Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 польскіх антраполягаў падпісалі ліст салідарнасьці з арыштаваным беларускім калегам Уладзімерам Шыпілам


Сядзячы пратэст навукоўцаў на прыступках прэыздыюму Акадэміі навук, Уладзімер Шыпіла (у цэнтры)

Сярод аўтараў ліста салідарнасьці — акадэмікі Польскай акадэміі навук, дырэктары інстытутаў і музэяў, старшыня і прэзыдыюм Камітэту этналягічных навук ПАН, кіраўніцтва Польскага этналягічнага таварыства.

Польскія антраполягі напісалі ліст беларускаму навукоўцу-антраполягу Ўладзімеру Шыпілу, якога затрымалі 13 кастрычніка пасьля сядзячага пратэсту супрацоўнікаў Акадэміі навук Беларусі. Пазьней Шыпілу засудзілі на 7 дзён арышту за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту.

Падчас акцыі Ўладзімер Шыпіла трымаў у руках плякат з цытатай з артыкула старшыні прэзыдыюму НАН Беларусі У. Гусакова і члена-карэспандэнта Акадэміі А. Кавалені «Белорусско-русское двуязычие — исторически сложившаяся духовно-культурная ценность народа».

Ліст малодшаму навуковаму супрацоўніку аддзелу антрапалёгіі Інстытуту гісторыі НАНБ Уладзімеру Шыпілу падпісаны 17 кастрычніка 2020 году 50 навукоўцамі з розных гарадоў Польшчы: Гданьск, Кракаў, Лодзь, Познань, Жэшаў, Торунь, Варшава, Уроцлаў. У Ім выказваецца салідарнасьць і з арыштаваным навукоўцам, і зь іншымі ахвярамі рэпрэсій, і зь беларускім народам, які змагаецца за свабоду і дэмакратыю.

«Шаноўны спадар магістар, дарагі калега, — пішуць польскія антраполягі.— Мы ўзрушаныя арыштам Вас як удзельніка мірнай акцыі пратэсту перад будынкам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — і самім фактам, і тым, як гэта было ўчынена.

Вы разам зь іншымі вучонымі з Акадэміі пратэставалі супраць жорсткага гвалту на беларускіх вуліцах, крывавыя сцэны якога мы з болем назіраем ужо больш за два месяцы. У той жа час Вы публічна выказаліся супраць прапагандысцкага тэксту аўтарства акадэмікаў У. Гусакова і А. Кавалені, якія пад выглядам навуковага артыкула пра білінгвізм выклалі антыбеларускую апалёгію расейскай мовы, якая заслугоўвае зьмястоўнага і маральнага асуджэньня. Мы лічым, што менавіта красамоўная цытата з гэтага тэксту, дэманстраваная Вамі падчас пратэсту, стала прычынай Вашага затрыманьня і арышту ў аўторак, 13 кастрычніка.

Як грамадзяне Польшчы і Эўропы, якім блізкія дэмакратычныя каштоўнасьці і правы чалавека, а таксама як сябры антрапалягічнай супольнасьці, якія ў навуковай працы кіруюцца імкненьнем да праўды, мы выказваем Вам і Вашым паплечнікам сваю падтрымку і салідарнасьць. Мы ўважліва сочым за ходам падзеяў у Беларусі. Мы надзвычай высока цэнім мужнасьць і настойлівасьць беларусак і беларусаў, якія дамагаюцца павагі да іхнай волі і годнасьці як выбарнікаў і грамадзян, і захапляемся імі.

Мы салідарныя з пратэстамі беларускіх навукоўцаў і студэнтаў, падзяляючы як іхныя патрабаваньні праўды і прыстойнасьці ў грамадзкім жыцьці, так і супраціў палітычнаму кантролю над навуковым жыцьцём.

Хлусьня і каньюнктурныя маніпуляцыі ў навуцы маюць кароткае жыцьцё, бо навука — гэта прастора свабоднай і крытычнай думкі. Мы верым, што свабода ўва ўсіх сфэрах грамадзкага жыцьця неўзабаве стане, сярод іншага, дзякуючы пазыцыі такіх людзей, як Вы, усеагульным набыткам як беларускіх навукоўцаў, так і ўсіх грамадзян, а вінаватыя ў фізычным і сымбалічным гвалце будуць прыцягнутыя да адказнасьці».

Хто падпісаў ліст салідарнасьці. СЬПІС

Сярод аўтараў ліста салідарнасьці — акадэмікі Польскай акадэміі навук, дырэктары інстытутаў і музэяў, старшыня і прэзыдыюм Камітэту этналягічных навук ПАН, кіраўніцтва Польскага этналягічнага таварыства:

  1. Д-р Фэлікс Акерман, навуковы супрацоўнік Нямецкага гістарычнага інстытуту ў Варшаве, сябра Беларуска-нямецкай гістарычнай камісіі
  2. Праф. Ягелёнскага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Катажына Бараньска, Інстытут культуры Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве
  3. Праф. д-р габілітаваны Януш Бараньскі, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве
  4. Эльжбета Бэрэнт, загадчыца Этнаграфічнага музэю, філіі Нацыянальнага музэю ва Ўроцлаве
  5. Праф. Варшаўскага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Караліна Беленін-Ленчоўска, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, запрошаны прафэсар катэдры мовазнаўства Фэдэральнага ўнівэрсытэту Санта-Катарыны, Флярыянопаліс, Бразылія
  6. Праф. унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча, д-р габілітаваны Наталя Блёх, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  7. Д-р Зузана Багуміл, Інстытут археалёгіі і этналёгіі Польскай акадэміі навук
  8. Праф. унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча, д-р габілітаваны Анна Вэроніка Бжэзіньска, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані; прэзыдэнт Польскага этналягічнага таварыства
  9. Праф. д-р габілітаваны Міхал Бухоўскі, дырэктар Інстытуту антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані, намесьнік старшыні Камітэту этналягічных навук Польскай акадэміі навук
  10. Праф. д-р габілітаваны Войцех Буршта, Інстытут гуманітарных навук, Унівэрсытэт гуманітарных і сацыяльных навук SWPS у Варшаве; прэзыдэнт інстытуту імя Оскара Кольбэрга ў Познані
  11. Праф. унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча, д-р габілітаваны Агнешка Хведук, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  12. Д-р Губэрт Чахоўскі, дырэктар Этнаграфічнага музэю імя Марыі Знамяроўскай-Пруфэровай у Торуні, віцэ-прэзыдэнт Польскага этналягічнага таварыства
  13. Праф. унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча, д-р габілітаваны Войцех Догнал, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  14. Праф. Інстытуту славістыкі ПАН, д-р габілітаваны Ніколь Даловы-Рыбіньска, намесьніца дырэктара па навуковай працы Інстытуту славістыкі Польскай акадэміі навук, сябра Акадэміі маладых вучоных Польскай акадэміі навук
  15. Праф. Інстытуту славістыкі ПАН, д-р габілітаваны Анна Энгелькінг, Інстытут славістыкі Польскай акадэміі навук, віцэ-прэзыдэнт Польскага этналягічнага таварыства, віцэ-старшыня Камітэту этналягічных навук Польскай акадэміі навук
  16. Праф. унівэрсытэту імя Мікалая Капэрніка, д-р габілітаваны Пётар Грахоўскі, Інстытут культуразнаўчых навук унівэрсытэту імя Мікалая Капэрніка ў Торуні
  17. Праф. Варшаўскага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Анна Харолец, старшыня навуковай рады Інстытуту этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту
  18. Праф. д-р габілітаваны Зьбігнеў Ясевіч, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча; інстытут імя Оскара Кольбэрга ў Познані
  19. Д-р Аркад’юш Елавіцкі, дыплямаваны музэязнаўца, генэральны сакратар Польскага этналягічнага таварыства, сябра Рады ў пытаньнях нематэрыяльнай культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны Польскай Рэспублікі
  20. Д-р Лукаш Качмарэк, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  21. Праф. Лодзкага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Катажына Канёўска, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Лодзкага ўнівэрсытэту; старшыня Камітэту этналягічных навук Польскай акадэміі навук
  22. Праф. Лодзкага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Эва Карпіньска, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Лодзкага ўнівэрсытэту
  23. Д-р Эва Клекат, Інстытут праектаваньня ўнівэрсытэту SWPS; група ў пытаньнях нематэрыяльнай спадчыны сталічнага гораду Варшавы
  24. Дар’юш Краснадэмбскі, Інстытут археалёгіі і этналёгіі Польскай акадэміі навук
  25. Праф. Ягелёнскага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Гражына Кубіца-Гэлер, Інстытут сацыялёгіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве
  26. Праф. д-р габілітаваны Вальдэмар Кулігоўскі, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  27. Праф. Лодзкага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Інга Кузьма, дырэктар Інстытуту этналёгіі і антрапалёгіі Лодзкага ўнівэрсытэту
  28. Д-р Сэбаст’ян Лятоха, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Лодзкага ўнівэрсытэту
  29. Д-р Ольга Лінкевіч, Інстытут гісторыі імя Тадэвуша Мантойфля Польскай акадэміі навук
  30. Праф. Ягелёнскага ўнівэрсытэту, д-р габілітаваны Марцін Любась, Інстытут сацыялёгіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве
  31. Праф. унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча, д-р габілітаваны Ізабэля Майн, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  32. Д-р габілітаваны Катажына Майброда, катэдра этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту; віцэ-прэзыдэнт Польскага этналягічнага таварыства
  33. Маргарэта Онсоргэ, студэнтка Інстытуту антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  34. Праф. унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча, д-р габілітаваны Данута Пэнкаля-Гавэнцка, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  35. Праф. д-р габілітаваны Аляксандар Позэрн-Зеліньскі, сябра Польскай акадэміі навук і Польскай акадэміі ведаў
  36. Матэвуш К. Патонец, студэнт, лябараторыя гуманістыкі аховы здароўя Ягелёнскага ўнівэрсытэту, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве
  37. Д-р Міхал Раўшэр, Варшаўскі ўнівэрсытэт
  38. Магістар Амудэна Руткоўска, Нацыянальны інстытут спадчыны, дактарантка ў Інстытуце польскай культуры Варшаўскага ўнівэрсытэту
  39. Д-р Робэрт Рыдзэўскі, Жэшаўскі ўнівэрсытэт
  40. Д-р габілітаваны Лукаш Смырскі, Інстытут археалёгіі і этналёгіі Польскай акадэміі навук
  41. Д-р Лукаш Сахацкі, намесьнік дырэктара Інстытуту этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту ў Кракаве
  42. Д-р Зьбігнеў Шмыт, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  43. Праф. д-р габілітаваны Пшэмыслаў Урбаньчык, Інстытут археалёгіі і этналёгіі Польскай акадэміі навук і ўнівэрсытэт імя кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве
  44. Праф. д-р габілітаваны Рышард Форбрых, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  45. Д-р Ганна Вадле, Інстытут антрапалёгіі і этналёгіі ўнівэрсытэту імя Адама Міцкевіча ў Познані
  46. Праф. д-р габілітаваны Ежы Васілеўскі, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту
  47. Д-р Катажына Вашчыньска, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту
  48. Філіп Урублеўскі, Польскае этналягічнае таварыства, Kraków
  49. Магістар Кшыштаф Замасьціньскі, музэязнаўца, Аддзел марской этналёгіі Нацыянальнага марскога музэю ў Гданьску
  50. Праф. д-р габілітаваны Магдалена Зоўчак, Інстытут этналёгіі і культурнай антрапалёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG