Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён беларускай рэвалюцыі. 20 высноваў


Менск, "Плошча перамен", 15 лістапада 2020

Тое, што адбываецца ў Беларусі апошнімі месяцамі, называюць па-рознаму: «беларуская рэвалюцыя», «беларуская вясна», «палітычны крызіс». Лукашэнка назваў гэта спробай перавароту, мяцяжу. У нейкія моманты падзеі ў Беларусі былі галоўнымі навінамі ў сьвеце.

Сёньня можна адназначна казаць, што беларуская рэвалюцыя ўжо ўвайшла ў гісторыю і зробіць вялікі ўплыў на далейшае разьвіцьцё краіны. Урэшце, рэвалюцыі не праходзяць бясьсьледна.

Сьцісла:

  • Беларуская сацыяльная мадэль вычарпала свой рэсурс, стала тормазам разьвіцьця краіны.
  • Вынікам апошніх падзей стала дэсакралізацыя ўлады як такой. Цяпер ад дзяржавы паходзіць небясьпека для соцыюму.
  • Беларуская рэвалюцыя, як і ўкраінская 2014 году, стала рэвалюцыяй годнасьці. За некалькі месяцаў адбылася паскораная сацыялізацыя грамадзтва. Абываталі раптам ператварыліся ў грамадзян. Народ стаў палітычным суб’ектам.
  • За апошнія месяцы ў Беларусі сфармавалася грамадзянская супольнасьць. Адбыўся завяршальны працэс станаўленьня беларускай нацыі.
  • У супрацьстаяньні рэвалюцыі здарыўся дэфолт дзяржаўных функцый
  • Эвалюцыя рэжыму адбываецца ў кірунку мілітарызацыі.
  • Беларускае грамадзтва атрымала цяжкую псыхалягічную траўму. З посттраўматычным сындромам яму давядзецца жыць бліжэйшыя гады.

Прапаную 20 важных высноваў з нагоды 100 дзён рэвалюцыі.

1. Галоўная прычына рэвалюцыйнага выбуху палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль, створаная Аляксандрам Лукашэнкам чвэрць стагодзьдзя таму, вычарпала свой рэсурс, стала тормазам разьвіцьця. Грамадзтва перарасло дзяржаву, яму стала цесна ў яе рамках. Гэты канфлікт ня можа вырашыцца да той пары, пакуль адно ня стане адпавядаць другому.

2. Беларуская мадэль грунтавалася не на даверы грамадзтва да палітычных інстытутаў, а на даверы да асобы Лукашэнкі. Легітымнасьць рэжыму шмат у чым трымалася на асабістай харызьме кіраўніка дзяржавы. І крызіс даверу да яго выліўся ў востры палітычны крызіс.

3. Вынікам апошніх падзей стала дэсакралізацыя ўлады як такой. У Беларусі дасюль дзяржаўныя інстытуты былі адзінай скрэпай, якая аб’ядноўвала беларусаў у агульны соцыюм. Іншых мэханізмаў — кшталту нацыі, грамадзянскай супольнасьці — не было. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадзтва, па сутнасьці, абвясьцілі грамадзянскую вайну большасьці сваіх грамадзян. Цяпер ад дзяржавы паходзіць небясьпека для соцыюму.

4. Беларуская вясна — гэта рэвалюцыя росту чаканьняў. Апошнія 10 гадоў сярэдні заробак у Беларусі рэальна зьменшыўся. Лукашэнка стаў для большасьці беларусаў сымбалем застою і безнадзейнасьці.

5. Улада страціла маральны аўтарытэт. Падзеі апошніх 100 дзён разбурылі ілюзіі большасьці насельніцтва адносна таго, што такое насамрэч лукашэнкаўская дзяржава. Цяпер для беларусаў улада несправядлівая, амаральная. Таму беларуская рэвалюцыя, як і ўкраінская 2014 году, стала рэвалюцыяй годнасьці.

6. Улады страцілі манаполію на інфармацыю, зьяўленьне новых мэдыя, сацыяльных плятформаў, разбурылі старую сыстэму камунікацый існага рэжыму з грамадзтвам. І гэта стала важным чыньнікам грамадзкага пад’ёму.

7. Лукашэнка пераацаніў фактар сілы дзяржаўнай машыны. Адзіным адказам на новыя выклікі сталі палітычныя рэпрэсіі. Улады вырашылі, што легітымнасьць рэжыму можна забясьпечыць з дапамогай выключна грубай сілы. Што найбольш характарызуе іх няздольнасьць адаптавацца да новай рэальнасьці.

8. Адбылося разбурэньне мадэлі карпаратыўнай дзяржавы. У момант крызісу ўся старанна збудаваная сыстэма прадзяржаўных «грамадзкіх» арганізацый пасыпалася. Вы што-небудзь чулі пра ролю БРСМ, «Белай Русі» падчас гэтых падзей? На дзяржпрадпрыемствах шмат людзей павыходзілі з ФПБ. Ненадзейнай аказаліся царква. Галоўным абаронцам рэжыму выступае АМАП.

9. За некалькі месяцаў адбылася паскораная сацыялізацыя грамадзтва. Абываталі раптам ператварыліся ў грамадзян. Народ стаў палітычным суб’ектам, чаго ніяк ня хоча прызнаваць рэжым.

10. За апошнія месяцы ў Беларусі сфармавалася грамадзянская супольнасьць. Запрацавалі гарызантальныя сувязі. Створаная вялікая інфраструктура грамадзкага руху, якая ўключае ў сябе супольнасьці дамоў, мікрараёнаў, адпаведныя чаты для іх камунікацый.

11. Адбыўся завяршальны працэс станаўленьня беларускай нацыі. Звычайна нацыя фармуецца ў змаганьні з вонкавым ворагам ці апанэнтам (імпэрыя, мэтраполія). У беларускім выпадку дафармаваньне нацыі адбылося ў выніку барацьбы з кіроўным рэжымам. Гэта яшчэ адзін з парадоксаў беларускай рэвалюцыі.

12. Аднак пратэставы настрой грамадзтва, «паўстаньне масаў», не ператварыўся ў «крызіс вярхоў», не прывёў да расколу элітаў. А такі раскол, па ўсіх тэорыях, — неабходная ўмова для перамогі рэвалюцыі. Разьлік на тое, што пад маральна-псыхалягічным ціскам народу дзяржаўны апарат пачне развальвацца ці пераходзіць на другі бок барыкад, не апраўдаўся. Бо ў Беларусі аўтарытарны рэжым моцны і кансалідаваны. Ніводзін дзяржаўны інстытут не выбіраецца народам, не кантралюецца народам. Усе яны абсалютна стэрыльныя ад іншадумства. Ніякіх пунктаў апоры для апанэнтаў рэжыму ў дзяржапараце не існуе. Існуе жорсткая вэртыкаль улады, якую фармуе зьверху пэрсанальна Лукашэнка. Дзяржаўны апарат ніяк не залежыць ад народу, таму і не рэагуе на яго патрабаваньні, а захоўвае ляяльнасьць таму, кім ён створаны.

13. У супрацьстаяньні рэвалюцыі адбыўся дэфолт дзяржаўных функцый — дзяржаўныя інстытуты перасталі выконваць свае абавязкі. Фактычна зьнішчаецца зьнешняя палітыка Беларусі, краіна страчвае міжнародную суб’ектнасьць. Канчаткова разбурана прававая сыстэма, інстытуты правасудзьдзя, без чаго існаваньне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы немагчымае. Ніякія законы цяпер у Беларусі ня дзейнічаюць.

У краіне пасьлядоўна зьнішчаюцца структуры бізнэсу, культуры (Купалаўскі тэатар), спорту, падазраваныя ў неляяльнасьці да кіроўнага рэжыму.

То бок адбываецца самапазбаўленьне дзяржавы ад сваіх функцый, застаюцца толькі тыя зь іх, якія забясьпечваюць захаваньне ўлады. Дзяржаўныя інстытуты, закліканыя задавальняць патрэбы грамадзтва, на вачах пераарыентуюцца на самаабслугоўваньне, абарону ўласных інтарэсаў ад прэтэнзій з боку грамадзтва. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.

14. Лукашэнка, які чвэрць стагодзьдзя быў гарантам стабільнасьці, цяпер парадаксальным чынам стаў галоўным чыньнікам дэстабілізацыі беларускага грамадзтва. Прычым цяпер яму ня важна, у якім вобразе ён увойдзе ў беларускую гісторыю. Прага ўлады і помсты ўсім, хто ёй пагражае, зацямніла ўсё. Дзеля ўтрыманьня ўлады ён гатовы пакінуць выпаленую зямлю, руіны.

15. Дасюль Лукашэнка праз голаў усіх дзяржаўных інстытутаў, намэнклятуры апэляваў да народу, на падставе народнай падтрымкі трымаўся ягоны рэжым аднаасобнай улады. Цяпер, калі грамадзкая падтрымка зьнікла, ён вымушаны абапірацца на дзяржаўны апарат. Гэта значыць, што роля, палітычная вага намэнклятуры ўзрастае. Невыпадкова Лукашэнка нават дэманструе жаданьне дзяліцца ўладай з чыноўнікамі.

16. Эвалюцыя рэжыму адбываецца ў кірунку мілітарызацыі. Сілавікі сталі дзяржаваўтваральным элемэнтам лукашэнкаўскай сыстэмы. І яны будуць прэтэндаваць на сваю долю ўлады.

17. Сто дзён краіна жыве ў стане грамадзянскай вайны. Гэтая вайна ўжо не халодная. Ёсьць забітыя, сотні зьбітых і пакалечаных, каля 25 тысяч затрыманых. Такога ўзроўню палітычнага тэрору Беларусь ня ведала з часоў нацыстоўскай акупацыі. Беларусь перажывае гуманітарную катастрофу.

18. Беларускае грамадзтва атрымала цяжкую псыхалягічную траўму. Мы маем траўмаваны соцыюм. З посттраўматычным сындромам яму давядзецца жыць бліжэйшыя гады.

19. Беларусь уступіла ў пэрыяд пэрманэнтнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які сілавым шляхам ня вырашыцца. Для палітызаванага грамадзтва, якое прыйшло ў рух, напрыклад, любая электаральная кампанія нясе ў сабе пагрозу новага выбуху. Цяпер ужо праводзіць выбары ў краіне так, як раней, уладам ня ўдасца. А наперадзе хутка мясцовыя выбары, плянаваны рэфэрэндум аб новай Канстытуцыі.

20. Вельмі цікавую і слушную ацэнку беларускай рэвалюцыі даў вядомы брытанскі палітоляг Эдвард Лукас: «Цяперашнія падзеі — гэта рух наўздагон. Вы даганяеце цягнік, які прапусьцілі ў 1990-я. Гэта, так бы мовіць, апошняе рэха рэвалюцыяў 1989–1991 гадоў, якія пакончылі з камуністычнай уладай».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG