Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасьля Лукашэнкі ў Беларусі больш не павінна быць прэзыдэнтаў», — юрыст Міхаіл Пастухоў


Доктар юрыдычных навук і былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі ў інтэрвію «Свабодзе» тлумачыць, хто зьяўляецца легітымным кіраўніком Беларусі, як легальна можна ажыцьцявіць транзыт улады ў Беларусі і якой, на яго думку, павінна быць новая Канстытуцыя Беларусі.

Доктар юрыдычных навук і былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў у інтэрвію Свабодзе тлумачыць, хто зьяўляецца легітымным кіраўніком Беларусі, як легальна можна ажыцьцявіць транзыт улады і якой, на яго думку, павінна быць новая Канстытуцыя Беларусі.

Хто Лукашэнка для дзяржаўнай сыстэмы і беларусаў

  • Калі зыходзіць з таго, што тэрмін паўнамоцтваў прэзыдэнта скончыўся 6 лістапада, і калі не прызнаваць вынікі мінулых выбараў, то фактычна Лукашэнка перастаў быць кіраўніком дзяржавы.
  • Згодна з рэфэрэндумам 1996 году Лукашэнка заняў сваю пасаду без усялякіх выбараў, насуперак рашэньню Канстытуцыйнага суду 4 лістапада 1996 году. Гэта дае падставу меркаваць, што ягоныя паўнамоцтвы скончыліся і раней, менавіта пасьля таго рэфэрэндуму.
  • Краіна застаецца безь легітымнага прэзыдэнта. Ён утрымлівае ўладу, кіруе краінай, але легітымнасьць скончылася.

Хто легітымны кіраўнік Беларусі

  • Калі зыходзіць з Канстытуцыі 1996 году, то паўнамоцтвы прэзыдэнта павінны перайсьці прэм’ер-міністру, які будзе кіраваць краінай да новых прэзыдэнцкіх выбараў. Але Раман Галоўчанка ніякіх ініцыятываў не праявіў.
  • Лукашэнка — фактычны кіраўнік дзяржавы, і з гэтага факту трэба зыходзіць далей.

Як легальна выйсьці з прававога дэфолту ў Беларусі

  • У краіне павінен адбыцца агульнанацыянальны дыялёг паміж палітычнымі сіламі — уладай і апазыцыяй на чале са Сьвятланай Ціханоўскай. Інакш будзе працягвацца грамадзянская вайна ўлады і народу, які больш ня хоча мірыцца з тым, што краінай кіруе Лукашэнка. Другі варыянт пакуль відавочны.
  • Міжнародная супольнасьць і апазыцыя павінны рабіць усё, каб пачаўся дыялёг, пад эгідай Нармандзкай чацьвёркі (ЗША, Расеі, Нямеччыны і Францыі) і абавязкова на пляцоўцы АБСЭ, якая лічыцца асноўным перамоўцам у такіх канфліктных сытуацыях.

Ці можна лічыць дыялёгам канстытуцыйную рэформу

  • Гэта павінен быць рэальны дыялёг, дзе бакі роўныя, дзе ёсьць гарантыі, дзе можна мець парадак дня, пачаць дыялёг па рэглямэнце, прыняць рашэньні, якія будуць мець для бакоў сілу. Лукашэнка павінен саступіць паўнамоцтвы прэм’ер-міністру, тады б дыялёг быў рэальны і раўнапраўны.
  • Улада намагаецца ўнесьці праўкі ў Канстытуцыю, скараціць паўнамоцтвы прэзыдэнта на 70–80%. Але гэта не прынцыпова. Яны хочуць, каб улада і так засталася ў руках дзейнага кіраўніка дзяржавы. Гэта ніяк ня зьменіць сытуацыю і ня будзе выхадам з крызісу. Нават Расея настойвае на тым, каб гэта быў рэальны дыялёг і дыскусія.

Што павінна адбыцца ў ідэале

  • Цяпер гаворка можа ісьці толькі пра тое, каб улады прызначылі новыя прэзыдэнцкія выбары.
  • Каб правесьці новыя і справядлівыя выбары, неабходна вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, якая можа аднавіць легітымную сыстэму органаў улады. Галоўным сярод гэтых органаў мае быць парлямэнт — Вярхоўны Савет, адзіны заканадаўчы орган улады Беларусі.
  • Вярнуць Канстытуцыю можа народны форум, які павінен разьвязаць супрацьстаяньне ўлады і народу.

Як варта зьмяніць Канстытуцыю

  • Нельга, каб Канстытуцыя давала прэзыдэнту адзінаўладзьдзе. Увогуле, варта задумацца, ці патрэбная такая пасада.
  • Трэба задумацца пра гарантыю правоў і свабодаў грамадзян, каб суды іх абаранялі. Каб была іншая сыстэма праваахоўных органаў. Каб парлямэнт быў рэальны, каб было адноўлена мясцовае самакіраваньне, адменена сьмяротнае пакараньне, уведзена пасада ўпаўнаважанага па правах чалавека. Трэба зрабіць выбарчую сыстэму зьмяшанай, адкрыўшы шлях палітычным партыям.

Што рабіць з пасадай прэзыдэнта

  • Я за ідэю Беларусі без прэзыдэнта. Гэтая пасада прывяла да вельмі сумных наступстваў. Пасаду гэтую варта адмяніць. Хаця б гадоў 10 пажыць без прэзыдэнта. Найлепшыя лекі ад дыктатуры — скасаваньне пасады прэзыдэнта.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG