Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Запрашалі Макея і Пазьняка». Арганізатары — пра надзвычайны Сусьветны кангрэс беларусаў


Ілюстрацыйнае фота

Арганізатары Сусьветнага кангрэсу беларусаў сакратары супольнасьці свабодных дыяспараў «Беларусы замежжа» Арцём Лядоўскі з Аўстраліі, Сяргей Мазгавы з Канады і Аляксей Ерахавец зь Літвы расказваюць пра галоўных выступоўцаў, мэты і адметнасьць Кангрэсу, які мае адбыцца 31 кастрычніка ў рэжыме онлайн.

Глядзець дыскусію цалкам на відэа


Прапануем фрагмэнты дыскусіі

Сьцісла:

  • Сяргей Мазгавы: Першы рэальны Кангрэс беларусаў замежжа адбыўся ў 1949 годзе. Цяпер гэта надзвычайны кангрэс, ён выкліканы абставінамі, якія здарыліся на радзіме і аб’ядналі нас.
  • Аляксей Ерахавец: Зрабілі прапанову выступіць і Зянону Пазьняку. На жаль, ён не пагадзіўся паўдзельнічаць. Зрабілі прапанову кіраўніку МЗС Беларусі Ўладзімеру Макею, пакуль ад яго няма ніякай рэакцыі.
  • Арцём Лядоўскі: Мы з эканамічнай групай Каардынацыйнай рады прынялі рашэньне распрацаваць праграму ўзаемадзеяньня з дыяспарай у справе аднаўленьня Беларусі. Усёй нашай паўтарамільённай беларускай супольнасьцю за мяжой зможам дапамагчы нашай радзіме пабудаваць краіну для жыцьця.

Асноўныя мэты і адметнасьць Кангрэсу

Аляксей Ерахавец
Аляксей Ерахавец

Аляксей Ерахавец: Падзеі ў Беларусі абʼядналі ўсіх. Беларусы, якія былі індывідуалістамі, абʼядналіся ў часе збору подпісаў. Гэта ўзмацнілася пасьля абʼяднаньня штабоў. Пасьля выбараў абʼядналіся літаральна ўсе ініцыятывы і арганізацыі дыяспары. Я хачу падзякаваць асобна Радзе БНР, Івонцы Сурвіле, якая нас падтрымала. Мяркуецца, што Кангрэс стане апагеем гэтых абʼяднаўчых працэсаў. У нас адна мэта — мы хочам, каб сышоў Лукашэнка, каб былі вызваленыя палітзьняволеныя, мы хочам будаваць новую, дэмакратычную Беларусь. Для гэтага і склікаем Кангрэс, бо пытаньняў вельмі шмат, і пэўныя адказы павінны быць кансалідаванымі.

Напрыклад, што зрабіць з АМАПам? Прапанаваць ім цяпер амністыю ў выпадку пераходу на бок народу, ці наадварот — больш жорсткае пакараньне? Гэтыя рашэньні ніхто аднаасобна ня зможа на сябе ўзяць. Гэта павінна быць кансалідаванае беларускае рашэньне. Мы павінны сабрацца ўсе разам і паказаць, што мы адзіныя ў сваіх памкненьнях незалежна ад таго, якія ў нас могуць быць палітычныя погляды, і мы хочам выпрацаваць агульныя рашэньні па будучыні Беларусі.

Арцём Лядоўскі
Арцём Лядоўскі

Арцём Лядоўскі: У Аўстраліі жыве каля чатырох з паловай тысяч беларусаў. Спачатку мы ўвогуле навінаў зь Беларусі ня чулі, зьехалі даўно, страцілі кантакты, інтарэс, моцна інтэграваліся ў аўстралійскае грамадзтва, пабудавалі свае бізнэсы, сваё жыцьцё. Раней не было вялікай еднасьці сярод беларускіх супольнасьцяў. Калі зьявіліся навіны з радзімы, інтарэс да падзей у Беларусі проста выбухнуў. Стаяць убаку было немагчыма. Мы хутка знайшлі адзін аднаго. Я пераехаў у Аўстралію каля 8 гадоў таму і вельмі мала кантактаваў зь беларусамі Аўстраліі. І тут мы знайшлі адзін аднаго праз чаты, знаёмых знаёмых, пачалі зьбірацца на сумесныя акцыі.

Тое, што адбываецца цяпер, я б назваў сацыялягічным цудам. Я такога ніколі ў сваім жыцьці ня бачыў, калі людзі пытаюцца: а што магу зрабіць менавіта я, а давайце зробім гэта разам, я ведаю яшчэ беларусаў, давай зробім разам зь імі. А потым зьбіраецца каля 40 чалавек у Zoom, і мы пачынаем плянаваць вельмі складаны праект зь вялікай колькасьцю задач, якія патрабуюць многіх кампэтэнцый.

Сяргей Мазгавы
Сяргей Мазгавы

Сяргей Мазгавы: Я жыву ў Атаве побач з Івонкай Сурвілай, я зь ёй сустракаюся кожны тыдзень. Мы разам зь ёй працавалі на розных праектах, зьвязаных зь Беларусьсю. Тое, што адбылося перад выбарамі і пасьля іх, гэтая неверагодная актыўнасьць беларусаў мяне вельмі зьдзівіла. Першы мітынг быў арганізаваны людзьмі, якія ня мелі ніякага дачыненьня да Згуртаваньня беларусаў Канады. Яны выйшлі на нас і прапанавалі, каб мы пайшлі на перадвыбарны мітынг. Я запрасіў нашага дэпутата і неверагодна зьдзівіўся, колькі людзей прыйшло. Мы нават ня ведалі, што ў Атаве жыве столькі беларусаў.

Асноўныя выступоўцы на Кангрэсе, каго запрашалі, хто адмовіўся

Аляксей Ерахавец: Мы распаўсюдзілі спэцыяльную форму і папрасілі ўсіх ахвотных пазначыць, якіх сьпікераў яны хацелі б пабачыць, і потым ацаніць з пункту гледжаньня цікавасьці тэмы і самога сьпікера. Такім чынам выйшлі на топ-сто беларусаў, якія былі максымальна цікавыя. Знайшлі кантакты і прапанавалі выступіць. Калі глядзець па палітычных поглядах, то, напэўна, гэта збольшага людзі апошняй хвалі, умераныя, без радыкальнай палітычнай пазыцыі. Хоць мы зрабілі прапанову выступіць у тым ліку і Зянону Пазьняку. На жаль, ён не пагадзіўся паўдзельнічаць.

Мы зрабілі ў своеасаблівай форме прапанову кіраўніку МЗС Беларусі Ўладзімеру Макею, пакуль ад яго няма, на жаль, ніякай рэакцыі. Многія пагадзіліся выступіць, у тым ліку не палітыкі. Напрыклад, Вадзім Пракоп’еў, які дзякуючы сваім вельмі эмацыйным, добра зробленым ролікам заваяваў сэрцы беларусаў. Мы вельмі ўдзячныя Сьвятлане Ціханоўскай і Паўлу Латушку за тое, што яны адразу падтрымалі наш праект і пагадзіліся выступіць. Мы чакаем вялікай колькасьці ўдзельнікаў, бо сьпікеры ў нас падабраліся ўнікальныя.

Чым адрозьніваюцца розныя хвалі беларускай эміграцыі

Сяргей Мазгавы: Беларусаў Канады абʼядноўвае любоў да радзімы. Ва ўсіх адна мэта — каб зьмяніўся рэжым на Бацькаўшчыне. Старая эміграцыя зрабіла вельмі шмат для гэтага, і мы не павінны забываць таго, што зрабіла Івонка Сурвіла і Рада БНР, Згуртаваньне беларусаў Канады, у тым ліку для чарнобыльскіх дзяцей. Цяпер мы зрабілі зварот да ўраду Канады. Я напісаў яго, больш за тысячу чалавек падпісалі яго. Наш дэпутат зачытаў гэты зварот. Сьвятлана Ціханоўская расказвала, што калі міністар замежных спраў Канады першы пазваніў ёй, гэта яе моцна падтрымала, пасьля таго як яе выгналі з краіны. І тады яна зразумела, што на яе баку добрыя сілы і трэба змагацца.

Арцём Лядоўскі: Я раней ня ведаў, што існуе старэйшае пакаленьне эмігрантаў зь Беларусі ў Аўстраліі, пакуль мы зь Сяргеем ня сталі шукаць выхаду на наш урад і парлямэнт. Сяргей дапамог арганізаваць кантакт з украінскай дыяспарай, і менавіта яны зьвялі нас з старэйшай беларускай дыяспарай з Адэлаіды. Гэта для мяне было вялізарнае адкрыцьцё. Яны стварылі аўтакефальную праваслаўную царкву, і невялікая беларуская супольнасьць жыве побач з гэтай царквой і будуе сваё культурнае жыцьцё і інтэракцыі паміж сабой. Я пазнаёміўся з гэтымі людзьмі, у якіх было столькі жаданьня дапамагчы Беларусі. Яны зрабілі абсалютна неверагодную акцыю падтрымкі жанчын Беларусі. Цяпер мы кантактуем штодня, разам удзельнічаем у акцыях, разам рыхтуем лісты ў парлямэнт.

Як адказаць на папрокі ў нэафіцтве

— Гісторыя беларускай эміграцыі налічвае шмат гадоў. Калі ў СМІ зьявіліся першыя публікацыі пра кангрэс, некаторыя прадстаўнікі эміграцыі выказалі папрокі ў нэафіцтве — бо не было згадана пра шматгадовую дзейнасьць дыяспары, у тым ліку маштабныя зьезды беларусаў сьвету. Як бы вы адказалі на такія папрокі і чым Кангрэс будзе адрозьнівацца ад ранейшых?

Аляксей Ерахавец: Папрокі гэтыя даволі несправядлівыя, бо мы нідзе ня кажам, што беларуская дыяспара зьявілася толькі цяпер. Наадварот, мы зь вялікай пашанай ставімся да тых людзей, якія раней абʼядноўвалі беларусаў. Гэта хваля эміграцыі часоў БНР і хваля пасьля Другой сусьветнай вайны. Мы былі б шчасьлівыя максымальна інтэгравацца з гэтымі людзьмі і разам ісьці далей. Нам любая рыторыка разьяднаньня крайне ня блізкая. Мы не прэтэндуем, што мы першы Кангрэс беларусаў.

У 1990-я гады ў Менску праходзіў кангрэс. Напэўна, мы першы онлайн-кангрэс. Мы першы кангрэс, які дазваляе ўцягнуць беларусаў усяго сьвету, які праходзіць цягам 26 гадзін — Аўстралія, Акіянія, Далёкі Ўсход, эўрапейская частка і амэрыканская частка. Яны плаўна будуць пераходзіць адна ў адну, і мы паклапаціліся пра тое, каб усе тэмы былі раскрытыя для ўсіх часавых зонаў.

Калі нехта бачыць у нас хаця б які элемэнт рыторыкі разьяднаньня і нейкай непавагі да старых дыяспараў, мы, па-першае, выбачаемся, калі раптам нейкія словы дазволілі так думаць. Па-другое, мы толькі за абʼяднаўчую рыторыку і зь вялікай павагай запрашаем прадстаўнікоў старых дыяспараў, каб на роўных разам шукаць шляхі для далейшага разьвіцьця Беларусі.


Сяргей Мазгавы: Першым нашым крокам, калі мы пачалі размаўляць пра Кангрэс, стала запрашэньне «Бацькаўшчыны». Гэта арганізацыя, якая была створаная ў 1993 годзе, калі адбыўся першы Кангрэс незалежнай Беларусі (маецца на ўвазе, пэўна, Першы зьезд беларусаў сьвету. — РС). А першы рэальны Кангрэс беларусаў замежжа адбыўся ў 1949 годзе, Івонцы было 12 гадоў, і тады яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Мы не прэтэндуем, што мы першыя. Мы гэта адразу абгаварылі з «Бацькаўшчынай». Гэта не чарговы кангрэс «Бацькаўшчыны», гэта надзвычайны кангрэс, які выкліканы абставінамі, якія здарыліся на радзіме і абʼядналі нас. Нам трэба абмеркаваць гэта ўсё і выдаць нейкі вынік.

Арцём Лядоўскі: Мы працуем усе разам, і я не заўважаю розьніцы пакаленьняў. Ня думаю, што трэба паміж намі барʼеры акрэсьліваць. Калі ствараеш падзею, важна прыцягнуць максымальную ўвагу СМІ. Нам важна, каб беларуская тэма заставалася ў цэнтры ўвагі сьвету. Пакуль гэта адбываецца, людзі ў чорным ня могуць перайсьці пэўную рысу. Слова «першы» онлайн-кангрэс — гэта элемэнт прома, каб зацікавіць СМІ, каб больш людзей пра гэта даведаліся і яшчэ больш людзей гаварылі пра Беларусь.

«Калі мы кантактуем онлайн зь беларусамі з розных краінаў, зь якімі пасябравалі, але ніколі ня бачыліся, жартуем, што сустрэнемся на інаўгурацыі»

— Якая частка беларусаў замежжа вернецца ў Беларусь пасьля сыходу Лукашэнкі?

Аляксей Ерахавец: Ва ўсіх дыяспарах гэта вельмі папулярная ідэя, што можна будзе вярнуцца ў новую Беларусь і працаваць на карысьць гэтай краіны. Усе настроеныя максымальна ўдзельнічаць у жыцьці Беларусі, у аднаўленьні эканомікі, інстытутаў права. Я думаю, што 60–70% у дыяспары — гэта людзі, якія настроеныя вярнуцца. Калі мы кантактуем онлайн зь беларусамі з розных краінаў, зь якімі пасябравалі, але ніколі ня бачыліся, то жартуем, што сустрэнемся на інаўгурацыі.

Сяргей Мазгавы: Калі мы раней размаўлялі з жонкай, і яна казала, што трэба купіць нейкае жыльлё ў Беларусі, я адмаўляўся, бо ня думаў вяртацца. А цяпер нават яна была зьдзіўленая, калі я сказаў, што калі сыдзе Лукашэнка, мы будзем разглядаць гэтае пытаньне. Многія зьбіраюцца рабіць нешта для Беларусі. З сучаснымі тэхналёгіямі можна працаваць з дому, зь іншай краіны і заўсёды дапамагаць радзіме.

Арцём Лядоўскі: Мы нядаўна сустракаліся з эканамічнай групай Каардынацыйнай рады і прынялі рашэньне распрацаваць цэлую праграму ўзаемадзеяньня дыяспары ў справе аднаўленьня Беларусі. Адразу пасьля Кангрэсу прыступім да дэталёвай распрацоўкі. Такім чынам усёй нашай паўтарамільённай беларускай супольнасьцю за мяжой зможам дапамагчы нашай радзіме падняцца ў хуткія тэрміны і пабудаваць краіну для жыцьця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG