Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школа строгага рэжыму: як дзеці перамагаюць сыстэму


Аляксандар Лукашэнка на цырымоніі адкрыцьця школьнага году, Баранавічы, 1 верасьня 2020

З заводаў, унівэрсытэтаў і лякарняў рэпрэсіі перакінуліся на школы. Цяпер ахвярамі рэжыму становяцца дзеці. Проста таму, што пасьмелі ня быць пакорнымі.

Афіцыйная пазыцыя дзяржавы — школа мусіць быць па-за палітыкай. Калі ж перакласьці гэта з чыноўніцкай на беларускую, дык акажацца, што школа мусіць быць па-за супрацівам Лукашэнку і ягонаму рэжыму.

Вось 27 кастрычніка вучні ліцэю № 2 у Менску зладзілі акцыю пратэсту — некаторыя зь іх не пайшлі на заняткі, выказаўшы такім чынам сваю салідарнасьць з дарослымі, якія бастуюць. На наступны дзень гэтым падлеткам ужо казалі пра нейкую адказнасьць за разьмяшчэньне інфармацыі пра акцыю ў сацыяльных сетках. У той жа размове прадстаўніца адміністрацыі ліцэю заявіла, што ў гэтай навучальнай установе зашмат дэмакратыі і што цяпер дэмакратыя скончылася.

Звычайны для беларускіх школ ціск на нашых вачах пераходзіць на новы ўзровень, бо сыстэма бачыць, што ёй не ўдалося вырасьціць усіх дзяцей бязвольнымі. Яна вельмі, вельмі старалася — прымушала ўступаць у БРСМ і хадзіць на хакейныя гульні і нейкія дзяржаўныя мерапрыемствы, апранала дзяцей у нязручную школьную форму і вучыла паслухмянасьці і цярплівасьці. Але дзеці вырасьлі свабоднымі і, як аказалася, даволі рана сталі мець уласную грамадзянскую пазыцыю.

Калі ў пратэсты ўключаюцца студэнткі і студэнты — гэта звычайная справа. Але калі далучаюцца навучэнцы школ... гэта яшчэ адзін знак, што грамадзтва напраўду стамілася ад усяго, што адбываецца. А дзеці стаміліся ў тым ліку і ад рэпрэсіўнай школьнай сыстэмы.

Ад сыстэмы, якая бачыць у іх не разнастайных асоб, да якіх трэба шукаць асабісты падыход, каб раскрыць увесь іх патэнцыял, а проста набор элемэнтаў, якімі трэба кіраваць так, каб гэта патрабавала найменш высілкаў. Ад сыстэмы, якая так часта забываецца на іхнія правы, але заўжды гатовая нагадаць пра абавязкі. Ад сыстэмы, якая хлусіць і выкарыстоўвае іх сабе на карысьць.

І калі ўжо дзеці падключыліся да пратэстаў, гэта значыць, што сыстэма ня справілася са сваёй задачай. Яна хацела здушыць любую ініцыятыву, але ці то перабрала з абсурдам, ці то заўжды была поўная партызанак і партызанаў. Так ці інакш, замест паднявольных істот яна вырасьціла годных маладзёнаў, якія не баяцца выказваць сваю пазыцыю і ісьці на рызыкі.

Каб запалохаць гэтых дзяцей, выклікаюць інспэктарак па справах непаўналетніх, але нават гэта ўжо не спрацоўвае. Яны цалкам сур’ёзна патрабуюць ад падлеткаў, каб тыя не выкладвалі інфармацыю пра акцыю ў сацсеткі! Гэтае патрабаваньне абсурднае настолькі ж, наколькі абсурдны быў бы загад ня дыхаць. Гэта падлеткі, яны жывуць онлайн, і іх прынята ў гэтым абвінавачваць, але я ня бачу нічога кепскага ў тым, каб яны выкарыстоўвалі даступныя ім рэсурсы для камунікацыі і палітычнай барацьбы.

Магчыма, наступным крокам сыстэмы будзе стварыць пасты АМАП на ўваходзе ў кожную школу, абнесьці школьныя двары калючым дротам і арганізаваць паркоўкі для аўтазакаў пад кожнай школай, гімназіяй і ліцэем. Яны могуць знайсьці безьліч спосабаў пазьдзекавацца з усіх нас, але дзеці ўжо даўно іх перамаглі. Прынамсі тым, што не хаваюцца за балаклавамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG