Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як абараніцца ад каранавірусу ў памяшканьні


Самыя простыя парады, піша амэрыканская газэта The New York Times, гэта адкрываць вокны, купіць паветраны фільтар і ня надта спадзявацца на ўльтрафіялетавае выпраменьваньне.

З асеньнім пахаладаньнем надвор’я ўсё больш людзей пачнуць бавіць час у памяшканьнях. Гэта прыдатная глеба для каранавірусу, які, як вядома, найбольш небясьпечны ў выглядзе аэразолі.

У Злучаных Штатах Амэрыкі выбух эпідэміі COVID-19 адбыўся летам, калі ў часе сьпёкі шмат людзей хаваліся ад яе ў памяшканьнях з кандыцыянэрамі.

«Мяне крыху турбуе, што мы ўбачым гэты зрух у паўночныя шыроты па меры пахаладаньня», — сказала Лінсы Мар з Тэхналягічнага інстытуту ў Вірджыніі, якая вывучае перамяшчэньне вірусаў у паветры.

Паводле доктара Мар і іншых дасьледчыкаў, у дрэнна вэнтыляваных памяшканьнях, такіх як большасьць рэстаранаў і бараў, вірус можа заставацца ў паветры на працягу доўгага часу і пераадольваць адлегласьці больш за два мэтры.

Гэтым летам навукоўцы вылучылі жывы вірус з маленькіх кропелек, так званай аэразолі, што плавалі ў паветры на адлегласьці больш за 5 мэтраў ад інфікаванага пацыента ў шпіталі.

Простыя захады бясьпекі

Каля вы не жывяце ў адным памяшканьні з хворым чалавекам, то асаблівых захадаў абароны памяшканьня рабіць ня трэба. Іншая справа, калі вы знаходзіцеся ў памяшканьні ў прысутнасьці вялікай колкасьці людзей — у краме, офісе ці іншым месцы.

Амэрыканскія лекары прапануюць наступныя меры для абароны ад вірусу ў вялікіх будынках, у тым ліку офісных:

  • па магчымасьці ўхіляцца ад кантакту — напрыклад, заахвочваючы пэрсанал працаваць з дому;
  • дазваляць ўваход толькі тым, каму неабходна фізычна прысутнічаць у будынку;
  • можна пачаць выкарыстаньне паветраных фільтраў і рабіць дэзынфэкцыя паверхняў;
  • трэба кіраваць плынямі людзей, якія праходзяць праз будынак — напрыклад, колькасьцю тых, хто знаходзяцца ў ліфтах адначасова;
  • трэба патрабаваць выкарыстаньня ахоўных масак і іншых сродкаў індывідуальнай абароны ў памяшканьні.

Пры гэтым, нягледзячы на гэтыя меры засьцярогі, аптымальная стратэгія — проста насіць маску ў памяшканьні, — кажа Марцін Базант, інжынэр-хімік з Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту і дадае: «Гэта мае значна большы эфэкт, чым можа даць любая з гэтых стратэгій».

Праветрываньне

Таксама вельмі важныя праветрываньні. У офісах іх лепш рабіць кожныя 20 хвілін.

Пры гэтым мае сэнс нават прыадчыненае акно — нават у гэтым выпадку адбываецца цыркуляцыя і абмен паветрам паміж памяшканьнем і вуліцай.

Калі вы едзеце ў аўтамабілі ці ў грамадзкім транспарце, то і тут нават троху прыадчыненае акно дапаможа істотна зьменшыць рызыку заражэньня.

Дэзінфэкцыя ўльтрафіялетам

Вельмі скептычна ацэньваюць амэрыканскія экспэрты выкарыстаньне ўльтрафіялетавых лямпаў для дэзінфэкцыі паветра. Няправільнае іх выкарыстаньне можа прывесьці да апёкаў скуры і пашкоджаньня зроку.

Апрача таго, як цяпер даказана, ультрафіялетавае выпраменьваньне не зьнішчае ў памяшканьне ўсе вірусы, асабліва тыя, якія схаваныя пад вонкавымі паверхнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG