці і забастоўку з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваньнямі, бо прапісаная працэдура дазваляе ўладам на любым этапе вельмі лёгка заблякаваць намер рабочых страйкаваць.

«Улада зьнішчыла прававое поле»

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук кажа, што ў цяперашняй сытуацыі няма патрэбы весьці размову пра заканадаўства.

«Бо ўлада, якая сфальсыфікавала выбары і сілавым спосабам замацавала сябе ва ўладзе, арганізавала крывавы тэрор супраць народу на мінулым тыдні, — лічыць ён. — Яна проста перакрэсьліла заканадаўства і зьнішчыла прававое поле. Тады паўстае пытаньне: а што рабіць народу? Канстытуцыя кажа, што народ — гэта адзіная крыніца дзяржаўнай улады ў Беларусі. Што рабіць народу, калі ўлада захоплена гвалтам, калі ўлада ажыцьцяўляе крывавы тэрор супраць народу? У гэтым выпадку, пра гэта гавораць усе дэклярацыі правоў чалавека, ён мае права на паўстаньне: на тое, каб супрацьстаяць гвалту і спробе ажыцьцяўленьня крывавага тэрору над народам. Сярод іншага і правядзеньнем гэтых страйкаў з палітычнымі патрабаваньнямі, галоўнае зь якіх — неадкладная адстаўка Лукашэнкі».

Паводле Ярашука, права на палітычны страйк не выцякае зь беларускага заканадаўства, бо яно зьнішчана.

«Яно выцякае з Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што народ — адзіная крыніца дзяржаўнай улады і што калі ўлада захоплена гвалтам і яна спрабуе арганізоўваць крывавы тэрор, то народ мае права сябе абараняць».

«Гэтая хваля ўзьнікла не на пустым месцы»

Страйкоўцы на некаторых прадпрыемствах выстаўляюць ня толькі палітычныя, але і сацыяльна-эканамічныя патрабаваньні, сярод якіх скасаваньне сыстэмы кароткатэрміновых кантрактаў.

«Мы кажам, каб абавязкова ўключалі сацыяльна-эканамічныя патрабаваньні, бо яны абсалютна сасьпелі. Таму гэтая хваля ўзьнікла не на пустым месцы, яна мае пад сабой грунт. Першае — гэта тое, што адбылося падчас выбараў: фальсыфікацыя, сілавы захоп улады і крывавы тэрор, арганізаваны ўладай. Другое, што сацыяльна-эканамічная сытуацыя такая, што рабочыя справядліва патрабуюць зьмен у сацыяльна-эканамічнай палітыцы».

Незалежныя прафсаюзы цягам многіх гадоў паведамляюць у Міжнародную арганізацыю працы, што ў Беларусі права на забастоўку дэкляраванае, але яго немагчыма рэалізаваць. У беларускім заканадаўстве палітычныя страйкі наогул не прадугледжаныя. Але палітычныя страйкі прадугледжаныя дэклярацыяй МАП, дзе запісана, што чалавек мае права на забастоўку. А нормы міжнароднага права распаўсюджваюцца і на грамадзянаў Беларусі.

«У сувязі з гэтым спробы наймальнікаў, Міністэрства працы і іншых чыноўнікаў гаварыць пра тое, што гэтыя страйкі незаконныя, зыходзячы з працоўнага заканадаўства, абсалютна беспадстаўныя», — кажа Алена Яськова.

Паводле юрысткі, у працоўным заканадаўстве наўмысна прадугледжаны вельмі доўгі парадак працэдур. Каб давесьці калектыўную працоўную спрэчку да страйку, патрабуецца шмат часу, і калі выконваць усе патрабаваньні, усё роўна законна правесьці забастоўку немагчыма.

«Да таго ж у нашым кодэксе запісана, што прэзыдэнт краіны можа адмяніць, адкласьці любы страйк на тры месяцы. Пры гэтым прадметам спрэчкі па гэтым страйку можа быць толькі падпісаньне ці невыкананьне калектыўнай дамовы. То бок гэта ніяк не адносіцца да палітычнага страйку».

Палітычныя патрабаваньні страйкоўцаў

Усе палітычныя страйкі, якія цяпер праходзяць у Беларусі альбо якія рыхтуюцца, выстаўляюць асноўныя палітычныя патрабаваньні:

  • адстаўка Аляксандра Лукашэнкі;
  • адстаўка Цэнтарвыбаркаму;
  • адстаўка кіраўніцтва сілавых структур;
  • спыненьне гвалту супраць мірных грамадзян;
  • правядзеньне новых выбараў.

Да гэтых патрабаваньняў некаторыя калектывы дадаюць яшчэ і лякальныя. Некаторыя даюць тэрмін для выкананьня патрабаваньняў (напрыклад, «Нафтан» дае 10 дзён для выкананьня, а потым 29 жніўня пачнецца забастоўка).

«Гэты працэс ідзе, і ў яго ўключаецца ўсё больш людзей, хоць з боку ўладных структур і наймальнікаў ідуць запалохваньні звальненьнямі», — кажа Алена Яськова.

«Ужо трываць немагчыма»

Алена Яськова называе тры моманты, якія, на яе погляд, абараняюць страйкоўцаў:

  1. аб’яднаньне, салідарнасьць і жаданьне дамагчыся найважнейшай мэты: каб Беларусь стала дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай дзяржавай;
  2. масавасьць;
  3. спэцыяльныя фонды падтрымкі звольненым, бо ўлады стараюцца знайсьці арганізатараў і прыцягнуць да адказнасьці.

«Працэс ідзе і будзе працягвацца, і важна, каб ён працягваўся, бо грамадзяне краіны ня хочуць утрымліваць крывавы рэжым, ня хочуць утрымліваць тых, хто б’е іхных дзяцей, хто парушае іхныя правы, тая ж дыскрымінацыйная кантрактная сыстэма. Ужо трываць немагчыма. Таму я вельмі спадзяюся, што гэты працэс будзе працягвацца».

Юрыстка Алена Яськова гаворыць, што незалежныя прафсаюзы ўжо распрацавалі мэтадычку пра тое, якія трэба зрабіць крокі для палітычнага страйку:

  • найперш пераканацца, што бальшыня работнікаў хоча баставаць (праз тайнае галасаваньне, праз тэлеграм-канал ці вайбэр, праз збор подпісаў, правядзеньне сходу);
  • прыняць рашэньне пра аб’яўленьне страйку, пажадана стварыць страйкам для каардынацыі дзеяньняў;
  • накіраваць наймальніку паведамленьне, што калектыў арганізацыі ці прадпрыемства далучаецца да агульнанацыянальнага палітычнага страйку;
  • выставіць патрабаваньні і вызначыць, што страйк будзе працягвацца да таго часу, пакуль патрабаваньні ня выканаюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG