Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наглядчыца сказала зьняць ніжнюю бялізну і прысядаць пры ёй». Жанчыны пра гвалт, беззаконьне і надзею


Жаночы марш у Менску. 18 верасьня. Ілюстрацыйнае фота.

У чым найбольш безабаронныя жанчыны за кратамі, як парушаецца заканадаўства адносна ўдзельніц мірных маршаў, што гэтаму супрацьпаставіць? Абмяркоўваюць адвакатка Тацяна Лішанкова, псыхоляг і псыхатэрапэўтка Вольга Андрэева і жанчыны, якія трапілі за краты, нягледзячы на тое, што маюць непаўналетніх дзяцей, — журналістка Яўгенія Доўгая і спадарыня Ілона.

Сьцісла:

  • Тацяна Лішанкова: Ёсьць хібы ў заканадаўстве — жанчыну, якая мае непаўналетняе дзіця, можна затрымаць да 72 гадзінаў, але адміністрацыйны арышт даць нельга.
  • Яўгенія Доўгая: Мяне завялі ў камэру, дзе было халодна і не было ні матрацаў, ні падушак, ні коўдраў. Абутак забралі. На знак пратэсту я абвясьціла галадаваньне.
  • Ілона: Хлопец, які мяне затрымліваў, знайшоў мяне і загадаў, каб я лягла тварам на капот аўтамабіля. Я адказала, што ня буду выконваць неправамоцныя патрабаваньні. Ён біў па твары, па шыі, па нагах, зламаў акуляры... Ён чакаў, пакуль я лягу тварам на капот.
  • Вольга Андрэева: Я разумела, што камандзір невялікай групы, якая нас прывезла, — гэта проста паляўнічы за чалавечымі ахвярамі. Шараговыя маладыя амапаўцы проста трэнаваныя салдаты, каб біць і хапаць, а гэта псыхапат-паляўнічы.

«Гэта не парушэньне заканадаўства, а праблема самога заканадаўства»

— Зь якімі парушэньнямі заканадаўства ў дачыненьні да ўдзельніц мірных маршаў вы сутыкаецеся? Сталі яны нормай ці ўсё ж выключэньнем?

Тацяна Лішанкова
Тацяна Лішанкова

Тацяна Лішанкова: Ня думаю, што ёсьць статыстыка парушэньняў менавіта правоў жанчын, адпаведна казаць аб правілах ці выключэньнях немагчыма. Я сутыкалася з парушэньнем правоў маіх кліентак, але гэта не было зьвязана з гендэрнай прыналежнасьцю, гэта хутчэй былі агульныя праблемы, якія тычацца як жанчын, так і мужчын. Што да ўмоваў утрыманьня ў ІЧУ і ЦІП, то тут ёсьць пытаньні з гледзішча дыскрымінацыі жанчын.

Іншая праблема — хібы ў самім заканадаўстве. У адпаведнасьці з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях немагчыма прызначыць адміністрацыйны арышт жанчыне, якая мае непаўналетняе дзіця ці дзіця зь інваліднасьцю, ці яна цяжарная. У той жа час ніякіх забаронаў, каб затрымаць такую жанчыну, не існуе. Прычым тыя артыкулы, паводле якіх цяпер часта затрымліваюць (удзел у масавых мерапрыемствах), дазваляюць затрымаць на 72 гадзіны. Такім чынам, жанчыну, якая мае непаўналетняе дзіця, можна затрымаць на тры дні, але адміністрацыйны арышт даць нельга. У выніку праз содні, двое, трое жанчына выходзіць, суд прысуджае ёй штраф, а «суткі», якія яна адсядзела, ніяк немагчыма ўлічыць. Але гэта не парушэньне заканадаўства, а праблема самога заканадаўства. А даведацца, што ёсьць непаўналетняе дзіця, элемэнтарна. Супрацоўнікі міліцыі могуць атрымаць інфармацыю пра кожнага з нас — дзе зарэгістраваны, ці ёсьць муж ці жонка, ці ёсьць дзеці.​

«У пятніцу „выгадна“ затрымліваць, каб у панядзелак быў суд і каб чалавек пасядзеў і яго можна было максымальна катаваць»

— Яўгенія, вас затрымалі на вачах 8-гадовай дачкі і тры дні трымалі за кратамі, перш чым адбыўся суд. Раскажыце вашу гісторыю.

Яўгенія Доўгая
Яўгенія Доўгая

Яўгенія Доўгая: Мяне затрымалі на 72 гадзіны. Гэта было ў пятніцу. Я пайшла купляць падарунак малой пляменьніцы на дзень нараджэньня. Акурат ішла дачка са школы і мы зь ёй сустрэліся. З намі быў і бацька, мой муж. Ля пад’езду стаялі падазроныя мужчыны, якія сказалі: «Яўгенія Дзьмітрыеўна, прайдзіце з намі ў Партызанскае РУУС». Я папрасіла назвацца. Яны паказалі пасьведчаньні так хутка, што я нічога не змагла пабачыць. Я сказала: вы мяне затрымліваеце на вачах маёй дачкі. На гэта мне адказалі: «Давайце без усяго гэтага, зьезьдзіце на паўгадзіны ў РУУС».

Я ўжо разумела, што ў пятніцу «выгадна» затрымліваць, каб у панядзелак быў суд, каб чалавек пасядзеў і яго можна было максымальна катаваць. Я папрасіла дазволу ўзяць цёплыя рэчы, мне адмовілі. У РУУС зь мяне адразу пачалі здымаць матузкі, упрыгожаньні — нават да пачатку допыту. Мяне там доўга трымалі і нічога не адказвалі. Потым стала зразумела, што мяне павязуць у ІЧУ. Я стаяла каля «дзяжуркі», куды тэлефануюць родныя, каб даведацца, дзе іх блізкія. Я пачула праз гучную сувязь голас мужа: «Тры гадзіны таму вы затрымалі маю жонку Яўгенію. Дзе яна цяпер?» І, гледзячы мне ў вочы, яму адказалі: «Яе тут няма». Я стала крычаць: «Ня слухай яго, я тут!» (пазьней муж сказаў, што гэтага ня чуў). Гэта было абсалютна наўмысна.

Калі я прыехала ў ізалятар часовага ўтрыманьня, то высьветлілася, што некаторыя мае рэчы не давезьлі. Наглядчыца сказала разьдзецца. Зьняла зь мяне нават спартовы станік, які хоць як саграваў і ў ім не было костачак. Сказала зьняць ніжнюю бялізну і прысядаць пры ёй. Потым мяне завялі ў камэру, дзе было вельмі халодна і не было ні матрацаў, ні падушак, ні коўдраў. Абутак забралі. На знак пратэсту я абвясьціла галадаваньне. У камэры была тэмпэратура 13 градусаў. На наступны дзень у камэру прывялі філёзафку Вольгу Шпарагу, і, каб не памерці ад холаду (у нас засталося шмат газэтаў ад папярэдніх сядзельцаў і мы іх засьцілалі на жалезныя нары), мы абдымаліся, каб неяк сагрэцца.

«Я папрасіла іх аказаць дапамогу пабітай імі жанчыне, на што мне адказалі, што зараз акажуць мне хуткую дапамогу, і пацягнулі за шыю ў мікрааўтобус»

— Ілона, вас затрымалі і моцна пабілі, калі вы аказвалі хуткую дапамогу сталай жанчыне. Вы таксама былі за кратамі да суду, які прысудзіў вам штраф. Як гэта перажылі ваша сямʼя і вы самі?

Ілона на мірным маршы ў Менску.
Ілона на мірным маршы ў Менску.

Ілона: Падрыхтавацца да такога вельмі цяжка, хоць больш за тры месяцы мы ведаем, што адбываецца ў краіне. Як бы сябе ні рыхтаваў да гэтага, усё роўна цяжка. Я ў момант затрыманьня аказвала дапамогу старой жанчыне, выклікала ёй «хуткую дапамогу» і нават ня думала, што мяне могуць затрымліваць. Людзі, якія выбеглі зь мікрааўтобусу, штурхнулі гэтую жанчыну, яна страціла прытомнасьць. Калі яны беглі назад у свой мікрааўтобус, я папрасіла іх аказаць дапамогу пабітай імі жанчыне, на што мне адказалі, што зараз акажуць мне хуткую дапамогу, і пацягнулі за шыю ў мікрааўтобус.

Спачатку было страшна, жахліва. Потым я супакоілася. Я ўжо разумела, што мяне чакае. Забралі тэлефоны, адвезьлі ў РУУС, які знаходзіцца каля майго дому. Але я не чакала таго, што адбывалася на тэрыторыі РУУС. Хлопец, які мяне затрымліваў, знайшоў мяне і загадаў, каб я лягла тварам на капот аўтамабіля. Я адказала, што гэта неправамоцныя патрабаваньні, якіх я ня буду выконваць. Ён пачаў мяне біць да таго моманту... Ён чакаў, пакуль я лягу тварам на капот. Біў па твары, па шыі, па нагах, зламаў мне акуляры... Сьцягнулі рукі. Нарэшце гэта скончылася, бо, відавочна, ім патрэбна было зьяжджаць па іншых.

Ня ведаю, чаму ён палічыў, што я каардынатарка, калі ў мяне ў заплечніку былі толькі мэдыкамэнты. Я ў той дзень аказвала дапамогу сталым людзям. Самае жахлівае было тое, што я ведала, што ня буду выконваць ягоных патрабаваньняў, але ня ведала, дакуль ён будзе мяне біць і ці спыніцца. Мне пашанцавала, што ён спыніўся. Потым у РУУС адбываліся стандартныя працэдуры, ставіліся дастаткова добра, можна было патэлефанаваць родным і схадзіць у прыбіральню.

За кратамі я правяла амаль суткі. Пасьля вызваленьня я зьвярнулася па мэдычную дапамогу, мяне запыталі, што здарылася, я ўсё расказала, і гэта зафіксавалі. Цяпер я запатрабавала матывацыйную частку пастановы суду, каб абскардзіць. Калі я аказвала мэдычную дапамогу, побач са мной былі некалькі жанчын, якія ішлі ў краму, а там напісалі, што я ішла ў калёне са 100 чалавек. У пастанове запісана, што ў маіх дзеяньнях не было складу злачынства, а калі я запыталася, чаму ж затрымалі, мне адказалі, што трэба было выбіраць іншыя месцы.

«Я падумала, што ў майго мужа шмат сардэчных хваробаў і я ня кіну яго. Мяне не забіралі, я проста пайшла за ім»

— Спадарыня Вольга, вы пайшлі самі ў аўтазак за вашым затрыманым мужам, правялі ў міліцэйскім пастарунку шмат часу, супраць вас склалі адміністрацыйны пратакол. Ці няма ў вас уражаньня, што па жанчынах могуць ударыць мацней, чым проста дручком, — пакінуўшы дзяцей у няведаньні, стварыўшы пагрозу забраць дзяцей?

Вольга Андрэева
Вольга Андрэева

Вольга Андрэева: Гісторыі Ілоны і Яўгеніі — гэта жахліва і катастрафічна. Мая гісторыя была крышку іншай. Мы з мужам пераходзілі праспэкт Незалежнасьці, ішлі ад Рускага тэатру. Толькі перайшлі па пешаходным пераходзе, падʼехаў мікрааўтобус з амапаўцамі. Побач з намі людзей было няшмат, чалавек шэсьць. Яны чамусьці схапілі двух старых — майго мужа і мужчыну, якому 72 гады (мы зь ім потым разам апынуліся ў Маскоўскім РУУС). Двух сівых старых павялі ў мікрааўтобус. Я падумала, што ў майго мужа так шмат сардэчных хваробаў і я ня кіну яго. Мяне не забіралі, я проста пайшла за ім.

Нас павазілі па горадзе, дадалі яшчэ людзей — былую дырэктарку kyky. org Агнію Лойку, дырэктара дзіцячай мастацкай школы. Была немаладая пара сужэнцаў, якія ішлі ў галерэю «Сталіца» — ля дзьвярэй схапілі мужа, а жонка таксама пайшла за ім. Пажылыя пары могуць таблеткі адзін аднаму даць часам. Ты ідзеш, бо разумееш, што «хуткую», можа, давядзецца выклікаць. Вядома, амапаўцы страшныя. Гэта проста ня людзі. Вядома, мне было страшна, і мы ўсе затаіліся і проста замерлі, каб ні словам, нічым іх не справакаваць. Ілона сябе паводзіла па-чалавечы адэкватна, але яны — ня людзі.

Нас завялі ў Маскоўскае РУУС і разьвялі па паверхах. Нас, 9 чалавек, якія былі разам у мікрааўтобусе, завялі на чацьверты паверх, у актавую залю. Мы былі першыя, потым АМАП падвозіў і падводзіў людзей. Мы было цікава на іхныя твары зблізку глядзець. Я разумела, што камандзір невялікай групы, якая нас прывезла, — гэта паляўнічы, проста паляўнічы за чалавечымі ахвярамі. Калі шараговыя маладыя амапаўцы проста трэнаваныя салдаты, каб біць і лавіць, то гэта псыхапат-паляўнічы. Гэта проста страшны чалавек. Нас запыталі прозьвішчы і адразу сталі выклікаць на надгляд, шмон, як яны называюць.

Жанчына, якая складала пратакол, сказала: «Ня бойцеся, вас біць ня будуць». Я прамаўчала, бо калі падзякаваць ім за гэта, то мае жарты тут будуць не да месца і могуць іхную нянавісьць справакаваць. Там было шмат самых розных затрыманых, але мы пяцёра былі найстарэйшыя. У нашым памяшканьні нікога ня білі пры нас. Вадзілі ў прыбіральню, там можна было піць ваду. Спрабавалі прыкідвацца ветлівымі, але ўся іхная ветлівасьць скончылася, калі нас павялі падпісваць пратакол, дзе была канкрэтная хлусьня, што мы былі ў нейкай групе людзей і ў нас былі зьнічы. Гатовы пратакол у кампутары, у які проста нашыя прозьвішчы дадавалі.

Мы там былі 10 гадзінаў — з 12-й да 22-й. З 8-й раніцы бязь ежы. Немаладой жанчыне стала кепска. У мяне таксама пачынаўся прыступ ад голаду, як у чалавека, у сутнасьці, з дыябэтам. Я запатрабавала ежу, мне далі кавалак хлеба і нейкі сыр, гэта дазволіла пратрымацца. Потым сказалі, што з прычыны нашага сталага ўзросту нас да суду адпусьцяць дадому. Нам «адкаталі» ня толькі пальцы, але і рукі, і адправілі на вуліцу. 10 гадзінаў бязь ежы і нармальнай вады, бо я не лічу нармальнай пітной ваду з-пад крану ў туалеце. Чакаю суду. Спадзяюся, што будзе толькі штраф і што «сутак» не дадуць.

Адна жанчына, у якой маленькае дзіця, папрасіла пазваніць дадому, яе муж пачаў вымаўляць супрацоўніцы міліцыі, пасьля чаго тая разьлютавалася і стала крычаць, што праз такіх, як мы, іх перасьледуюць, дактары адмаўляюцца іхных дзяцей абслугоўваць. Яны былі ў лютасьці. Яны рэальна баяцца.

«Трэба думаць ня толькі пра сябе, але і пра тых, хто ад вас залежаць, — дзеці, людзі сталага ўзросту»

— Законы ня надта працуюць цяпер у Беларусі, але тым ня менш своечасовая і кваліфікаваныя дапамога адваката можа дапамагчы. Якія парады вы далі б удзельніцам мірнага пратэсту?

Тацяна Лішанкова: Усё залежыць ад канкрэтнай сытуацыі і пэўных абставінаў. У мяне былі кліенткі, якія проста прымушалі выдаваць ім копіі ўсіх патрэбных дакумэнтаў, прымушалі супрацоўнікаў міліцыі правільна запаўняць усе дакумэнты. Недзе людзі не рызыкуюць такое рабіць. Агульныя парады — калі ёсьць магчымасьць, лепей заключыць дамову з адвакатам і ў нестандартнай сытуацыі патрабаваць, каб выклікалі адваката. Калі ідзе працэс, можна прасіць, каб выклікалі абаронцу. Трэба думаць ня толькі пра сябе, але і пра тых, хто ад вас залежаць, — дзяцей, людзей сталага ўзросту. Трэба, каб яны ведалі, дзе вы, што з вамі адбываецца і што можна зрабіць, калі з вамі нешта здарыцца.

Што да паводзінаў у РУУС і судзе, абавязкова трэба чытаць, што даюць падпісваць, калі ёсьць магчымасьць, запісваць свае заўвагі, калі, напрыклад, ня цалкам адлюстраваныя тлумачэньні, якія вы давалі. Калі ёсьць доказы таго, што вы нічога не ўчынялі, ні ў якім мерапрыемстве ня ўдзельнічалі, можна прасіць апытаць сьведак, хадайнічаць, каб патрабавалі відэазапіс, калі вы ведаеце, што там была камэра відэаназіраньня.


«Жанчыны больш уразьлівыя, каб выйсьці на пратэст, бо яны цудоўна разумеюць, што такое „сацыяльна небясьпечнае становішча“ і дзіцячы прытулак»

— Якія перавагі (калі так можна сказаць) маюць жанчыны ў мірным пратэсьце? Мы бачым, што пакуль амаль не затрымліваюць жанчын ва ўзросьце, бачым, што людзі ў чорным больш скіраваныя на затрыманьне маладых мужчын.

Яўгенія Доўгая: Раней я думала, што жанчын ня так б’юць і яны маюць у гэтым пэўную перавагу. А цяпер даведалася, колькі камісіяў для вызначэньня СНП (сацыяльна небясьпечнага становішча) ходзіць цяпер па жанчынах, колькі жанчын апынаюцца ў нейкай пастцы. Пасядзеўшы ў ізалятары, скажу, што жанчыны гэтак жа пакутуюць. Так, мужчын затрымліваюць болей, але і мужчын болей выходзіць на акцыі пратэсту, бо жанчына ўсё ж баіцца, асабліва калі яна маці малых дзяцей. Мне здаецца, што ўсё роўна жанчыны больш безабаронныя, выходзячы на пратэст, бо яны цудоўна разумеюць, што такое СНП і дзіцячы прытулак. Мне ў РУУС пагражалі дзіцячым прытулкам для дачкі. Мы цяпер усе аднолькава пакутуем ад усяго, трапляем пад бульдозэр рэпрэсіяў, і ня хочацца параўноўваць, хто больш, а хто менш.

— Ілона, у міліцэйскіх пастарунках, ізалятарах, судах цяпер знаходзіцца эліта Беларусі. З аднаго назіраньня затрыманага з РУУС — калі запісвалі зьвесткі, выявілася, што ўсе затрыманыя з вышэйшай адукацыяй, многія з навуковымі ступенямі. Ці адчулі вы сястрынства, братэрства за кратамі, пра якое цяпер кажуць многія людзі, якія прайшлі праз гэта?

Ілона: Мне пашанцавала, як і многім іншым. Мае сукамэрніцы былі — магістар гістарычных навук, лекарка, настаўніца, дырэктарка рэстарану. Падтрымлівалі і дапамагалі чым маглі. Гэта калясальная падтрымка людзей, якіх бачыш упершыню. Ніколі ня думала, што такое магчыма. Беларусы зьмяніліся. Сяброўка, выйшаўшы з турмы ў Жодзіне, казала, што ў гэтым месцы яны адчувала столькі падтрымкі, сяброўства, салідарнасьці, любові і суперажываньня, што нават дома так не пачуваецца, як тады ў турме.

«Самы шчасьлівы дзень — 16 жніўня, першы вялікі марш. Я зразумела, што тут найлепшыя людзі, зь якімі я хачу быць побач»

— Вольга, якія практычныя парады як псыхоляг вы далі б людзям, якія ўдзельнічаюць у мірным пратэсьце — зь якім наказам сабе ісьці, як паводзіцца пры затрыманьні, як перажыць арышт блізкага чалавека, як ня страціць пазытыўны настрой?

Вольга Андрэева: Суперажываньне, напэўна, тут асноўнае. Калі мы з мужам выйшлі з пастарунку, столькі яго калегаў і сяброў паўсюль напісалі, што актор тэатру імя Горкага арыштаваны, нават на радыё «Рэха Масквы» гэта прагучала. Акторская салідарнасьць сябе праявіла. Зь людзьмі, з кім разам былі ў РУУС, потым працягвалі кантактаваць, сазвоньваліся. Я працавала бясплатна зь людзьмі, якія пацярпелі ад гвалту. Я ім казала, што яны пацярпелі, але мы цяпер павінны захоўваць пазытыўны погляд у будучыню, бо мы патрэбныя радзіме надоўга ў сурʼёзнай пэрспэктыве. Стратэгічна мы павінны быць гатовыя змагацца доўга і падтрымліваць адзін аднаго. Цяпер вельмі шмат пацярпелых, ёсьць загінулыя. Але чым мы больш актыўныя, чым больш людзей падтрымліваем і прымаем падтрымку іншых, тым лепей мы з гэтага выйдзем.

Калі чалавек застанецца ў стане, у эмоцыях ахвяры, ён будзе самым траўмаваным. А калі мы адно аднаго падтрымліваем і думаем, што хочам жыць у іншай краіне, з такімі людзьмі, зь якімі былі за кратамі, як дзяўчаты... Гэта сапраўдныя беларусы. Маё наймацнейшае перажываньне і найшчасьлівейшы дзень — 16 жніўня, першы вялікі марш. Я зразумела, што тут найлепшыя людзі, зь якімі я хачу быць побач, і таму я ня зьеду ў іншую краіну. Хачу жыць сярод гэтых людзей. Гэтыя адчуваньні, салідарнасьць — наймацнейшы наш рэсурс. Праз удзел, нават самы сьціплы, мы ўплываем на тое, што адбываецца ў краіне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG