Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаюць асноўныя апоры. Чаму Лукашэнка чарговы раз памяняў сілавікоў


Лукашэнка зьвяртаецца да Кубракова і Качанавай

Ад пачатку беларускай рэвалюцыі Лукашэнка памяняў ужо сакратара Рады бясьпекі, старшыню КДБ, старшыню Камітэту дзяржкантролю, генэральнага пракурора. І вось цяпер — міністра ўнутраных спраў і яго намесьніка. І хто яшчэ кажа, што пратэсты не прыносяць эфэкту, што яны бясплённыя і ні на што не ўплываюць? Аказваецца, яшчэ як уплываюць.

Хачу заўважыць, што ніякіх іншых чальцоў ураду Лукашэнка не мяняў. Толькі сілавікоў. І гэты факт стаў найбольш нагляднай прыкметай, самым заўважным сымптомам вострага палітычнага крызісу ў Беларусі. Бо ў такі момант ператрус у праваахоўных органах звычайна ня робяць, ключавых фігур сілавога блёку не мяняюць. Гэта адлюстроўвае сур’ёзнае браджэньне ў сілавых структурах.

Адстаўка сакратара Рады бясьпекі Валерыя Вакульчыка і міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева — сьведчаньне сур’ёзных рознагалосьсяў у вайскова-палітычным кіраўніцтве Беларусі. Лукашэнка гэтымі асобамі яўна незадаволены. Ён ліхаманкава шукае людзей, якія б маглі хутка і рашуча навесьці «парадак» у краіне. І гэтая ліхаманкавасьць якраз і выдае нэрвовасьць, якая пануе ў Палацы Незалежнасьці.

Прызначэньне адстаўнікоў інспэктарамі ў рэгіёны — гэта такая ганаровая апала, своеасаблівы «залаты парашут». Лукашэнка ня можа проста выкідаць генэралаў з абоймы, бо гэта нэгатыўна паўплывала б на настрой іншых генэралаў і афіцэраў. Таму ім знайшлі пасаду: фармальна высокую, а фактычна — пустую.

Асабліва цікава, як Лукашэнка пазбавіўся ад Валерыя Вакульчыка. Спачатку перамясьціў яго з пасады старшыні КДБ на пасаду сакратара Рады бясьпекі. І толькі праз два месяцы ўвогуле накіраваў памочнікам прэзыдэнта па Берасьцейскай вобласьці. Чаму б не адразу адправіць у адстаўку генэрала, які праявіў сумнеўную ляяльнасьць? Справа ў тым, што Лукашэнка цяпер моцна залежыць ад сілавікоў. Таму праяўляе асьцярожнасьць.

Ня менш цікавы кейс Караева. Ад самага пачатку палітычнага крызісу ён быў галоўнай апорай Лукашэнкі, асноўным карным мечам рэжыму. Ён так палымяна лаяў пратэстоўцаў. Здавалася, ужо гэты будзе з Лукашэнкам да самага канца. Але апошнім часам Караеў неяк зьнік з інфармацыйнага экрану. Пужалі прымяненьнем баявой зброі іншыя міліцэйскія генэралы.

Але 28 кастрычніка ён нарэшце зьявіўся і выступіў зь вельмі жорсткімі заявамі на адрас пратэстоўцаў. Відавочна, сыходзіць у адстаўку ён не зьбіраўся. А ўжо 29 кастрычніка яго адпраўляюць памочнікам прэзыдэнта па Горадзенскай вобласьці.

То бок падаюць асноўныя апоры. Што сьведчыць пра тое, што ўся ўладная канструкцыя хістаецца.

Новы міністар унутраных спраў Іван Кубракоў два тыдні таму выступіў з гучнай заявай. Ён казаў, што сілавікі могуць выкарыстаць табэльную зброю на несанкцыянаваных акцыях пратэсту. Згодна зь ягонай ацэнкай, зрываньне масак з амапаўцаў — гэта «замах на забойства». То бок яго прызначэньне — гэта зусім ня курс на лібэралізацыю. Хутчэй наадварот.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG