Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта помста. Але нашую пазыцыю не зьмяніць». Як Новая Баравая перажыла 3 дні без вады


Вада ў Новай Баравой зьявілася а 4-й раніцы 18 лістапада. Як заяўляюць чыноўнікі, невядомыя наўмысна пашкодзілі вэнтыль раніцай 15 лістапада. У выніку трое сутак 10-тысячны раён Менску быў без вады. Аднак люк з вэнтылем цалкам даступны і цяпер.

Што наконт гэтага думаюць жыхары і кіруючая кампанія «А-100 Камфорт»?

Люк з вэнтылем, якім можна «адрубіць» ваду, цалкам даступны і цяпер

Памочнік прэзыдэнта па Менску генэрал-лейтэнант міліцыі Аляксандар Барсукоў у эфіры Беларускага тэлебачаньня назваў прычыну адсутнасьці вады — «незаконнае пранікненьне да абсталяваньня і наўмыснае яго пашкоджаньне».

Аднак рамонтнікаў «Менскводаканалу» заўважылі ў Новай Баравой толькі ў сярэдзіне дня ў аўторак, 17 лістапада. Яны абсьледавалі два люкі з засаўкамі, працягнулі доўгія шлянгі і заявілі падвечар, што няспраўнасьць ліквідаваная, ідзе прамываньне сыстэмы і аналіз проб вады. Прыкладна а трэцяй ночы супрацоўнікі «Менскводаканалу» адкрылі вэнтыль, што за люкам паміж вуліцамі Нябеснай і Гінтаўта, і праз гадзіну водазабесьпячэньне вялікага мікрараёна аднавілася.

Той самы люк
Той самы люк

Але складаецца ўражаньне, што гэты люк адкрыць можа кожны ахвотны. Ён не завараны, відэаназіраньня тут няма, людзей па дарозе ад Новай Баравой да вуліцы Гінтаўта няшмат, грамадзкі транспарт тут ня ходзіць — месца малалюднае.

«А-100 Камфорт»: «Гэта пытаньне да „Менскводаканалу“ — як яны будуць прадухіляць такія сытуацыі»

Намесьніца дырэктара па эксплюатацыі нерухомасьці абслуговай кампаніі «А-100 Камфорт» Надзея Трафімава таксама занепакоеная тым, што люк з вэнтылем, якім можна «адрэзаць» ад водазабесьпячэньня цэлы мікрараён, дагэтуль абсалютна даступны.

Трафімава сьцьвярджае, што па ўсёй Новай Баравой ёсьць відэаназіраньне, але гэты люк — не на тэрыторыі мікрараёну.

«Праглядаецца ўсё, аж да трансфарматарных падстанцый. У Новай Баравой паўсюль усталяваныя відэакамэры, і незаўважна пранікнуць на тэрыторыю мікрараёну немагчыма.

А люк, у якім адбылася гэта нашумелая гісторыя з засаўкай, знаходзіцца не на нашай тэрыторыі, а бліжэй да Ўручча-6. Там камэр няма. Мы абураныя ня менш за жыхароў тым, што трое сутак не было вады. Але кіраваць працэсам мы не маглі. Тэлефанавалі ва ўсе магчымыя інстанцыі, дамагаліся, білі трывогу — прыклалі максымум намаганьняў, аднак праўда паўплываць на сытуацыю не маглі.

Таварыства ўласьнікаў адвезла лісты ў „Менскводаканал“, але дамоўных адносінаў зь „Менскводаканалам“ у нас няма, мы проста абслуговая арганізацыя.

Гэта пытаньне да „Менскводаканалу“, як яны будуць прадухіляць такія сытуацыі», — кажа Надзея Трафімава.

Яна выказвае падзяку ўсім неабыякавым людзям.

«Менск у гэтыя дні быў чарговым разам неверагодны! Мы вельмі рады, што людзі так аб’ядналіся», — дадае Натальля Трафімава.

У «Менскводаканале» не ўдалося атрымаць камэнтар, як далей будзе ахоўвацца абсталяваньне, ад якога залежыць водазабесьпячэньне цэлага мікрараёну.

«Неабходна закрыць доступ да люка, а не пакідаць так, як цяпер»

Жыхары Новай Баравой выказваюць аднадушнае меркаваньне: водазабесьпячэньне ў раёне пашкоджана наўмысна — гэта помста за актыўную грамадзянскую пазыцыю.

Натальлю сустрэлі па дарозе ў Новую Баравую — якраз насупраць люка, дзе вэнтыль. Даведаўшыся, што тут той самы вэнтыль, з прычыны якога жыхары Новай Баравой трое сутак былі без вады, абураецца.

Натальля
Натальля

«Гэта ненармальна. Хто ведае, што трэба адкруціць, — лёгка залезе ў гэты люк і лёгка пашкодзіць зноў. Калі „Менскводаканал“ сьцьвярджае, што тут дарагія дэталі і каштоўнае абсталяваньне, неабходна закрыць доступ да люка, а не пакідаць так, як цяпер — любы чалавек можа падняць накрыўку і паламаць абсталяваньне.

А міліцыянты і АМАП, замест таго каб хадзіць у такой вялікай колькасьці па Новай Баравой і здымаць сьцягі і стужкі, лепш бы ахоўвалі жыцьцёва важныя аб’екты.

Ну і наагул, трое сутак рамантаваць адзін вэнтыль — гэта нерэальна. Канечне, гэта зроблена невыпадкова, гэта зьвязана з нашай палітычнай пазыцыяй. Гэта такая нізкая, мярзотная помста за актыўную пазыцыю жыхароў Новай Баравой», — перакананая Натальля.

«Трое сутак не маглі ліквідаваць няспраўнасьць — гэта сьмешна»

Маладая маці Надзея кажа, што ваду далі а 4-й раніцы — у яе малое дзіця, уначы часта прачынаецца, таму час запомніла дакладна.

«Новая Баравая — раён зь вельмі вялікай колькасьцю малых дзетак, і мамы проста былі ў разгубленасьці, людзі зьяжджалі да бацькоў, сяброў.

У мяне немаўлятка трохмесячнае, яно на зьмяшаным выкормліваньні, я не магла прыгатаваць ежу нармальна, каб што памыць, ужо і не кажу. Мяне ратавалі сябры, незнаёмыя людзі, якія прыносілі ваду ў кватэру.

Раней максымальна адключалі толькі гарачую ваду на 3 дні — летам, калі ішлі прафіляктычныя працы. Не працавалі школа і два дзіцячыя садкі, бацькі вымушаныя сядзець дома, не ісьці на працу.

Трое сутак не маглі ліквідаваць няспраўнасьць — гэта недапушчальна. Нават сьмешна — павінны былі кінуць максымальныя сілы для рамонту, але, мабыць, сілы не туды ішлі. Аўтацыстэрны зьявіліся толькі ў панядзелак — я сама тэлефанавала на гарачую лінію нават Адміністрацыі прэзыдэнта», — абураецца Надзея.

Надзея
Надзея

Але дапамога, салідарнасьць была незвычайная, адзначае жанчына. Людзі прывезьлі столькі вады, што яна дагэтуль стаіць яшчэ каля пад’ездаў. Жыхары Новай Баравой вырашылі неадкрытыя бутлі захаваць.

«Зноў у сацыяльных сетках пішуць, што ў некаторых раёнах таксама праблемы з вадой. Так што цяпер мы будзем ім дапамагаць.

Учора была такая атмасфэрная абстаноўка, гэта фантастыка! Везьлі з усіх раёнаў, падпісвалі ваду — ад каго падарунак. Валянтэры разносілі бутлі да пад’ездаў. Везьлі ўчора і абагравальнікі, коўдры, пачуўшы аб праблемах з ацяпленьнем. Нашы людзі незвычайныя!» — не хавае эмоцый Надзея.

«У „Каскадзе“ выломвалі дзьверы. Новай Баравой вырашылі адпомсьціць такім жахлівым чынам»

У Тацяны двое дзетак, малодшы сын — немаўлятка. Кажа, што без вады было цяжкавата, але неяк перажылі — дзякуючы валянтэрам, якія падвозілі ваду да пад’ездаў.

«Я ня верыла да апошняга, што гэта зрабілі наўмысна. Але калі тры дні не маглі адрамантаваць абсталяваньне — нават не сумняюся, што нам проста адпомсьцілі. Новая Баравая — раён, які заўсёды адстойваў сваю пазыцыю, тут не баяліся і вывешвалі сьцягі, стужкі.

Першая асоба дзяржавы казала, што з гэтымі „буржуйскімі“ раёнамі трэба разабрацца. У „Каскадзе“ выломвалі дзьверы. Новай Баравой вырашылі адпомсьціць такім жахлівым чынам.

Але ў мяне сьлёзы наварочваюцца, як людзі з усяго гораду вазілі ваду, абагравальнікі, запрашалі да сябе — салідарнасьць, падтрымка неверагодныя!» — кажа Тацяна.

Тацяна зь дзецьмі
Тацяна зь дзецьмі

«Тут жа не Зымбабвэ, а цэнтар Эўропы. Каб тры дні не было вады — і гэта ў ІТ-краіне!»

Прадпрымальнік Пётар абураны тым, што адключэньне вады на трое сутак магло здарыцца ў сталіцы дзяржавы.

«Гэта абуральна, што такое робіцца ў сталіцы, нават не ў аддаленай вёсцы. Тут жа не Зымбабвэ, а цэнтар Эўропы. Каб тры дні не было вады — і гэта ў ІТ-краіне!»

Пётар не сьпяшаецца даваць ацэнку таму, што адбылося. Жартуе, што нічога не разумее ў водазабесьпячэньні і каналізацыі.

«У адрозьненьне ад некаторых высокіх чыноўніц, я праўда ў гэтым не разьбіраюся. Не магу, на жаль, паправіць нават дробную паломку сантэхнікі ў кватэры.

Канечне, тут трэба быць прафэсіяналам, каб ацаніць сытуацыю і прааналізаваць прычыны. І гэта павінна вызначыць сьледзтва. Але, мне падаецца, ніхто ня будзе сур’ёзна разьбірацца. Калі здарылася аварыя летам у Фрунзэнскім раёне, вінаватых жа не знайшлі і нікога не пакаралі. Так і тут — усё спусьцяць на тармазах», — мяркуе Пётар.

Жанчына, якая шпарка праходзіць побач, таксама далучаецца да размовы.

«Я перакананая, што гэта дывэрсія — каб у выходныя ніхто нікуды не выходзіў. Гэта „бязьмежжа“ — каб у новым раёне, дзе ўсе камунікацыі, сеткі, абсталяваньне новыя, тры дні не маглі наладзіць водазабесьпячэньне. Гэта помста. Але нават такімі нізкімі прыёмамі і шантажом нашу актыўную пазыцыю яны ня зьменяць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG