Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта не палітыка, гэта барацьба дабра са злом, сьвятла зь цемрай. Раней я думаў, такога не бывае», — пісьменьнік Жвалеўскі


Падчас акцыі пратэсту ў Менску ў верасьні 2020

Пісьменьнік Андрэй Жвалеўскі, які кожны вечар у фэйсбуку падводзіць вынікі пратэставага дня ў Беларусі, заяўляе, што страху, што «ўсё закончыцца», даўно ўжо няма, і тлумачыць, на чым грунтуецца ягоны гістарычны аптымізм

  • Сьцісла:
  • Цяпер нават у самы цяжкі момант усе разумеюць, што гэта проста чарговы цяжкі момант
  • У палітолягаў часам не хапае разуменьня, што тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, — гэта не палітыка
  • Усё вельмі проста — альбо ты кат і забойца ці іх апраўдваеш, альбо ты супраць гвалту і злачынцаў
  • АМАПаўцы — гэта людзі, якіх немагчыма распрапагандаваць
Андрэй Жвалеўскі
Андрэй Жвалеўскі

— Кожны дзень у Фэйсбуку вы падводзіце вынікі дня, апісваеце галоўныя падзеі і даяце ім свае ацэнкі. Гэты жанр аказаўся вельмі папулярны, і вы зьбіраеце часам да тысячы лайкаў. Нярэдка ў вашых запісах гучыць гістарычны аптымізм — таму вас можна назваць беларускім Кацам. Ці ўжо называлі?

— Так, аналёгія з Кацам напрошваецца, але, натуральна, у нас зусім розныя задачы, формы і аўдыторыі, дый маштабы. Так атрымалася, што зь першых дзён падзеяў я і мой любімы суаўтар Яўгенія Пастарнак пачалі весьці гэтыя хронікі, асабліва не задумваючыся, навошта гэта патрэбна.

Аднак гэты фармат аказаўся вельмі запатрабаваны — па-першае, у мяне ў запісах было мала эмоцыяў, па-другое, тады на фоне адключэньняў інтэрнэту ўвогуле не хапала інфармацыі. Праз тыдзень я думаў гэта кінуць, нават напісаў адпаведны пост — але столькі людзей папрасілі мяне працягваць, што прыйшлося працягваць. І цяпер для мяне гэта вельмі важная рэч, калі цягам дня прыходзіць самая розная, часта трагічная інфармацыя — але ўвечары сядаеш, раскладаеш усё па паліцах і бачыш ужо не асобныя зарніцы, а цэлую карціну.

— Можна сказаць, што цяпер вы ўжо бачыце ў гэтым штодзённым фармаце сваю місію як пісьменьніка? Маўляў, «мы адказваем за таго, каго прыручылі». І вы цяпер у любых умовах і абставінах у канцы дня абавязаныя выдаць сваю калёнку?

— Ёсьць такое. Часам я цэлы дзень навіны не гляджу, і ўвечары ўзьнікае думка — «а можа прапусьціць?». Але не, людзі чакаюць, людзі ўжо патрабуюць. Пішуць, пытаюцца.

Але ўсё ж галоўная мэта — гэта асабістая псыхатэрапія. Калі я сам не перастравую гэтыя навіны, не раскладу іх па паліцах — мне самому кепска, я добра спаць не змагу.

— Калі пачаліся пратэсты, то ў сеціве ўзьнікла шмат мэмаў і жартаў пра беларусаў, што іхнія адчуваньні і настрой хістаюцца ў дыяпазоне ад «усё прапала» да «мы ўжо перамагаем». На якой стадыі гэтая сынусоіда ў вас цяпер?

— Павінен сказаць, што амплітуда і размах гэтай сынусоіды цяпер зьменшыліся. Першыя тыдні, калі спачатку здавалася, што «нас усіх заб’юць», а потым, што «мы амаль перамаглі» — размах быў ад мінуса да плюса значна большы. А цяпер нават у самы цяжкі момант усе разумеюць, што гэта проста чарговы цяжкі момант. Таму адчаю ўжо няма. А калі здараецца нейкая перамога — ты разумееш, што гэта проста чарговая лякальная перамога, і да агульнай перамогі яшчэ далёка.

Калі казаць пра канкрэтна сёньня — то цяпер у нас вельмі цяжкі час. Але гэта азначае, што трэба мяняць тактыку, больш арганізоўвацца, больш новых ідэяў. І такога страху, што «зараз усё скончыцца», ужо няма.

— Сёньняшнія драматычныя падзеі апісваюцца ў самых розных формах. Ёсьць халодныя схемы палітолягаў — але нават і некаторыя зь іх часам падключаюць эмоцыі. Якая форма, на вашую думку, найбольш адпавядае часу і найлепш яго апісвае?

— Па-першае, трэба сказаць, што патрэбна ўсё — і сухі аналіз, і эмацыйныя выказваньні. У палітолягаў часам не хапае разуменьня, што тое, што адбываецца цяпер у Беларусі — гэта не палітыка. Можна сказаць, што няма палітычных сілаў у гэтым процістаяньні — прынамсі, паміж імі сьцерлася і нівэлявалася ўсялякая розьніца.

Барацьба, якая цяпер адбываецца, гэта больш глыбокая гісторыя. Гэта барацьба дабра са злом, сьвятла зь цемрай. І як для пісьменьніка для мяне гэта дзіўная сытуацыя. Бо я ня верыў, што так можа быць.

Мы зь Яўгеніяй Пастарнак вялі літаратурную студыю, і я заўсёды тлумачыў дзецям, што не бывае чыста белага і чыста чорнага. У кожным чалавеку ёсьць і тое, і другое. Але цяпер ёсьць дзьве сілы, адна зь якіх — абсалютнае зло, і другая — абсалютнае дабро. І так не бывае, у маім 53-гадовым жыцьці такога не было! Таму вельмі проста выбіраць свой бок у такой сытуацыі. Усё вельмі проста — альбо ты кат і забойца ці іх апраўдваеш, альбо ты супраць гвалту і злачынцаў.

— Многія заўважаюць надзвычайную кінэматаграфічнасьць і літаратурнасьць таго, што адбываецца з намі сёньня. Шматлікія кадры адразу становяцца культавымі. Што раней зьявіцца пра беларускі 2020-ы — кнігі ці фільмы?

— Нэтфлікс ужо нібыта здымае сэрыял пра падзеі ў Беларусі. Як сцэнарыст скажу, што калі бачыш некаторыя кадры і сюжэты — АМАПаўцы, якія засланяюць сьпінаю храм, гэтыя чорныя натоўпы сілавікоў (такое адчуваньне, што чорнай формай яны адмыслова касплэяць Другую сусьветную) — візуальна гэта моцна ўражвае.

— Ваш калега і ваш выдавец Барыс Пастарнак (які працаваў з нобэлеўскімі ляўрэатамі Салжаніцыным і Алексіевіч) таксама быў затрыманы ў мінулую нядзелю і расказаў пра свае ўражаньні ў інтэрвію. Ці сказаў ён вам нешта такое, што для вас было новым?

— Барыса ўразіла, наколькі гэтыя карныя органы адчуваюць сябе камандай. Яны лічаць, што выконваюць важную функцыю, шчыра лічаць сябе героямі. Гэта людзі, якіх немагчыма распрапагандаваць. Яны шчыра лічаць, што ўся гэтая ерунда пра законы і выбары — гэта ўсё фігня. Галоўнае — усіх загнаць пад плінтус, і для гэтага ўсе сродкі добрыя. «Мы малайцы, гэтыя сукі выходзяць на вуліцы за грошы, а вось мы — за ідэю». І добрыя грошы, якія ім плацяць, гэта нават не галоўнае.

— На пачатку нашай размовы я ўзгадаў той самы гістарычны аптымізм, які прысутнічае ў многіх вашых запісах. На чым ён грунтуецца?

— Гістарычны аптымізм грунтуецца ў тым ліку на маім асабістым досьведзе. Бо напісаньне прозы, даволі доўгіх кніг — гэта працэс не аднаго месяца, часам не аднаго году. Я ведаю, як робяцца доўгія праекты, ведаю, як гэта адбываецца. Калі ёсьць першы выбух, які дае табе рух, потым табе здаецца, што пэрспэктывы няма, бо задача надта цяжкая. Але ты працягваеш працаваць, кожны дзень, пераадольваеш абставіны, і кожны дзень нешта адбываецца. Гэта доўгі працэс, і часам можа здавацца, што ён ніколі ня скончыцца.

Але ён заканчваецца — бо ёсьць унутраная перакананасьць, што тое, што ты робіш — гэта правільна. А тое, што мы робім — гэта правільна, і гэта ўсе ведаюць. Мы зараз у Беларусі пішам кнігу, калектыўную працу, дзе няма галоўнага аўтара, але ёсьць перакананасьць, што праўда за намі. І гэта зарука посьпеху. Усё астатняе — гэта тактыка, якую трэба распрацоўваць, якой трэба вучыцца. Перамога можа наступіць раней ці пазьней — але яна будзе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG