Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лінгвістычным унівэрсытэце студэнтаў затрымалі пасьля выкананьня «Марсэльезы». Адміністрацыя: гэта ня мы выклікалі сілавікоў

абноўлена

Акцыя салідарнасьці каля МДЛУ пасьля затрыманьняў студэнтаў 4 верасьня

У холе Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту адбыліся затрыманьні студэнтаў, паведамілі Tut.by чытачы.

Да таго як у навучальнай установе зьявіліся сілавікі, студэнты прасьпявалі гімн Францускай Рэспублікі «Марсэльезу», у якім ёсьць словы пра змаганьне з тыраніяй. Па словах відавочцаў, у двары ўжо стаялі тры аўтобусы без нумароў, адкуль выскачылі амапаўцы.

«У холе прысутнічалі некалькі чалавек з адміністрацыі. Усе былі ў шоку, а яны пазіралі», — паведамляюць сьведкі надзвычайнага здарэньня.

Некалькі студэнтаў затрыманыя. Дзе маладыя людзі цяпер, на гэты момант невядома.

Студэнтка 2 курсу перакладчыцкага факультэту са слязьмі расказала пра затрыманьні.

«Пачалі сьпяваць „Марсэльезу“, тут урываецца АМАП і пачынае крычаць: „С***, калі ня пойдзеце на заняткі, усіх забяром“. Хлопцаў адразу пачалі хапаць, — плача дзяўчына. — Проста гавораць: „С***, заткніся, і цябе забяром!“ Як нас толькі не называлі. Дзяўчатак, якія спрабавалі адбіць хлопца зь чацьвёртага курсу, праста адкідвалі. А адміністрацыя стаяла і нічога не рабіла!»

Пазыцыя рэктарату

Пасьля затрыманьняў 5 студэнтаў супрацоўнікамі АМАП у актавай залі МДЛУ адбылася сустрэча рэктара Натальлі Баранавай са студэнтамі, выкладчыкамі, бацькамі.

Студэнты абвінавацілі адміністрацыю, што тая не абараняе студэнтаў і, больш за тое, сама выклікае АМАП. Натальля Баранава сказала, што адміністрацыя не выклікала супрацоўнікаў АМАП і была не гатовая да гэтага. Яна нібыта дамовілася з намесьнікам міністра ўнутраных спраў аб вызваленьні ўсіх затрыманых сёньня студэнтаў.

Прысутныя засталіся не задаволеныя пачутым ад рэктара. Яе сыход з залі суправаджаўся скандаваньнем «Ганьба!».

Прадстаўнікі службы бясьпекі ўнівэрсытэту паведамілі ў жывым эфіры «Эўрарадыё», што ў будынак заскочылі 20–25 чалавек, «максымум 10 чалавек былі ў форме АМАП, астатнія ў цывільным, але ў балаклавах». Яны назвалі інцыдэнт «беззаконьнем».

Акцыя салідарнасьці са студэнтамі МДЛУ перад унівэрсытэтам
Акцыя салідарнасьці са студэнтамі МДЛУ перад унівэрсытэтам

Што кажуць у МУС

Афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава пракамэнтавала Tut.by затрыманьні студэнтаў у МДЛУ. Яна сказала, што затрымлівалі іх супрацоўнікі міліцыі, не АМАП:

— Затрымлівалі ў рамках адміністрацыйнага працэсу. Не за правапарушэньні сёньняшняга дня, а за зробленыя раней.

Затрыманых у МДЛУ даставілі ў Партызанскі РУУС. На ўсіх склалі пратаколы за «несанкцыянаванае мерапрыемства» (арт. 23.34 КаАП РБ).

Па інфармацыі Радыё Свабода, а 16-й гадзіне затрыманыя раней студэнты ўжо чакалі ў прыёмнай рэктара размовы з Натальляй Баранавай.

Затрыманыя раней студэнты МДЛУ ў прыёмнай рэктара
Затрыманыя раней студэнты МДЛУ ў прыёмнай рэктара

Адзін з затрыманых студэнтаў, які назваўся Мікітам, расказаў «Онлайнеру», што пры затрыманьні ён атрымаў некалькі ўдараў ад міліцыянтаў. Усю дарогу іх везьлі са скутымі за сьпінай рукамі.

Студэнты і іх бацькі сабраліся каля прыёмнай рэктара. Адзін з бацькоў расказаў, што яны прапаноўвалі сваю дапамогу ў забесьпячэньні парадку ва ўнівэрсытэце, але рэктар адмовілася ад гэтай дапамогі.

За дзьвярыма іх чакае натоўп студэнтаў
За дзьвярыма іх чакае натоўп студэнтаў

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG