Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская назвала рэжым Лукашэнкі «маральным банкрутам»


Сьвятлана Ціханоўская, ліпень 2020

Сьвятлана Ціханоўская 29 жніўня выказалася пра адмену акрэдытацый журналістаў замежных СМІ. На яе думку, падобная тактыка ўладаў не спрацуе.

«Мяне вельмі турбуюць навіны зь Менску пра тое, што рэжым адмяняе акрэдытацыю заходніх СМІ і выганяе ўсіх журналістаў зь Беларусі. Калі гэта праўда, то гэта яшчэ адна прыкмета таго, што гэты рэжым — маральны банкрут, і адзіны спосаб, якім ён спрабуе ўтрымацца ва ўладзе — гэта страх і запужваньне. Гэтая тактыка не спрацуе. Беларускі народ больш не баіцца. Мы пераможам. Самы цёмны час заўжды перад сьвітанкам», — напісала Ціханоўская.

Што адбылося?

Улады Беларусі 29 жніўня пазбавілі акрэдытацыі шэраг журналістаў замежных СМІ, якая дазваляе ім працаваць на тэрыторыі Беларусі. Сярод іх карэспандэнты Беларускай службы Радыё Свабода Алесь Дашчынскі, Алег Грузьдзіловіч, Ўладзімер Грыдзін і Аляксандра Дынько.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў Свабодзе, што рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынятае на падставе прадстаўленьня Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь. Колькі ўсяго журналістаў страцілі акрэдытацыю ў выніку гэтага рашэньня, ён назваць адмовіўся.​

Затрыманьні журналістаў на акцыях пратэсту​

27 жніўня пасьля 18-й гадзіны на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, сярод іх фатографа Радыё Свабода Ўладзімера Грыдзіна. Журналістаў пасадзілі ў мікрааўтобус і даставілі ў Кастрычніцкае РУУС «для праверкі дакумэнтаў».

На плошчы Незалежнасьці ў 19:30 зноў пачаліся затрыманьні. Сярод дзясяткаў затрыманых і журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Рабчык і Алесь Дашчынскі. Стрым Свабоды сілавікі спынілі ў жывым эфіры. Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведамляе пра больш як 200 затрыманых 27 жніўня.

28 жніўня затрымалі беларуса Ільлю Кузняцова, а таксама грамадзян Расеі Сяргея Сяргеева і Міхаіла Фаміна (усе трое былі акрэдытаваныя ў МЗС Беларусі як журналісты тэлеканалу ARD) затрымалі ў Менску напярэдадні. Ноч журналісты правялі ў РУУС, іх адпусьцілі толькі раніцай. «Склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 (актыўны ўдзел у масавай акцыі) і пазбавілі акрэдытацыі «ў мэтах гарантаваньня інфармацыйнай бяспекі краіны», — распавёў Tut.by Ільля Кузняцоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG