Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым сканчаліся крымінальныя справы супраць беларускіх журналістаў


Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева, якой прад’явілі абвінавачаньне па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Згадваем найбольш гучныя справы супраць журналістаў мінулых гадоў.

Апошнім часам быў шэраг выпадкаў, калі журналісты падпадалі пад крымінальны перасьлед:

  • журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай прад’явілі абвінавачаньне па ч. 1 арт. 342 КК РБ (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
  • журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яна праходзіць па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 178 КК – раскрыцьцё мэдычнай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Кацярына была аўтаркай артыкула пра тое, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было выяўлена алькаголю.
  • галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч падазраваны па арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Пацярпелым праходзіць былы намесьнік міністра МУС (цяпер памочнік прэзыдэнта па Менску) Аляксандар Барсукоў. У артыкуле «Нашай Нiвы» «ды-джэй пераменаў» сказаў, што Барсукоў зьбіваў яго на Акрэсьціна.
  • трое журналістаў Дзьмітры Буянаў, Зьміцер Краўчук і Арцём Багаслаўскі, якія супрацоўнічалі зь «Белсатам», сталі падазраванымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках (арт. 342 КК). Іншыя падрабязнасьці пакуль невядомыя. Іх затрымалі на маршы супраць тэрору 1 лістапада, потым вызвалілі.

Не ўпершыню ў Беларусі журналісты робяцца фігурантамі крымінальных спраў.

2020 год. Супраць Сяргея Сацука, галоўнага рэдактара выданьня «Ежедневник», пачатая крымінальная справа па падазрэньні ў атрыманьні хабару. Калегі Сацука ўпэўненыя, што прычынай перасьледу сталі яго антыкарупцыйныя расьсьледаваньні. Сяргей Сацук сказаў Свабодзе, што «цягам пяці месяцаў яго не чапаюць».

2019 год. Галоўную рэдактарку tut.by Марыну Золатаву абвінавацілі па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэксу (Бязьдзейнасьць службовай асобы) у «справе БЕЛТА». Яшчэ 14-ці журналістам розных СМІ, якіх вінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да кампутарнай інфармацыі, крымінальная адказнасьць была заменена на адміністрацыйную. Марыне Золатавай прысудзілі штраф у 300 базавых (7650 рублёў). Яна таксама павінна была пакрыць судовыя выдаткі БЕЛТА на 6 тысяч рублёў.

2011 год. Суд прызнаў горадзенскага журналіста Андрэя Пачобута вінаватым у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку і асудзіў яго на 3 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня прысуду на 2 гады.

2010 год. Беларускія журналісткі Натальля Радзіна, Ірына Халіп, Сьвятлана Калінкіна і Марына Коктыш перасьледаваліся ў межах крымінальнай справы, пачатай за нібыта паклёп у СМІ на былога начальніка Упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці Івана Каржа. Спачатку справу прыпынілі, бо была ня высьветленая асоба, якая падпадае пад абвінавачваньне. Урэшце справу закрылі.

2008 год. Намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Згода» Аляксандар Зьдзьвіжкоў асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі за «распальваньне рэлігійнай варожасьці» (ч. 2 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). Падставай стаў перадрук газэтай карыкатур на прарока Мухамэда з дацкага выданьня. Вярхоўны суд зьменшыў тэрмін пакараньня да 3 месяцаў.

2002 год. Рэдактар газэты «Рабочы» Віктар Івашкевіч асуджаны на два гады абмежаваньня волі па абвінавачаньні ў паклёпе на прэзыдэнта пасьля публікацыі артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме».

2002 год. У паклёпе на прэзыдэнта абвінавачаныя два журналісты газэты «Пагоня» – Мікалай Маркевіч і Павал Мажэйка. Іх асудзілі на два і паўтара гады абмежаваньня волі адпаведна за артыкулы, якія не дайшлі да чытача, бо наклад быў арыштаваны ў друкарні.

2001 год. Валер Шчукiн як карэспандэнт «Народнай Волi» атрымаў 3 месяцы крымінальнага арышту за хуліганства (спробу прайсьці на прэс-канфэрэнцыю міністра ўнутраных спраў).

1998 год. За тэлерэпартаж на тэлеканале ОРТ пра сытуацыю на беларуска-літоўскай мяжы Павал Шарамет і Дзьмітры Завадзкі былі абвінавачаныя ў незаконным групавым перасячэньні дзяржаўнай мяжы. Паўлу Шарамету прысудзілі два гады пазбаўленьня волі, а Дзьмітрыю Завадзкаму – 1 год і 6 месяцаў пазбаўленьня волі. Пакараньне было прызнана ўмоўным з выпрабавальным тэрмінам 1 год.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG