Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматразовага чэмпіёна сьвету па адзінаборствах, якога зьбілі падчас пратэсту, вінавацяць у супраціве сілавікам. Ён зьнік перад судом


Аляксей Кудзін (у бэйсболцы) падчас разгону мірнай акцыі пратэсту ў Маладэчне, 10 жніўня 2020

19 лістапада на свой суд паводле крымінальнага абвінавачаньня не зьявіўся шматразовы чэмпіён сьвету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксей Кудзін. Яго вінавацяць у тым, што 10 жніўня ў Маладэчне падчас акцыі пратэсту ён ужыў гвалт супраць сілавікоў, паведамляе by.tribuna.com.

Паводле выданьня, 10 жніўня Аляксей разам зь сябрамі апынуўся ў цэнтры Маладэчна ў момант, калі сілавікі пачалі атакаваць пратэстоўцаў. Да байца падбеглі амапаўцы, распылілі газ і пачалі зьбіваць дручкамі — пры гэтым, як сьцьвярджае адно з праўладных мэдыя, Кудзін адправіў аднаго зь сілавікоў у накаўт.

Кудзіну ўдалося ўцячы і дабрацца дадому, але адтуль з прычыны галавакружэньня і кепскага стану ён адправіўся ў лякарню. Недалёка ад яе байца і арыштавалі — пры гэтым разьбілі яго машыну, а ў самога Кудзіна стрэлілі і зноў яго зьбілі. У яго былі траўмы галавы і грудзей, а таксама моцнае пашкоджаньне пальца.

«Лёша стэлефанаваўся зь сябрамі і вырашыў прагуляцца ў цэнтар, паглядзець, што там адбываецца, — расказвае жонка байца Тацяна Кудзіна. — Звычайныя людзі яго пазнавалі, падбягалі, ціснулі руку: „О, Лёшка, ты тут!“ — і потым ішлі сваім расказваць: „Кудзін тут!“ А потым пайшоў газ... Ёсьць відэа (мне не паказвалі — бачыла толькі адвакат), як муж стаяў проста перад шчытамі, паказваў сілавікам чыстыя рукі і пытаўся: „Што, біць будзеце?“. Лёша ніколі ня будзе першым біць! Ніколі! І на камэрах гэта відаць, як адвакат казала... Калі ўсё пачалося, ён пачаў прыкрывацца рукамі, адбівацца. А пасьля гэтага газу ён палову ня памятае наогул».

Амаль два тыдні Аляксей правёў за кратамі, пакуль 21 жніўня не зьявіўся ў сюжэце на дзяржтэлеканале СТБ. Баец прызнаў сябе вінаватым у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў супрацоўнікам МУС і раскайваўся.

Яго адпусьцілі пад хатні арышт.

У кастрычніку падчас адміністрацыйнага працэсу (за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 10 жніўня) Аляксея Кудзіна аштрафавалі на 625 рублёў.

Пазьней на 19 лістапада прызначылі новы суд — ужо па крымінальнай справе за супраціў праваахоўнікам з прымяненьнем гвалту (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу, да пяці гадоў турмы).

Аднак у прызначаны час Кудзін у суд не зьявіўся. Яго жонка Тацяна заявіла, што муж раніцай паехаў у суд, і з таго часу яна яго ня бачыла. Яна засталася дома зь пяцьцю дзецьмі.

Адказваючы на пытаньне пра адбыцьцё хатняга арышту, Тацяна Кудзіна расказала, што яны «да апошняга чакалі, што ўсё будзе нармальна».

«Аднак арышт пастаянна працягвалі, напэўна, каб дацягнуць да таго часу, калі з судамі зусім чарнуха пачалася. Прававога поля проста няма. Мужа спачатку судзілі па адміністрацыйным артыкуле — адвакат яшчэ зьдзіўлялася, як можна па адной справе два разы судзіць», — сказала «Трыбуне» жонка спартоўца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG