Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патаптаўся б амапавец па фатаздымку сваёй маці


У дзеяньнях сілавікоў зьявілася новае: затрыманых прымушаюць ісьці па бел-чырвона-белых сьцягах.

Раней амапаўцы дэманстратыўна выціралі аб нацыянальны сьцяг ногі — цяпер яго кладуць на парог аўтазакаў, каб па ім ішлі затрыманыя.

У Жодзіне «на ўваходзе ў турэмны корпус, як і ў аўтазаку, ляжаў бел-чырвона-белы сьцяг. Адна жанчына старалася не наступаць на сьцяг — за гэта яе ўдарылі дручком» — расказвае мэдык Ірына Маркелава.

(Не кажу ўжо пра тое, што ў перадачах БТ сьцяг фігуруе як сьведчаньне парушэньня закону. Пры тым, што ён не забаронены ніякім законам).

Вядома, у такім пачварным зьдзеку можна ўбачыць і ўспрыманьне сьцягу як сымбаля пратэсту, бо менавіта пад ім працягваюцца масавыя выступы.

Аднак, здаецца, тут нешта глыбейшае.

Зь бел-чырвона-белым сьцягам зьвязаныя, сярод іншага, дзьве найважнейшыя падзеі беларускай гісторыі — абвяшчэньне і аднаўленьне незалежнасьці 25 сакавіка 1918-га і 25 жніўня 1991-га. Гэта найвышэйшыя дзяржаўныя дасягненьні нацыі, і яны робяць сьцяг сапраўдным нацыянальным сымбалем.

З 1991-га па 1995 год бел-чырвона-белы сьцяг афіцыйна быў сымбалем дзяржаўным, і ўжо адно гэта павінна было б выклікаць у цяперашніх уладаў калі не павагу, дык спакойнае стаўленьне. Дадам, што мне невядома ніводнага выпадку, калі б у 1991-1995 хтосьці з ідэйных, перакананых праціўнікаў камунізму і СССР зьневажаў сьцягі СССР ці БССР, якія ўжо страцілі стасус дзяржаўных.

Часам пішуць, што рэфэрэндум 1995 году быў праведзены Лукашэнкам у жаданьні выпрасіць у Ельцына танныя цэны на нафту і на газ. Сумняваюся. Крэмль меў добрыя стасункі зь некаторымі былымі савецкімі рэспублікамі, якія не вярталіся да савецкай сымболікі і нечага падобнага ад іх ніколі не патрабаваў. Ельцын увогуле ня быў прыхільнікам савецкіх сымбаляў (вядомая ягоная адмоўная рэакцыя на вяртаньне СССРаўскага гімну), іншая справа — афіцэры з Лубянкі, якія ўжо падбіраліся да расейскага трона.

Але, думаю, галоўнай прычынай замены бел-чырвона-белага сьцягу і «Пагоні» на мадыфікаваныя БССРаўскі сымбалі было імкненьне зьняважыць і зьнішчыць нешта вельмі патаемнае ў нацыянальных пачуцьцях — найперш сярод тых, хто быў у авангардзе нацыянальнага Адраджэньня.

Гэта тыя самыя пачуцьці, зьдзек зь якіх можа прымусіць чалавека ісьці на крайнія крокі.

Ва ўсякім разе, дэпутаты, якія за бел-чырвона-белы сьцяг, «Пагоню» і беларускую мову ў красавіку 95-га абвясьцілі галадоўку, у адказ на пытаньне, ці гатовыя яны былі тады ісьці на сьмерць, адказваюць, што так, гатовыя.

У наступныя гады сотні беларусаў уздымалі бел-чырвона-белы сьцяг, усьведамляючы, што будуць за гэта пабітыя ці асуджаныя.

Мой знаёмы грузін неяк сказаў мне, што калі б у Тбілісі нехта публічна зьняважыў нацыянальны сьцяг (між іншым, ён таксама белага і чырвонага колераў), дык быў бы ўзяты пад ахову яшчэ да суду, бо інакш зь ім магло здарыцца нешта нядобрае.

Напэўна, у кожнай нацыі — свой «парог трываньня». Але тое, што зьнявага сілавікамі бел-чырвона-белага сьцяга набліжае беларусаў да гэтай мяжы, несумненна.

Ёсьць і прававы аспэкт. Зьдзек з нацыянальнага сымбаля цалкам можа кваліфікавацца як распальваньне варожасьці паводле нацыянальнай прыкметы.

А гэта артыкул 130 Крымінальнага кодэксу з пакараньнем аж да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Гэта калі сусед абразіць суседа. Але тыя ж дзеяньні, спалучаныя з прымяненьнем сілы альбо зьдзейсьненыя службовай асобай з выкарыстаньнем службовага становішча («за гэта яе ўдарылі дручком») — да дзесяці гадоў турмы.

У выпадку ж, калі будучая дэмакратычная ўлада прызнае вынікі рэфэрэндуму 1995 году нелегітымнымі (пра што кажа экс-член Канстытуцыйнага Суду, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў), усё, што рабіла ўлада зь бел-чырвона-белым сьцягам апошнія чвэрць стагодзьдзя, пяройдзе ў іншую прававую плашчыню.

Магчыма, гэта тэкст прачытае нехта з супрацоўнікаў сілавых структураў, і аргумэнты наконт сумленьня, нацыянальнага гонару і нават юрыдычнай адказнасьці ім здадуцца ня вартымі ўвагі. Паводле зьвестак, яшчэ перад 8 жніўня ім быў дадзены карт-блянш — «Вам нічога ня будзе, што б вы ні зрабілі».

Падобнае ўжо было ў гісторыі. Некаторыя фюрэры і «бацькі нацыі» вызвалялі і ад «хімеры сумленьня», і ад адказнасьці. З сумленьнем потым было па-рознаму, а вось адказнасьць у выніку надыходзіла.

Ну а пакуль, жывучы ў гэтай наіўнай веры, хай амапавец уявіць, што яго прымусілі таптацца бруднымі падэшвамі па фатаздымку сваёй маці.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG