Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь змагаецца з гвалтаўніком» — арганізатаркі флэшмобу #сиделазасвободу


флэшмоб #сиделазасвободу, #засвабодузакраты, #inprisonforfreedom

Суарганізатаркі фэм-групы Каардынацыйнай Рады філёзаф Вольга Шпарага, гендэрныя экспэрткі і грамадзкія актывісткі Юлія Міцкевіч і Сьвятлана Гатальская, якія былі зьняволеныя за ўдзел у мірных пратэстах, арганізавалі флэшмоб #сиделазасвободу, #засвабодузакраты, #inprisonforfreedom.

Глядзець дыскусію на відэа.

Прапануем фрагмэнты дыскусіі.

Сьцісла

Вольга Шпарага:

  • Мужчыны перажываюць у турме фэномэн братэрства, жанчыны — сястрынства. Дзякуючы гэтаму можна выстаяць.
  • У пратэстах ключавая тэма гвалту. Лукашэнка заявіў, што ён сінімі пальцамі трымае Беларусь у закладніцах, і ўсе адразу яго аб’юзіўную лексыку ідэнтыфікавалі.

Сьвятлана Гатальская:

  • Ёсьць такі выраз — не пасядзеў, не беларус. Некаторыя людзі параўноўваюць суткі з мэдалём «За адвагу». У турме практычна ўсе мы атрымалі каранавірус.
  • Трэба напісаць сваё імя, колькасьць сутак, пра свае прафэсійныя інтарэсы, пасаду, дасягненьні і пры канцы хэштэгі #сиделазасвободу #засвабодузакраты #inprisonforfreedom.

Юлія Міцкевіч:

  • Беларуская турма, можа, ня цалкам паўтарае сталінскую, але ўсё роўна гэта сыстэма, пабудаваная на гвалце і катаваньнях.
  • Улада хоча нас пакараць, а мы становімся ня проста жанчынамі, якіх затрымалі, а жаночай сеткай, сеткай актывістак. Менавіта таму мы прапанавалі Сьвятлане Ціханоўскай стварыць пасаду дарадцы па гендэрнай палітыцы.

Сястрынства і братэрства як досьвед беларускай турмы

Вольга Шпарага: Я філёзаф, мне 46 гадоў, ёсьць жыцьцёвы досьвед, нейкі багаж культуры, гуманітарныя веды, і я адчувала, як мне ўсё гэта дапамагае. Мне хацелася дзяліцца сваімі ведамі зь іншымі зьняволенымі. Мы называлі гэта разьдзеленым досьведам сястрынства. Мужчыны таксама перажываюць у турме фэномэн братэрства. Гэта самае каштоўнае, дзякуючы гэтаму можна выстаяць.

Зь Юляй Міцкевіч мы былі 10 дзён у адной камэры. Самыя цяжкія дні былі напачатку. Мне пашчасьціла сядзець разам з журналісткай Яўгеніяй Доўгай. З нас зьдзекаваліся, мы спалі пад адной коўдрай без усяго астатняга ў халоднай камэры.Увесь час адна адну падтрымлівалі. Калі я выйшла і даведалася, што мне прызначылі новыя 12 сутак, я адчула, што не гатовая. Было рызыкоўна заставацца, і я выехала зь Беларусі.

Сьвятлана Гатальская: Больш за 14 тысяч чалавек сядзелі ў турме па артыкуле 23.34 і па іншых артыкулах, але з кожнай новай нядзеляй, з новымі затрыманымі салідарнасьць не спадае, людзі не баяцца атрымаць суткі. Ёсьць такі выраз — не пасядзеў, не беларус. Такі настрой людзей, зь якімі я сядзела ў розных камэрах. Некаторыя людзі параўноўваюць суткі з мэдалём «За адвагу», за тое, што не пабаяліся выходзіць і адстойваць свае галасы.

Практычна ўсе мы атрымалі і каранавірус у турме. Тыя маскі, што мы насілі ў турме, былі толькі для таго, каб не заразіць наглядчыкаў. Нас было 8 чалавек у камэры, элемэнтарна не хапала посуду, і мы пілі з аднаго кубка.

Юлія Міцкевіч: Беларуская турма, можа, ня цалкам паўтарае сталінскую, але ўсё роўна гэта сыстэма, пабудаваная на гвалце і катаваньнях. Катаваньняў там шмат — не выключаюць сьвятло ніколі, на цябе ўвесь час ахоўнікі крычаць матам, у некаторых камэрах няма гарачай вады, не выводзяць гуляць. Для мяне самае цяжкае было не само знаходжаньне за кратамі, а калі да мяне прыходзілі людзі са Сьледчага камітэту і двойчы з ГУБАЗІКу. Яны настойліва прэсавалі, хацелі, каб мы прызналіся, што арганізоўвалі жаночыя маршы як фэм-група, ці каб сказалі, хто гэта робіць. Мяне пасадзілі ў клетку і назвалі гэта даверлівай размовай. Калі я адмаўлялася гаварыць, пагражалі, што будзе дрэнна маёй сям’і, людзям, якія разам са мной працуюць, што мне пагражае крымінальны тэрмін за арганізацыю масавых беспарадкаў.

Мы сядзелі з фантастычнымі дзяўчатамі і жанчынамі, увесь час нешта прыдумлялі, сьпявалі, называлі сябе ВІА «Змагаркі», разам малявалі, прыдумлялі, як тачыць алоўкі аб балты на кратах. Абменьваліся адзеньнем, калі каму чаго не хапала. Досьвед сястрынства пачаўся з жанчын, якіх мы нават ня бачылі. Яны пакінулі ў камэры з Жодзіна прадукты, якія мы, вельмі галодныя, зьелі. Яны напісалі парады для нас. Мы ня бачылі гэтых жанчын, але ведалі, што яны пра нас паклапаціліся.

#сиделазасвободу, #засвабодузакраты, #inprisonforfreedom

Вольга Шпарага: Ідэя ўзьнікла ў турме — сабраць наш досьвед і падзяліцца ім, пабачыць, колькі нас. У гэтым ёсьць тэрапэўтычная функцыя. Некаторыя баяцца дзяліцца, бо ўлады і другія тэрміны цяпер даюць. Тым ня менш нам хацелася б зрабіць бачным гэты досьвед і паказаць, што за кратамі былі жанчыны розных прафэсій, узростаў — ад 18 да 63. Адзін з рэфрэнаў быў — нам не патрэбныя лідэры, мы гарызантальна, калектыўна будзем вырашаць усе праблемы. Гэта важна і каб далей змагацца, і для будучыні Беларусі.

Сьвятлана Гатальская: Гэты флэшмоб пакажа, якія цудоўныя людзі цяпер за кратамі. Яны вельмі розныя, але нязьменна моцныя, сьмелыя і дзейныя. Трэба напісаць сваё імя, колькасьць сутак, пра свае прафэсійныя інтарэсы, пасаду, дасягненьні і пры канцы хэштэгі #сиделазасвободу #засвабодузакраты #inprisonforfreedom. Мы хочам паказаць, як шмат жанчын пацярпелі за свабоду. Гэта будзе і сетачны праект, і фотаальбом у выніку.

Юлія Міцкевіч: Жанчын менш трапляе за краты ў параўнаньні з мужчынамі, прыкладна 30 на 70. Раней меней затрымлівалі жанчын, цяпер рэпрэсіі ўзмацніліся і супраць жанчын. У нас у камэры была жанчына, якой пасьля затрыманьня надзелі мяшок на галаву і зь ім вазілі некалькі гадзін па горадзе. Пакуль адзіная прычына, чаму жанчынам меней даюць суткі, чым мужчынам, а даюць штрафы, — гэта таму што ў іх непаўналетнія дзеці (але і мужчынам трэба клапаціцца пра дзяцей). Калі гэта перастане працаваць, думаю, будзе аднолькавая колькасьць мужчын і жанчын за кратамі.

Беларускі пратэст мае фэмінісцкія лёзунгі

Вольга Шпарага: Фэмінісцкі парадак дня імпліцытна моцна прысутнічае, бо ключавая тэма — тэма гвалту. Лукашэнка заявіў, што ён сінімі пальцамі трымае Беларусь у закладніцах, і ўсе адразу яго абʼюзіўную лексыку ідэнтыфікавалі. І гэта рэакцыя грамадзтва на тое, што яно, па сутнасьці, аказалася ахвярай хатняга гвалту. Ён — «бацька», а ўся Беларусь аказалася як жанчыны, якія цярпяць ад хатняга гвалту. І людзі ходзяць з фэмінісцкімі плякатамі. На фота мужчына сярэдніх гадоў з плякатам «Бʼе — значыць, сядзе». Атрымліваецца, гэтае фэмінісцкае вымярэньне ёсьць ва ўсім грамадзтве, бо ўсё грамадзтва паўстала супраць гвалту. Людзі кажуць, што «не» значыць «не».

Наша грамадзтва цяпер дэманструе тое, што гісторыя фэмінізму напрацавала, — як адказваць на гвалт, як быць адчувальнай, як абʼядноўвацца, што такое сястрынства. Мы цудоўна разумеем, што з гэтага не вынікае, што потым жанчыны будуць разглядацца як роўныя, калі ўзьнікне пытаньне пра заняцьце палітычных пазыцый. За гэта трэба будзе змагацца. Але мы падкрэсьліваем, што гэты дыскурс пранізвае ўсё грамадзтва.

Сьвятлана Гатальская: Я адна з заснавальніц ініцыятывы «Маршыруй, дзетка». Ты так называеш ініцыятыву і вельмі чакаеш, калі адбудзецца жаночы марш, на якім ты выкажаш нязгоду з рашэньнем уладаў у справе хатняга гвалту, і вось аказваецца, што гэта ўсё няважна. Наша ініцыятыва цяпер не працуе на тую першую мэту — закон аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, але менавіта цяпер фэмінісцкая ідэя пранізвае ўсё беларускае грамадзтва. Я бачу зараджэньне фэмінісцкіх каштоўнасьцяў ва ўсіх маршах, калі жанчыны не баяцца выказвацца, не баяцца трапіць у турму за гэта.

Улады сваімі брутальнымі дзеяньнямі яднаюць ня толькі жанчын, але і ўсё беларускае грамадзтва. Я б ніколі не сустрэлася са столькімі спартоўкамі, цудоўнымі пэнсіянэркамі, актывісткамі дваровых ініцыятываў... Дзякуючы таму, што я трапіла за краты, у мяне ёсьць вялізарная выбарка мэтавай аўдыторыі, новых жанчын, сябровак, каляжанак. Жахлівы досьвед прынёс нешта добрае, узмацніў і мяне ў тым ліку, і кожную жанчыну, якая была за кратамі.

Юлія Міцкевіч: Важна гаварыць пра палітычны пратэст жанчын. Я маю сваю вэрсію, чаму стала больш гвалту супраць жанчын, калі ім пачалі даваць суткі, калі пачалі брутальна затрымліваць. Гэта зьвязана з тым, што жанчыны перасталі проста стаяць з кветкамі ў прыгожым адзеньні. Улада адчула, што яны сталі палітычным субʼектам. На нядзельных маршах была фэм-калёна, былі фэмінісцкія плякаты з палітычнымі патрабаваньнямі. Улада хоча нас пакараць, а мы становімся ня проста жанчынамі, якіх затрымалі, а жаночай сеткай, сеткай актывістак.

Важна, каб жанчыны ўсьведамлялі, што тое, што яны робяць, — гэта палітычная дзейнасьць. Гэты парадак дня трэба прасоўваць. Менавіта таму мы прапанавалі Сьвятлане Ціханоўскай стварыць пасаду дарадцы па гендэрнай палітыцы, гендэрных пытаньнях, і будзем трымаць руку на пульсе. У нас у камэры была жанчына, якая казала, што ўсё роўна палітыкай павінны займацца мужчыны, бо яны мацнейшыя, а жанчыны — гэта пра іншае, кухню, дзяцей. Мы кажам ёй у адзін голас: вы ж тут седзіце, жанчына, палітычная зьняволеная. Яна была зьдзіўленая: мяне ж не за палітыку ўзялі, а за ўдзел у маршы. У нас многія жанчыны выходзяць на вуліцу і лічаць, што яны ня ўдзельнічаюць у палітыцы. Гендэрная адукацыя правісае, і мы гэтым будзем займацца. А фэмінісцкі кантэкст сапраўды прысутнічае ня толькі на жаночых маршах, але і ў цэлым у грамадзтве. Важна гэта ня страціць, а толькі ўзмацняць, што мы і будзем рабіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG