Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка кадуе новую палітычную сыстэму на лукашызм


Ілюстрацыйнае фота

Нарада па падрыхтоўцы шостага Ўсебеларускага народнага сходу (УНС) не прынесла нейкіх нечаканасьцяў. Падзея павінна адбыцца ў студзені-лютым. Гэтай імітацыяй народаўладзьдзя Лукашэнка замяняе сапраўдны дыялёг з народам.

І раней гэтая бутафорыя не ўспрымалася сур’ёзна. Цяпер, калі грамадзтва ўзбудзілася, народ выйшаў на вуліцы, УНС ацэньваецца як карыкатура на народнае прадстаўніцтва.

УНС як форма аўтарытарнага карпаратывізму стала візытоўкай той эпохі, калі Лукашэнка апэляваў да народу праз галаву намэнклятуры і дзяржаўных, палітычных інстытутаў. Тады быў створаны ідэалягічны канструкт, згодна зь якім Лукашэнка адлюстроўвае інтарэсы ўсяго беларускага народу, таму апазыцыі ў краіне проста ня можа быць па вызначэньні, ёсьць толькі купка «адмарозкаў», «пятая калёна». УНС добра ўпісваўся ў лукашэнкаўскую канцэпцыю народаўладзьдзя — адносіны «бацькі» з народам. Бо для арганізацыі гэтага форуму, які нібыта прадстаўляе ўсё насельніцтва, не патрэбныя ніякія законы, рэглямэнты, працэдуры. Заканадаўча правядзеньне УНС ніяк не рэгулюецца. Поўная свабода, ніякіх абмежаваньняў, каго хочаш, таго і прызначай у якасьці народных прадстаўнікоў.

Але тая эпоха скончылася з выбарчай кампаніяй 2020 году. І цяпер такая форма — поўная архаіка.

Але Лукашэнка ў сваіх звычках і прыхільнасьцях вельмі кансэрватыўны і мала здольны на рэфлексію. На выбарах павінна быць 80% у ягоную падтрымку, плян на пяцігодку мусіць прыняць УНС. І нават не задаецца элемэнтарнае пытаньне: навошта?

Паводле ранейшай інфармацыі, на УНС павінна быць прынятая новая Канстытуцыя. У мэдыя з спасылкай на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў былі пералічаныя магчымыя навацыі ў гэтым дакумэнце. Зь якіх нібыта вынікала, што плянуецца значная трансфармацыя палітычнай сыстэмы краіны. Маўляў, там будзе замацаваны падзел уладаў, прапарцыйная выбарчая сыстэма і іншыя навацыі.

Але вось Лукашэнка на нарадзе зазначыў, што «неабходна на канстытуцыйным узроўні замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу». І адным гэтым тэзісам ён ушчэнт разбурыў некаторыя спадзяваньні на дэмакратызацыю палітычнай сыстэмы. То бок Лукашэнка закладае ў Канстытуцыю палажэньні, якія зьяўляюцца сурагатамі дэмакратыі. Ён кадуе палітычную сыстэму на лукашызм. Палітычная спадчына Лукашэнкі забруджана аўтарытарызмам.

Таму Канстытуцыя, напісаная Лукашэнкам для самога сябе, без удзелу грамадзтва, ня можа быць прынятая новай Беларусьсю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG