Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэй вельмі-вельмі сумуе». Пляменьніца мужчыны, які памёр пасьля затрыманьня 10 жніўня, шукае новых гаспадароў ягонаму сабаку


49-гадовага Андрэя Мішэчака затрымалі 10 жніўня на вуліцы Заслаўскай у Менску, недалёка ад стэлы. А пасьля проста выкінулі з аўтазака на кальцавой. Пра гэта распавядае ягоная пляменьніца Тацяна.

Яна разьмясьціла абвестку пра тое, што сабака Андрэя — 13-гадовы ратвэйлер Рэй — шукае новы дом.

Тацяна расказвае, што здарылася з Андрэем. 49-гадовы мужчына працаваў у аўтамабільнай майстэрні ў Менску. У пратэстах, паводле яе словаў, ня ўдзельнічаў. І ў момант затрыманьня пратэстаў у тым месцы не было.

«Дзядзьку затрымалі 10 жніўня а 15 гадзіне на вуліцы Заслаўскай, — кажа Тацьцяна. — Ён ішоў з крамы. Затрымалі, зьбілі, адвезьлі ў Кастрычніцкі РУУС. Тады яшчэ зьявілася відэа, як у дворыку РУУС ляжаць людзі на зямлі. Вось там акурат быў мой дзядзька сярод тых, хто ляжаў. Выпусьцілі яго праз суткі пасьля затрыманьня. Людзей везьлі ў Жодзіна, як я разумею. І дзядзьку проста на кальцавой выкінулі з аўтазака. Ён расказваў, што маўчаў, не абураўся. Магчыма, таму і выкінулі. А праз 10 дзён ён захварэў. Пайшоў у паліклініку, там зрабілі КТ, знайшлі пнэўманію».

Неўзабаве Андрэю стала горш, яго паклалі ў трэці шпіталь. Па словах пляменьніцы, аналізы на каранавірус спачатку былі адмоўныя. Аднак потым знайшліся антыцелы, а затым і рак. У Андрэя Мішэчака выявілі пухліну лёгкага.

«Відаць, зьбіцьцё, пераахалоджваньне, нэрвы, каранавірус — усё гэта дало сябе знаць, — мяркуе Тацьцяна. — Бо калі дзядзька паступаў у шпіталь, то на КТ нічога не было, акрамя пнэўманіі. А праз тры тыдні ўжо мэтастазы па ўсім арганізьме. Лекары сказалі, што ўжо позна штосьці рабіць. Апраменілі галаву, там таксама былі мэтастазы. Падрыхтавалі дакумэнты на выпіску, але мы не пасьпелі нават яго забраць. Машына чакала, каб адвезьці яго дадому. Але 23 кастрычніка дзядзька памёр».

Цяпер яе клопат — Рэй. Усе свае 13 гадоў Рэй жыў з Андрэем. Дзяўчына кажа, што пасьля сьмерці гаспадара Рэй моцна сумуе. Адна сям’я ўжо нават узяла была сабаку да сябе, але аказалася, што ён ня зможа зь імі жыць.

«Рэй жыве зараз тамсама, дзе раней жыў з гаспадаром, — расказвае Тацьцяна. — Гэта прыватны дом, у прыватным сэктары. Але цяпер ён адзін. Учора яго ўзяла сям’я, але яны жывуць на другім паверсе ў доме бязь ліфта. Яму цяжка падымацца самому туды. У Рэя штосьці з заднімі лапамі. У прыватным доме яму прасьцей, там чатыры прыступкі. А вышэй ён ня можа падняцца. Сям’я гэтая пазваніла, што верне Рэя. Яшчэ пакажуць яго кінолягу, але пакуль справы так у яго, як і былі. Рэй спадабаўся ім, але ён проста ня можа там жыць. На руках яго не паносіш, Рэй вялікі сабака».

Пакуль яго даглядае Тацяна.

«Рэй не галодны, праблем у яго няма, — кажа яна. — Але яму вельмі сумна, у Рэя зараз вялікі дэфіцыт зносінаў. Сабака з 2 верасьня адзін дома. З маім дзядзькам ён пражыў усё сваё жыцьцё, усе 13 гадоў. Яны жылі разам, удваіх».

Свайго гаспадара ратвэйлер Рэй апошні раз бачыў 2 верасьня, калі Андрэй паехаў у шпіталь. Тацяна кажа, што ёй цяпер часта звоняць людзі, якія хочуць дапамагчы сабаку.

«Людзі звоняць па маіх абвестках, — кажа яна. — Але ў некага ўжо ёсьць два сваіх сабакі, у кагосьці каты. Рэй з катамі не сябруе. Цяжка знайсьці яму новы дом. Але людзі часта звоняць. Нехта прапануе грошы на корм альбо на ўрача. Але ўзяць пакуль толькі адна сям’я наважылася. На жаль, Рэй ня вельмі ім падыходзіць. Я б і зараз не аддавала Рэя, але ён вельмі-вельмі сумуе. Яму не хапае людзей. А ў мяне і свой сабака, і дзіця. Я фізычна не магу аддаваць яму больш увагі. Хочацца знайсьці яму сям’ю».

Зьвязацца з Тацянай, каб забраць Рэя да сябе, можна па гэтай спасылцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG