Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму спробы вырашыць праблему Нагорнага Карабаху раз за разам правальваюцца. Тлумачым


Нагорны Карабах зноў апынуўся ў цэнтры жорсткай барацьбы паміж Азэрбайджанам і Армэніяй. Гэта самы сур’ёзны ўсплёск процістаяньня пасьля спыненьня агню ў 1994 годзе, якое паклала канец татальнай вайне.

Баі, у якіх з моманту пачатку 27 верасьня загінула ня менш за 532 салдаты, заходзяць каранямі ў апошнія дні Савецкага Саюзу, або нават на некалькі пакаленьняў раней.

Вось некаторыя з асноўных рэчаў, якія трэба ведаць пра канфлікт за Нагорны Карабах.

Доўгая гісторыя

На Каўказе стагодзьдзямі маршыравалі войскі: рымскія, арабска-мусульманскія, асманскія, пэрсыдзкія, расейскія і многія іншыя.

Тут было і старажытнае армянскае царства, якое існавала з 300 г. да н. э. Для многіх армянскіх нацыяналістаў яно служыць сымбалем былой славы краіны і адпраўным пунктам для любых дыскусій пра тое, хто паўнапраўны ўладальнік Нагорнага Карабаху.

Сучасныя армяне часта называюць гэтую гарыстую мясцовасьць Арцах — у гонар часткі старажытнаармянскага царства.

Гэта быў напалову незалежны рэгіён, населены пераважна армянамі-хрысьціянамі. Пры іранскім панаваньні Сэфэвідаў у ХVIII стагодзьдзі тут правіў хан — азэрбайджанскі цюрак-мусульманін. На пачатку 1800-х гадоў кантроль перайшоў да Расейскай імпэрыі, а пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году — да Савецкага Саюзу.

У вакуўме ў канцы Першай сусьветнай вайны і ў хаосе грамадзянскай вайны ў Расеі армяне і азэрбайджанцы некалькі разоў уступалі ў сутычкі, аж да 1920 году, калі Чырвоная Армія акупавала ўсю тэрыторыю, якую Расея называла Закаўказьзем, і паклала гэтаму канец.

Спадчына Сталіна

Яшчэ да таго, як стаць аўтакратычным лідэрам Савецкага Саюзу, Іосіф Сталін адыграў ролю ў рашэньнях, якія пасьля прывялі да напружанасьці і вайны за Нагорны Карабах.

У 1920-х гадах, калі Ўладзімір Ленін спрабаваў умацаваць камуністычнае праўленьне, Сталін стаў камісарам у справах нацыянальнасьцяў, і ў ягоную кампэтэнцыю ўваходзіла вырашэньне таго, як камуністычная партыя павінна кіраваць аддаленымі правінцыямі і мноствам этнічных груп.

Сталін курыраваў складаньне мапаў і адміністрацыйныя межы, у некаторых выпадках наўмысна праводзячы іх так, каб яны падзялялі абшчыны. На думку гісторыкаў, гэта рабілася для аслабленьня палітычнай улады некаторых этнічных групаў.

На Каўказе, адкуль родам быў Сталін, межы Карабаху былі афіцыйна замацаваныя ў 1923 годзе, і Нагорна-Карабаская аўтаномная вобласьць стала часткай Азэрбайджанскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Пагадненьне таксама прывяло да стварэньня Нахічавані, рэгіёну Азэрбайджану, які населены пераважна азэрбайджанцамі і заціснуты паміж Армэніяй і Іранам, але не мяжуе з самім Азэрбайджанам.

На працягу дзесяцігодзьдзяў пасьля гэтага, як і паўсюль у Савецкім Саюзе, Камуністычная партыя і кіраўніцтва Масквы жорстка стрымлівалі любыя нацыяналістычныя ці рэлігійныя настроі, якія маглі выклікаць праблемы.

Да 1988 году

Гэты ціск аслабеў у сувязі з палітыкай галоснасьці і перабудовы Міхаіла Гарбачова ў канцы 1980-х гадоў, і 20 лютага 1988 году Савет народных дэпутатаў Нагорнага Карабаху, у якім пераважалі этнічныя армяне, заявіў пра свой намер аб’яднацца з Армэніяй. У той час каля трох чвэрцяў з 190 000 жыхароў рэгіёну складалі армяне, чвэрць — азэрбайджанцы.

Гэта выклікала масавыя маршы абурэньня ў Баку і падтрымку ў Ерэване. Праз два дні пасьля заявы азэрбайджанцы і армяне ўчынілі бойку каля гораду Аскеран — першае кровапраліцьце ў сучаснай вэрсіі канфлікту. Празь пяць дзён пасьля гэтага азэрбайджанскія натоўпы шалелі ў прыгарадзе Баку Сумгаіце, дзе жыла вялікая армянская абшчына. Афіцыйна загінулі 32 чалавекі; армяне кажуць, што сотні.

На працягу наступных трох гадоў Армэнія і Азэрбайджан спрабавалі правесьці рэфэрэндумы на фоне вулічнага гвалту і пагромаў, пакуль абедзьве рэспублікі не абвясьцілі незалежнасьць ад Савецкага Саюзу ў жніўні і верасьні 1991 году.

У лютым 1992 году пачалася поўнамаштабная вайна. Абодва бакі выкарыстоўвалі зброю і ўзбраеньне, пакінутае савецкімі войскамі.

Нестабільнае спыненьне агню

Баявыя дзеяньні спыніліся ў траўні 1994 году, калі сілы этнічных армян кантралявалі амаль увесь Нагорны Карабах, а таксама некалькі прылеглых раёнаў — агулам каля 20 працэнтаў усёй тэрыторыі Азэрбайджану. Для Баку гэта было прыніжальнай паразай. Прыблізна 30 000 чалавек былі забітыя, сотні тысяч уцяклі або былі выгнаныя са сваіх дамоў.

З 1995 году Францыя, Расея і Злучаныя Штаты былі сустаршынямі Менскай групы, ініцыятывы Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) для разьвязаньня канфлікту.

Найбліжэй за ўсё два бакі падышлі да пагадненьня ў 2001 годзе, калі пры пасярэдніцтве Менскай групы прэзыдэнты дзьвюх краін сустрэліся ў амэрыканскім штаце Флорыда.

На працягу больш як чвэрці стагодзьдзя абодва бакі супрацьстаялі адзін аднаму на так званай лініі судакрананьня, рэгулярна абменьваючыся гнеўнай рыторыкай, снайпэрскай стральбой і час ад часу мінамётнымі абстрэламі, што прыводзіла да ахвяраў, хоць і нешматлікіх. Азэрбайджан выдаткаваў сотні мільёнаў даляраў — даходы ад буйных запасаў нафты і газу — на мадэрнізацыю сваіх узброеных сілаў, што прымушае назіральнікаў пастаянна папярэджваць пра небясьпеку новай вайны.

Сярод самых сур’ёзных перашкод на шляху да пагадненьня — спрэчкі пра будучы статус самога Нагорнага Карабаху і пра лёс прылеглых тэрыторый, якія ўтрымліваюцца этнічнымі армянскімі сіламі і распасьціраюцца да мяжы з Армэніяй.

Восень 2020

Да верасьня 2020-га найгоршая праява гвалту ад 1994 году мела месца ў красавіку 2016-га, калі загінулі каля 200 салдат і мірных жыхароў.

Сярод фактараў, якія падліваюць алею ў агонь баявых дзеяньняў у 2020 годзе, — зьяўленьне новай зброі, перш за ўсё бесьпілётных лятальных апаратаў і дронаў. Ніводная з краін ня мае вялікай колькасьці вайскова-паветраных сілаў, таму вялікая частка баявых дзеяньняў вядзецца на зямлі. Аднак у апошнія гады Азэрбайджан уклаў значныя сродкі ў бесьпілётныя лятальныя апараты, купляючы і даючы ліцэнзіі вытворчасьці ізраільскіх бесьпілётных лятальных апаратаў, а ў апошні час і больш дасканалых турэцкіх бесьпілётнікаў.

Некаторыя назіральнікі зьвярнулі ўвагу на недастатковы ўдзел у апошнія месяцы зьнешніх сіл, у тым ліку сустаршыняў Менскай групы Францыі і ЗША. Сьвет ахоплены пандэміяй COVID-19, а адміністрацыя прэзыдэнта Дональда Трампа, якая вяла дыпляматычныя перамовы ў многіх частках сьвету, цяпер займаецца перадвыбарчай кампаніяй.

Між тым Турэччына, традыцыйны саюзьнік Азэрбайджану, апошнія гады ў значна большай ступені гуляла рэгіянальнымі мускуламі, кідаючы выклік уплыву Расеі на Паўднёвым Каўказе.

Цяпер, як паведамляецца, Турэччына адыграла больш актыўную, чым у ранейшых баявых дзеяньнях у Нагорным Карабаху, ролю, адпраўляючы апэратараў бесьпілётных лятальных апаратаў на падтрымку азэрбайджанскіх сіл.

Аналітыкі кажуць, што Расея, якая прадала ўзбраеньняў на мільёны даляраў і Армэніі, і Азэрбайджану, не была зацікаўленая ў эскаляцыі канфлікту ў Нагорным Карабаху і зьмене статус-кво. Яна таксама ня хоча, каб Турэччына занадта глыбока ўрывалася ў тое, што Масква лічыць сваёй традыцыйнай сфэрай уплыву.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG