Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спутник» апублікаваў плян капітуляцыі Лукашэнкі


Беларуская філія расейскага інфармацыйнага агенцтва «Спутник» апублікавала рэдакцыйны артыкул (бяз подпісу), прысьвечаны заўтрашнім перамовам у Менску прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна. Ён сустрэнецца з кіраўніком беларускага ўраду Раманам Галоўчанкам, а таксама з Аляксандрам Лукашэнкам.

Артыкул мае назву «Што будзе абмяркоўвацца на перамовах у Менску ў чацьвер?» Але на самой справе артыкул мае характар не прагнозу, а сьпісу саступак, на якія павінен пайсьці Менск.

Ніжэй прыводзім цытаты з артыкулу і іх сэнс.

  • Перамоўныя пазыцыі Менску аслаблі

Пытаньні ў двухбаковых адносінах такія ж, што і год таму, толькі перамоўная пазыцыя беларускіх уладаў гэтым разам іншая. Упершыню краіна сутыкнулася ня толькі зь ціскам Захаду, але і па-сапраўднаму нестабільным унутраным становішчам, абвастрэньне якога справакавалі і каранавірус, і вынікі выбараў, і эканоміка.

  • Востры даўгавы крызіс

Пытаньні, якія можа ўзьняць на перамовах беларускі бок, ляжаць на паверхні. У апошнім квартале сёлетняга году маюць быць калясальныя выплаты па вонкавым доўгу (каля двух мільярдаў даляраў). Паколькі асноўная частка запазычаньняў прыпадае на Расею, то і прасіць аб рэфінансаваньні лягічна ўжо цяпер. Ва ўмовах жорсткай крытыкі ў адрас беларускіх уладаў апошнім разьлічваць на шырокія эканамічныя жэсты з боку Захаду не даводзіцца.

  • Альтэрнатыўных паставак нафты больш ня будзе

Колькі б Міністэрства энэргетыкі ў кампаніі зь Белнафтахімам не займалася дывэрсыфікацыяй паставак энэрганосьбітаў, пытаньне прэфэрэнцый і «справядлівых цэн» на расейскія нафту і газ у Менску будуць падымаць нястомна. Пытаньне паставак «чорнага золата» на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку было закрытае да канца году. Але калі ў Вашынгтоне адкрыта заявілі аб непрыманьні вынікаў выбараў, а ў Літве і зусім склалі санкцыйныя сьпісы, паўночны маршрут альтэрнатыўных паставак, імаверна, згорнуты. Рэакцыя ў Менску ўжо на гэта была — улады заявілі аб гатоўнасьці ў выпадку неабходнасьці перанакіраваць уласныя грузавыя патокі на Усьць-Лугу. Гэта, безумоўна, згуляе на карысьць расейскаму боку.

  • У Лукашэнкі няма палітычнай і эканамічнай альтэрнатывы Маскве

У Маскве ўсьведамляюць, што цяпер Лукашэнку больш няма з кім весьці дыялёг, а значыць, і матывацыя да перамоваў у беларускага лідэра высокая. Менск востра мае патрэбу ў падтрымцы на замежнапалітычным контуры, а таксама ў «жывых грашах».

  • Час пакласьці на стол перамоваў «дарожныя мапы» паглыбленай інтэграцыі

Цяпер самы зручны час для расейскага боку дастаць «дарожныя мапы» саюзнай інтэграцыі. Беларускі прэзыдэнт зацікаўлены ў тым, каб атрымаць хуткі вынік і даказаць ня толькі свайму электарату, але і апанэнтам, што яшчэ здольны выбіваць прэфэрэнцыі для краіны.

  • Час разьмясьціць у Беларусі расейскую вайсковую базу

Словы Лукашэнкі пра тое, што ля межаў рэспублікі бразгаюць гусеніцамі танкі NATO, а самалёты альянсу даляцяць да Менску за лічаныя хвіліны, могуць прывесьці да нечаканага выніку. Расейскі бок цалкам абгрунтавана ў рамках існуючых адносін саюзьнікаў можа прапанаваць разьмясьціць на беларускай тэрыторыі сваю вайсковую базу для абароны занепакоеных актыўнасьцю NATO ўладаў Беларусі. У пасьянсе, які склаўся, выгаднай для Менску камбінацыі няма.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG