Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гуманны расстрэл» і іншыя выказваньні сілавікоў пра ўжываньне зброі


Камандзір АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітры Балаба, архіўнае фота

Камандзір АМАП ГУУС Менгарвыканкаму Дзьмітры Балаба ў інтэрвію на дзяржаўным тэлеканале СТВ 17 кастрычніка паўтарыў, што сілавікі гатовыя «пры неабходнасьці» ўжываць зброю супраць пратэстоўцаў, але перад гэтым «выкарыстаюць усе магчымыя іншыя мэтады».

Паводле Балабы, сілавікі «імкнуцца працаваць філігранна і ювэлірна, імкнучыся прычыніць нават пры затрыманьні мінімальную шкоду правапарушальніку», а «перш чым ужыць агнястрэльную зброю, вядома ж, мы выкарыстоўваем усе магчымыя іншыя мэтады, але калі давядзецца гэта зрабіць, вядома ж, гэта будзе зроблена».

Балаба адзначыў, што агнястрэльную зброю будуць ужываць «толькі ў выпадках нападу на супрацоўнікаў, у выпадку, калі нехта будзе спрабаваць нанесьці ўдары адмыслова прыстасаванымі прадметамі».

Што яшчэ казалі сілавікі пра ўжываньне зброі

  • 16 кастрычніка начальнік Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС Мікалай Карпянкоў заявіў, што на акцыі пратэсту выходзяць «радыкалы, арганізаваныя паводле прынцыпу злачынных груповак узору 1990-х», і калі яны будуць аказваць актыўны супраціў, «мы, вядома, гуманна выкарыстаем у дачыненьні да іх зброю, у тым ліку і агнястрэльную. І самых небясьпечных „востракапытных“ з вуліцы прыбяром».
  • А старшыня КДБ Іван Тэртэль 16 кастрычніка заявіў, што ведамства «з розных крыніц, у тым ліку за мяжой», атрымлівае інфармацыю аб падрыхтоўцы ў Беларусі правакацыі з мэтай дэстабілізаваць сытуацыю ў дзяржаве, і «згодна з задумай арганізатараў гэтай акцыі, а таксама іхных куратараў за мяжой, плянуецца абвінаваціць у цяжкіх наступствах сілавыя структуры Беларусі».
  • 12 кастрычніка першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі Генадзь Казакевіч заявіў, што пратэсты зьмясьціліся збольшага ў Менск і сталі «арганізаванымі крайне радыкальнымі», таму «супрацоўнікі органаў унутраных справаў і вайскоўцы ўнутраных войскаў у выпадку неабходнасьці будуць ужываць спэцсродкі і баявую зброю».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG