Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольнілі менскага пажарнага, які папярэдзіў жыхароў, што іх сьцяг едуць здымаць


Так здымалі бел-чырвона-белы сьцяг на ЖК «Каскад»

9 верасьня з пажарнай аварыйна-ратавальнай часткі № 2 Фрунзенскага раёну Менску звольнілі Максіма Сташулёнка, які раней папярэдзіў жыхароў кварталу «Каскад», што МНС плянуе зьняць вывешаны паміж дамамі вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, паведамляе «Эўрарадыё».

Акрамя працы, Максім Сташулёнак страціў жытло: яго высяляюць са службовай кватэры, сям’я павінна сабраць рэчы на працягу трох дзён. У хлопца цяжарная жонка і трохгадовае дзіця.

«8 верасьня я пачуў у частцы, што пажарныя плянуюць здымаць сьцяг, і напісаў пра гэта ў канале „Страна для жизни“. Плянаваў адправіць паведамленьне адміністратару, але напісаў у чат у адкрытым доступе. Маё паведамленьне заўважыў хтосьці з начальства. Я напісаў гэта ў 11 гадзін, а ў 16 мяне ўжо выклікалі на размову наконт звальненьня», — расказаў Максім Сташулёнак «Эўраўрадыё».

Пажарнага абвінавацілі ў парушэньні прысягі, двух пунктаў працоўнага кантракту і падпіскі аб неразгалошваньні. Максім быў нязгодны, пачаў спрачацца і зьвярнуўся да юрыстаў. 9 верасьня раніцай яго зноў выклікалі да начальства — гэтым разам каб падпісаць заяву аб звальненьні. З усіх пералічаных напярэдадні прычын там значылася толькі парушэньне кантракту.

Звольнілі Максіма Сташулёнка паводле артыкула 172.6 — спыненьне службы ў сувязі з учыненьнем правіннасьці, прадугледжанай кантрактам аб службе ў якасьці падставы для яго датэрміновага скасаваньня. Да заявы прыклалі скрыншот паведамленьня з чату «Страна для жизни».

Спачатку Максіму казалі звальняцца на ўласнае жаданьне, але ён адмовіўся, 10 верасьня ён сустрэнецца з адвакатам.

«Учора падтрымаць мяне пад вокны падышлі чалавек 30 пажарных. Хоць адкрытай падтрымкі ад калег пакуль няма, я трохі нават засмуціўся з гэтай нагоды. Разумею, што вельмі многія проста баяцца», — кажа пажарны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG