Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Портнікаў: Як Лукашэнка шукае ворагаў народу і шпіёнаў Захаду


Плякат і людзі на мірным маршы пратэсту ў Менску 6 верасьня 2020 году.

Аляксандар Лукашэнка абвінавачвае амэрыканскія выведныя цэнтры, створаныя ва Ўкраіне і Польшчы, у садзейнічаньні беларускім пратэстам. Зразумела, Лукашэнка не прадстаўляе ніякіх доказаў. Але навошта доказы? Зь першага дня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі Лукашэнка тлумачыць пратэсты сваіх суайчыньнікаў супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня вонкавым умяшаньнем.

Сьцісла

  • Захад цяпер стаў калектыўным ворагам Аляксандра Лукашэнкі
  • Польшча — сымбаль Захаду, а таксама краіна, якая мае асаблівыя сяброўскія адносіны з ЗША
  • Украіна — традыцыйная прапагандысцкая мішэнь Лукашэнкі
  • Пошук ворагаў народу і шпіёнаў Захаду — гэта ўлюбёны савецкі наратыў, і Лукашэнка любіць зьвяртацца да яго, каб захаваць уладу

«Разьмяшчэньне» амэрыканскіх выведных цэнтраў не выпадковае

І выбар краін, у якіх Лукашэнка «разьмясьціў» амэрыканскія выведныя цэнтры, таксама не выпадковы. Польшча — сябра ЭЗ і NATO. І справа ня толькі ў тым, што польскія ўлады і грамадзтва падтрымліваюць пратэстоўцаў і выступаюць супраць рэпрэсій, але і ў тым, што Захад цяпер стаў калектыўным ворагам Аляксандра Лукашэнкі. І менавіта ўмяшаньнем Захаду Лукашэнка тлумачыць усе свае праблемы. А Польшча — гэта сымбаль Захаду, а таксама краіна, якая мае асаблівыя сяброўскія адносіны з ЗША. Вінаваціць можна ня толькі Эўрапейскі Зьвяз.

Украіна — традыцыйная прапагандысцкая мішэнь Лукашэнкі. У спакойнай сытуацыі ён любіць размаўляць пра сяброўскія адносіны дзьвюх краінаў. Але як толькі беларусы выходзяць на вуліцы, Лукашэнка адразу пачынае палохаць іх Майданам. Уся беларуская праўладная прапаганда заснаваная на ідэі, што Беларусь не павінна быць такой, як ва Ўкраіне. Ну, цяпер мы маем новую інфармацыю — там, дзе быў Майдан, абавязкова будзе амэрыканскі выведны цэнтар. І, вядома, такі цэнтар паспрабуе зрабіць усё магчымае, каб зладзіць Майдан у самой Беларусі.

Пошук ворагаў народу і шпіёнаў Захаду — улюбёны савецкі наратыў

Такім чынам, толькі на першы погляд Лукашэнка проста ўкідвае інфармацыю, якая ня мае пацьверджаньня і пра якую можна забыцца празь некалькі дзён. Галоўная мэта Аляксандра Лукашэнкі — прадэманстраваць, што ён працягвае змагацца з дэстабілізацыяй уласнай краіны, арганізаванай «падступным Захадам». Тады яго суайчыньнікі, якія выходзяць на вуліцы Менску і іншых гарадоў Беларусі, становяцца звычайнымі статыстамі ў тэатры гэтай дэстабілізацыі. Людзьмі, якіх беларуская міліцыя проста абавязаная разагнаць, каб сарваць «падступныя пляны» амэрыканскіх цэнтраў выведкі. І з такімі людзьмі можна дзейнічаць без цырымоній, любы гвалт апраўданы. Бо гэта не свае, а проста нейкія ворагі народу.

Неяк незаўважна для ўласных жыхароў Беларусь апынаецца ў 30-х гадах мінулага стагодзьдзя, калі масавыя рэпрэсіі сталінскага рэжыму супраць сваіх грамадзян таксама тлумачыліся засільлем амэрыканскіх і іншых выведных цэнтраў і іх шпіёнаў у самой Беларусі і іншых савецкіх рэспубліках. Пошук ворагаў народу і шпіёнаў Захаду — гэта ўлюбёны савецкі наратыў, і Лукашэнка любіць зьвяртацца да яго, каб захаваць уладу.

Арыгінал публікацыі журналіста і палітычнага аглядальніка Віталя Портнікава — на сайце ўкраінскай Свабоды.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG