Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З АНТ звольніліся каля чвэрці усіх супрацоўнікаў. Кім іх замянілі і што там адбываецца цяпер


З усіх дзяржаўных тэлеканалаў сама больш супрацоўнікаў пакінулі АНТ. Ня менш за 80 чалавек з 300 звольніліся адтуль пасьля жорсткага разгону пратэстаў. Некалькі былых супрацоўнікаў расказалі нам пра перасьлед з боку кіраўніка Маркава, закрыцьцё праграмаў, пра расейцаў, якія робяць прапагандысцкія ролікі.

Звольніліся 80 з 300. Шмат людзей сышло з «прэзыдэнцкага пулу»

У жніўні з АНТ звольніліся 50 чалавек. Яшчэ прынамсі 30 — у верасьні і кастрычніку. Пераважна гэта журналісты, рэдактары і відэаінжынэры.

«Спачатку апэратары казалі: я ж не гавару ў кадры, маё сумленьне амаль чыстае. Але потым стала нагэтулькі невыносна, што нават яны не маглі моўчкі працаваць», — расказвае Свабодзе адна са звольненых супрацоўніц, якая прасіла не называць яе імя.

У першыя дні пасьля выбараў каля 20 чалавек пачалі страйк на АНТ. Усе гэтыя людзі сталі ворагамі кіраўніцтва, іх не пускалі ў рэдакцыю, каб нават забраць працоўную кніжку і ўласныя рэчы. Некаторым іх перадавалі праз вакно.

«Людзі звольніліся з сур’ёзных пасадаў. Хто працаваў у дырэкцыі, хто быў шэф-рэдактарам — гэта рэдкія прафэсіяналы. На іхнае месца абы-каго не пасадзіш», — кажа былая супрацоўніца.

Таксама стаў меншым «прэзыдэнцкі пул». Бо сышоў ня толькі Дзьмітры Семчанка, былы кіраўнік «пулу», які публічна звольніўся пасьля выбараў. Былыя працаўнікі АНТ кажуць, што з 15 чалавек, якія былі ў касьцяку «пулу», сышлі прынамсі 6-7 журналістаў, апэратараў і відэамантажыстаў.

«Цяпер кіраўнік дырэкцыі і ягоны намесьнік езьдзяць як журналісты з прэзыдэнцкім „пулам“», — кажа суразмоўца.

Закрываюць праграмы, скарачаюць рэкляму, журналістам адмаўляюць у інтэрвію

На АНТ скарачаюць праграмы. У пэўных перадачах, як «Наше утро», скарацілі рубрыкі. Там эфір сталі забіваць аднастайнымі інтэрвію. У вечаровых навінах цяпер адзін вядоўца, хоць заўсёды іх было два.

«Бо няма ні грошай, ні людзей, — кажа былая супрацоўніца. — Многія рэклямадаўцы адмовіліся супрацоўнічаць з каналам».

Праблемы ўзьніклі і ў навіновых журналістаў. Яны ня могуць дамовіцца на сюжэты са звычайнымі людзьмі, бо дзяржаўным тэлеканалам проста адмаўляюць.

«Хто цяпер пагодзіцца гаварыць зь дзяржаўнымі СМІ? На экране цяпер толькі чыноўнікі», — кажа суразмоўца.

Альбо падстаўныя сьпікеры, якія зьяўляюцца ў розных перадачах у выглядзе розных людзей. Такое выйсьці знайшлі, напрыклад, на СТВ і на «Беларусь-1».

На вызваленыя месцы набіраюць журналістаў з СТВ і БТ, якія не сутыкнуліся з такім масавым сыходам супрацоўнікаў. Або бяруць студэнтаў ці ўвогуле новых людзей не з журналістыкі.

«За кошт таго, што мы пасыходзілі, многія начальнікі селі рабіць нашую працу. Намесьнік дырэктара дырэкцыі сядзіць як шэф-рэдактар. Тая ж Рамбальская стала вядзе некалькі перадачаў, а не адну, як раней. Бо вядоўцаў шмат сышло», — кажа былая супрацоўніца.

Пратэст каля АНТ 15 жніўня
Пратэст каля АНТ 15 жніўня

Тых, хто сыходзіць, Маркаў палохае крымінальнымі справамі

Але большасьць супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлеканалу, кажуць суразмоўцы Свабоды, усё ж засталіся працаваць далей. Іх там трымаюць тры прычыны. Па-першае, крэдыты, якія АНТ выдавала на будаўніцтва кватэраў. Па-другое, сталы заробак (а зараз яго павялічылі). Па-трэцяе, страх перасьледу. Былыя журналісты, рэдактары і тэхнічныя спэцыялісты кажуць, што генэральны дырэктар Марат Маркаў асабіста запалохваў тых, хто звальняўся.

«Ён кажа, што чалавека ня возьмуць ні на якую іншую працу, пагражае „кампраматам“, якога дастаткова на крымінальную справу. Аднаму хлопцу Маркаў увогуле сказаў, што яго пасьля звальненьня проста ня знойдуць», — кажа суразмоўца.

Рэдакцыйны аўтамабіль АНТ падчас акцыі пратэсту 8 лістапада
Рэдакцыйны аўтамабіль АНТ падчас акцыі пратэсту 8 лістапада

А таму супрацоўнікі АНТ баяцца публічна апавядаць пра свой сыход. Асабліва пасьля таго, як асудзілі на арышт былога кіраўніка прэзыдэнцкага пулу Дзьмітрыя Семчанку.

«Нават непублічна мы ня хочам казаць, чым цяпер займаемся. У некаторых нават параноя», — кажа былая супрацоўніца АНТ.

Пры гэтым журналісты сьцьвярджаюць, што і да выбараў, і цяпер большасьць супрацоўнікаў выступалі супраць Лукашэнкі і ягонай палітыкі. Але цяпер яны гэта не абмяркоўваюць нават паміж сабой.

«Цяпер там магільнае маўчаньне. Ці мала што пачуюць і данясуць. Прыкладна так гэта працуе», — кажа былая супрацоўніца.

Акцыя каля будынку АНТ 15 жніўня
Акцыя каля будынку АНТ 15 жніўня

Ці былі на АНТ расейцы?

Пра «расейскі дэсант» на БТ было вядома. Каманда з Russia Today працавала ў Менску і рыхтавала матэрыялы для каналу «Беларусь-1».

Аказваецца, супрацоўнічалі расейцы і з АНТ. На тэлеканале праводзілі сход з «добранадзейнымі» супрацоўнікамі, дзе прадставілі расейцаў — 6-7 чалавек.

«Але яны на канале не зьяўляліся, проста прысылалі гатовыя сюжэты. Шчыра кажучы, „чарнушныя“», — сказаў іншы былы супрацоўнік АНТ.

«Добранадзейныя супрацоўнікі» — гэта тыя, хто не адмаўляецца працаваць з прапагандысцкімі матэрыяламі. То бо нават цяпер кіраўніцтва не давярае ўсім сваім падначаленым, ня ўпэўненае ў іхнай ляяльнасьці.

«Я веру, што і надалей людзі будуць сыходзіць, нягледзячы на запалохваньні і дзікі прэсінг, — кажа суразмоўца Свабоды. — У іх іншы парог трываласьці. Калі ўсё пачалося, было сорамна працаваць на АНТ журналістам. А зараз сорамна там нават мыць унітазы. Бо яны на АНТ».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG