Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Накрыйцеся коўдрай і зрабіце вельмі салодкую гарбату». Практычныя парады псыхоляга мірным пратэстоўцам


Турма на Акрэсьціна. Вызваленьне пратэстоўцаў. 14 жніўня. Ілюстрацыйнае фота.

Псыхоляг, коўч Максім Бодзікаў, паводле адукацыі вайсковы псыхоляг, расказвае пра тое, як змагацца з гневам і бездапаможнасьцю, калі арыштаваныя блізкія людзі, ці трэба зьвяртацца да людзей у чорным падчас мірных маршаў, чаму ня варта дэманізаваць людзей у пагонах і калі сапраўды трэба зьвяртацца па дапамогу да спэцыяліста.


Сьцісла

  • Мэта, да якой мы ўсе ідзем, значная, вялікая, і мы параўноўваем нашыя чаканьні з дасягненьнем мэты. Тут трэба па маленькіх кавалачках глядзець на дасягненьні.
  • Гэтую крызісную сытуацыю можна параўнаць з вайной, з ваеннымі дзеяньнямі.
  • Працэс дэманізацыі — псыхалягічная норма падчас любых канфліктаў, пачынаючы ад сямейных, заканчваючы канфліктамі між дзяржавамі.
  • Значная частка людзей, якія выходзяць на мірныя маршы, мае нейкае дачыненьне да войска ці міліцыі.
  • Атрымлівайце задавальненьне праз простыя рэчы — смачная кава, смачная ежа, цёплы прыемны швэдар.

Што рабіць, калі затрымалі блізкага чалавека, і як самому не зламацца

Максім Бодзікаў
Максім Бодзікаў

Трэба адрозьніваць адміністрацыйны арышт, затрыманьне ў межах крымінальнай справы ці калі пасьля выраку чалавек адбывае пакараньне. У кожным выпадку гэта розныя дзеяньні. Калі мы кажам пра кароткае зьняволеньне на 5–10 сутак, то трэба разумець, што гэта не назаўсёды, што чалавек вернецца, што яму патрэбная будзе падтрымка і што нельга казаць: навошта ты гэта рабіў, навошта туды палез.

Што тычыцца саміх блізкіх, якія чакаюць, — нельга перакладаць віну і адказнасьць на сябе. Значная частка людзей схільная да самаабвінавачваньня — калі б мы пайшлі разам, ці калі б ня так пайшоў, і гэтак далей. Трэба зразумець, што гэта асаблівасьць сыстэмы, а ня вашых дзеяньняў ці нядзеяньняў. Вы можаце нічога не рабіць, і вас схопяць. Адказнасьць — на сыстэме.

Трэба пераключацца. Шмат хто гэтага проста ня робіць, а думае ўвесь час: а як ён там? Ёсьць некалькі простых спосабаў, якія дазваляюць палегчыць посттраўматычнае стрэсавае расстройства. Калі гэта толькі адбылося, вам абавязкова павінна быць цёпла. Накідайце куртку, накрывайцеся коўдрай і рабіце сабе гарачую гарбату, абавязкова вельмі салодкую, больш салодкую, чым вы прывыклі піць. Вельмі важна трымаць кубак з гарбатай у руках, каб далоням было таксама цёпла. Пачынайце канцэнтравацца на смаку, паху, на тым, што вы можаце атрымаць праз органы пачуцьцяў.

Трэба зрабіць сьпіс з 20 рэчаў, якія вам падабаюцца, прыносяць прыемнасьць на ўзроўні адчуваньняў. Ежа, якая падабаецца, пахі, гукі, што падабаецца чуць, на што падабаецца глядзець. Зрабіце такі сьпіс і кожны дзень хаця б хвілін 15 атрымлівайце задавальненьне праз гэтыя простыя рэчы — смачная кава, смачная ежа, цёплы прыемны швэдар.

Кожны дзень рабіце пазытыўныя вынікі дня, што пазытыўнага з вамі здарылася. Яшчэ 10 чалавек далучыліся да страйку — кляс, вызвалілі кагосьці — здорава.

Калі патрэбная дапамога спэцыяліста

Калі вы самі не спраўляецеся і ваша эмацыйнае становішча не мяняецца больш як тры дні, вы ня можаце ні пра што іншае думаць, а сытуацыя пры гэтым нейкім чынам мяняецца. Калі нехта загінуў ці ваш блізкі ў шпіталі на мяжы жыцьця і сьмерці, быць у такім стане 3, 5, 7 дзён — гэта нармальна. Але калі вонкава ўсё больш-менш нармальна, і гэта працягваецца 3–5 дзён, можна зьвяртацца да спэцыяліста.

Калі самастойна не ўдаецца справіцца, адцягнуць увагу, пераключыцца на іншыя рэчы, калі вы ня можаце спаць зусім, калі мяняюцца харчовыя звычкі, ня можаце есьці ці, наадварот, ня можаце перастаць есьці, і гэта доўжыцца больш за 5 дзён, трэба зьвяртацца па дапамогу да спэцыяліста.

Як ня ўпасьці ў адчай, дэпрэсію, калі пасьля чарговага разгону мірнага маршу падаецца, што перамога нерэальная

Трэба адрозьніваць, ці кароценькі гэта эпізод, калі нашы эмоцыі пайшлі на спад, ці гэта больш трывалы эмацыйны стан, больш падобны да дэпрэсіі. Калі казаць пра хістаньні ў межах дня, то гэта абсалютна нармальна, бо мы не жывём увесь час на ўздыме. Калі думкі пачынаюць набываць сталы характар і ўплываюць на эмацыйны стан, ёсьць дзейсная парада.

Трэба вылучыць ад 5 да 10 невялічкіх дасягненьняў у межах дня ці месяца, ці ад пачатку гэтых падзеяў. Мэта, да якой мы ўсе ідзем, значная, вялікая, і мы параўноўваем нашыя чаканьні з дасягненьнем мэты. Гэта як гісторыя пра тое, як зьесьці слана — па маленькіх кавалачках. Тут таксама трэба па маленькіх кавалачках глядзець на дасягненьні, якія ёсьць.

Што рабіць пасьля разгону? Калі вас не схапілі, то гэта першае дасягненьне, што вы ня трапілі за краты. Агульныя для краіны дасягненьні даўно агучаныя — паглядзіце, колькі зрабілі, ёсьць разуменьне, што гэтая ўлада не пратрымаецца пяць гадоў, што гэтыя выбары не прызнала ўся цывілізаваная супольнасьць, што ёсьць салідарнасьць спартоўцаў, мэдыкаў, навукоўцаў і гэтак далей. Але калі мы кажам пра ўласныя эмоцыі, то тут патрэбны ўласны досьвед, кшталту — пазаўчора мне было страшна выходзіць, а сёньня ня страшна, ці ўдалося пагаварыць зь некім з родных і блізкіх, і яны мяне падтрымліваюць, ці я знайшоў яшчэ аднадумцаў.

Чаму адбываецца пэўная адаптацыя, прыняцьце магчымага арышту

Гэтую крызісную сытуацыю можна параўнаць з вайной, з ваеннымі дзеяньнямі. Мая першая адукацыя — вайсковы псыхоляг, я вучыўся быць псыхолягам ва Ўзброеных сілах. Ёсьць адаптацыя. Першы пэрыяд вельмі цяжка перажываць, гэта моцныя эмоцыі і пачуцьці, але чым больш мы ў гэтай сытуацыі знаходзімся, тым больш адбываецца прывыканьне, і тыя рэчы, якія ўспрымаліся як нешта немагчымае, тое ж затрыманьне, чаго мы вельмі баяліся на пачатку жніўня, сёньня ўспрымаюцца большай часткай людзей як акалічнасьці, якія маюць быць. Канечне, не хацелася б, але калі яны адбудуцца, то мы да гэтага падрыхтаваныя.

Як зьвяртацца да «людзей у чорным»

Кал напачатку на маршах крычалі «Міліцыя з народам», «Што вы робіце», людзі недастаткова ўяўлялі, што адбываецца, яны мелі ілюзіі, што супрацоўнікі сілавых ведамстваў ня вельмі разумеюць, што робяць. Гэта былі спробы, каб яны паглядзелі зь іншага боку, што мы нармальныя людзі, не экстрэмісты, ня тыя, каму плацяць. Гэта было збольшага надзеяй, што ня ўсе ўсё разумеюць. Сёньня ўсе ўсё разумеюць. Людзі занялі пэўныя пазыцыі. Можна зьвяртацца, але трэба разумець, навошта гэта рабіць.

Калі мэта — пераканаць у нечым, на мой погляд, нічога не атрымаецца, змарнуеце сілы і час. Калі казаць пра спробы ўзьдзеяньня, то сёньня яно можа быць толькі з пункту гледжаньня сілы, прычым я не кажу пра фізычную сілу, а пра сілу кшталту перакананасьці, упэўненасьці, сьмеласьці. Мы бачым ролікі, калі пяць чалавек у цывільным схапілі кагосьці і вядуць, і тут падбягае грамада, чалавек 15-20, і яго адпускаюць. Толькі такога кшталту размовы могуць быць.

Мы размаўляем на розных мовах як літаральна, так і фігуральна. З аднаго боку — гэта мова перакананьняў, маральных каштоўнасьцяў. З другога — мова ўпэўненасьці ў тым, што дзейнічаюць слушна, і магчымасьці прымяняць сілу. Гэта розныя мовы, а каб прыйсьці да нейкага выніку, трэба размаўляць на адной мове. Не зусім правільна і крыху ідэалістычна ўяўляць, што людзі, якія размаўляюць на мове сілы, раптам пяройдуць на мову маральных перакананьняў, і мы будзем размаўляць пра каштоўнасьці.

Як працуюць зь сілавікамі прафэсійныя псыхолягі і ідэолягі

Ва ўсіх ведамствах, дзе носяць пагоны, ёсьць штатныя псыхолягі і штатныя ідэолягі. На заводах ідэоляг — больш намінальная пасада, ён адказвае і за кадры, і за ўсё іншае, а ў структурах МУС, МНС, ва Ўзброеных сілах (пра КДБ ня ведаю) ёсьць штатныя псыхолягі, якія працуюць з салдатамі і афіцэрамі, і ёсьць штатныя ідэолягі. Задача іх палягае ў тым, каб асабовы склад не пагрузіўся ў дэпрэсію, каб яны маглі спраўляцца з крызісамі, у тым ліку і з маральнымі крызісамі, зьвязанымі з выбарам: «Што я зараз раблю».

У АМАПе і спэцыяльных падразьдзяленьнях, з аднаго боку, ідзе моцная падрыхтоўка, а з другога боку — ёсьць прафэсійная дэфармацыя. Як настаўнікі пасьля працы працягваюць павучаць сям’ю, сьледчыя ці судзьдзі і ў хатніх умовах працягваюць крыху з падазрэньнем ставіцца да іншых людзей, так ёсьць і прафэсійная дэфармацыя: калі надзяваеш форму, то чалавек, супраць якога ты ідзеш, аўтаматычна пачынае ўспрымацца як злачынца.

Ёсьць і накрутка. Я зусім нядаўна чытаў, што дагэтуль амапаўцы лічаць, што людзям, якія выходзяць на пратэсты, нехта плаціць, яны дагэтуль упэўненыя, што гэтыя людзі будуць пагражаць здароўю і жыцьцю іх і іхных блізкіх. Адно накладаецца на другое. Гэта складаны працэс. Пасьля таго, што адбылося і адбываецца цяпер, немагчыма прыйсьці і сказаць: «Усё ў парадку, мы з вамі, зьмяніце свой сьветапогляд». Так гэта не працуе, для гэтага патрэбна значна больш часу.

Чаму ня трэба дэманізаваць усіх сілавікоў

У грамадзтва цяпер ёсьць два полюсы. Адны падтрымліваюць тую ўладу, якая ў нас ёсьць, другія выступаюць за зьмены. Калі чалавек пачынае дапускаць у сваёй сьвядомасьці, што на другім баку таксама людзі, нармальныя людзі, людзі з маральнымі каштоўнасьцямі, становіцца значна складаней рабіць адназначныя заявы і канкрэтныя дзеяньні.

Працэс дэманізацыі — псыхалягічная норма пры любых канфліктах, пачынаючы ад сямейных, заканчваючы канфліктамі між дзяржавамі. Калі сытуацыя тым ці іншым чынам закончыцца, трэба будзе з гэтай палярызацыяй нешта рабіць. І трэба будзе рабіць неадкладныя захады ў тым выпадку, калі пратэсты перастануць быць мірнымі, бо гэта будзе пытаньне бясьпекі ці небясьпекі.

Як пазьбегнуць такой дэманізацыі? Адзін варыянт ёсьць. Калі ў вас у атачэньні будзе чалавек зь сілавых структураў ці які да іх належаў раней. Я ня проста паводле адукацыі вайсковы псыхоляг, я дзесяць гадоў у войску праслужыў. Таксама можна сказаць, што ў мінулым сілавік. Значная частка людзей, якія выходзяць на маршы, маюць нейкае дачыненьне да войска ці міліцыі. Трэба думаць, што там ёсьць людзі, якія насамрэч спачуваюць, якія выкладваюць інфармацыю з гэтых ведамстваў і нейкім чынам супрацоўнічаюць зь незалежнымі СМІ. Людзям, схільным да экспрэсіўных дзеяньняў, гэта будзе рабіць складана, бо ў іх чорнае і белае, дэманы і анёлы. А людзям, больш схільным да аналітычнай дзейнасьці, і так ня трэба гэта тлумачыць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG