Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар беларускай культуры пра чэскую дапамогу, лісты палітвязьням і творчыя стыпэндыі


Тэатар Husa na provázku ў Брне, дзе месьціцца амбасада беларускай незалежнай культуры. Фота Jakub Jíra

Свабода гутарыць зь Сяргеем Сматрычэнкам, перакладчыкам і філёлягам, які нядаўна стаў амбасадарам незалежнай беларускай культуры ў Чэхіі. Сяргей Сматрычэнка жыве ў Брне, другім колькасьцю насельніцтва горадзе Чэскай Рэспублікі.

— Сяргей, скажыце некалькі словаў пра вашу амбасадарскую пасаду. Няўжо вас назначыў Лукашэнка?

— Мне ажно нават сорамна казаць, што я амбасадар. Я заўсёды стараўся пазьбягаць такіх высокіх найменьняў… Не, з Лукашэнкам, дзякуй Богу, гэта ня мае нічога агульнага. Ініцыятыва заснаваць амбасаду незалежнай беларускай культуры зыходзіла ад маіх сяброў, мясцовых чэхаў. Яны падключылі да абмеркаваньня гэтага пытаньня мяне, і так паступова выпрацавалася канцэпцыя новай установы.

— Хто канкрэтна з вашых знаёмых чэхаў зрабіў такую прапанову? Гэта было ў Брне, так?

— Гэта было ў Брне. Трэба сказаць, што Брно ў гэтым сэнсе — ідэальны горад, з ідэальным памерам. Таму што людзі ад культуры тут усе між сабой цудоўна знаёмыя, і нешта зладзіць ці абмеркаваць на прадстаўнічым узроўні ў сфэры культуры дастаткова проста.

Калі казаць канкрэтна, то за ідэяй стаяць два чалавекі. Гэта Пэтр Мінаржык, выдавец і культурны арганізатар, які, сярод іншага, арганізоўваў яшчэ ў 2007 годзе ў Брне Месяц аўтарскага чытаньня з удзелам беларускіх літаратараў і зрабіў шмат яшчэ чаго для Беларусі — здымаў кароткія фільмы пра беларускіх творцаў і гэтак далей.

Другі чалавек адносна новы ў беларускай справе. Гэта дырэктар Цэнтру экспэрымэнтальнага тэатру Міраслаў Ошчатка. Хоць ён і новы, але ў культурнай сфэры ён вельмі паважаны чалавек, зь вялікім досьведам і зь вялікім жаданьнем дапамагчы.

Міраслаў Ошчатка, Пэтр Мінаржык, Сяргей Сматрычэнка
Міраслаў Ошчатка, Пэтр Мінаржык, Сяргей Сматрычэнка

— Амбасада беларускай культуры месьціцца ў будынку тэатру ў Брне. Гэта той самы тэатар, у якім вы ў 2007 годзе суарганізавалі з Пэтрам Мінаржыкам Месяц аўтарскага чытаньня з удзелам каля 30 беларускіх пісьменьнікаў?

— Так. Сама амбасада ўласнага памяшканьня ня мае, гэта ўсяго адзін пакой у будынку тэатру. З увагі на каранавірус, мы пераважна працуем кожны дома праз інтэрнэт, час ад часу зьбіраемся на кароткія нарады ў тэатры ў кабінэце дырэктара або на тэрасе каля тэатру. Тым ня менш на будынку тэатру вісяць ужо шыльда Амбасады незалежнай беларускай культуры і беларускі сьцяг.

— Чым вы будзеце займацца і чым ужо займаецеся як амбасада?

— Мы займаемся выключна культурай. Пры гэтым, натуральна, трэба ўлічваць, што культура можа і павінна нейкім чынам рэфлексаваць палітычна-грамадзкія падзеі. У нас тры асноўныя сфэры дзейнасьці.

Па-першае, гэта інфармаваньне. Пару тыдняў таму мы былі зь сям’ёй у Аўстрыі. Калі мы ўключалі тэлевізар або заходзілі на аўстрыйскія інфармацыйныя сайты, пра Беларусь было даволі шмат і на першых старонках. Вяртаемся ў Чэхію — а тут маўчок. Таму інфармаваньне — гэта важна. Націск у ім будзем рабіць на культуру, на тое, што адбываецца ў культурнай сфэры Беларусі. Будзем рассылаць інфармацыю ў розныя чэскія СМІ. Пакуль што вядзём старонку ў фэйсбуку.

Другая сфэра — гэта нашы ўласныя праекты, якія спрабуем рэалізаваць. Гэта выставы, сустрэчы, дыскусіі. З такіх досыць вялікіх плянаў — правядзеньне Дня Беларусі, якое прымеркавалі на 25 Сакавіка.

Трэцяя сфэра нашай дзейнасьці — быць пасярэднікамі ў ажыцьцяўленьні розных ідэй. І гэтыя ідэі ўжо пачынаюць паціху прыходзіць у выглядзе прапановаў супрацоўніцтва, як з чэскага боку, так і беларускага. Наша задача будзе ў тым, каб распрацаваць і прадумаць гэтыя ідэі, якія прыходзяць ад розных арганізацый, знайсьці партнэраў, а другім баку і магчымасьці ажыцьцяўленьня.

— Сяргей, а можаце расказаць крыху пра ініцыятыву пісаньня лістоў беларускім палітвязьням вядомымі асобамі чэскай публічнай прасторы? Гэта таксама ініцыятыва вашай амбасады?

— Так, гэта першая акцыя, якую мы ўжо правялі і працягваем яе. Ініцыятыва стварыць амбасаду ўзьнікла няпоўны месяц таму, мы актыўна яе абмяркоўвалі, а паколькі блізілася вельмі важнае для Чэхіі сьвята 17 лістапада, Дзень змаганьня за свабоду і дэмакратыю, то мы прыдумалі афіцыйна адкрыць амбасаду ў гэты дзень. А каб паказаць, што амбасада ня будзе пустым гукам і адной назвай, але сапраўды хоча нешта рабіць, то ўжо да гэтага дня мы вырашылі ажыцьцявіць першую акцыю — пісаньне лістоў беларускім палітычным вязьням. Ня проста пісаньне, а пісаньне нейкімі выдатнымі, славутымі прадстаўнікамі чэскай культуры і грамадзтва.

Спачатку мы вызначылі, хто б гэта мог быць, зьвярнуліся да гэтых, потым падрыхтавалі пераклады іх лістоў на беларускую і ангельскую мовы, арганізавалі рассылку і ўсё астатняе. Цяпер мы працягваем гэты праект, значыць, цяпер будзе другая порцыя. У першай порцыі было адзінаццаць лістоў. Паўдзельнічалі сапраўды знакамітыя людзі, пачынаючы з другой асобы ў дзяржаве — старшыні Сэнату Чэскай Рэспублікі Мілаша Выстрчыла. Таксама напісаў каталіцкі біскуп Вацлаў Малы, старшыня Канстытуцыйнага суду Чэскай Рэспублікі Павэл Рыхэцкі. І людзі, якія ўжо вядомыя ў Беларусі з той ці іншай прычыны — напрыклад пісьменьніца Катаржына Тучкава, раман якой некалькі гадоў таму выйшаў па-беларуску.

Рассылка лістоў беларускім палітвязьням, Міраслаў Ошчатка, Сяргей Сматрычэнка, Брно. Фота Jakub Jíra
Рассылка лістоў беларускім палітвязьням, Міраслаў Ошчатка, Сяргей Сматрычэнка, Брно. Фота Jakub Jíra

— Ці цяжка было іх намовіць прыняць удзел у гэтай ініцыятыве?

— Людзей, да якіх мы зьвярталіся, было больш. Натуральна, ня ўсе нам адказалі. Але трэба сказаць, што людзі адгукаюцца цяпер. У кагосьці не было часу адразу адказаць, але літаральна ўчора і сёньня нам прыйшлі лісты ад тых, да каго мы зьвярталіся тры тыдні таму.

— Хто падтрымлівае фінансава праект вашай амбасады? Як я разумею, ня трэба шмат грошай на канвэрты і маркі, але ўсё ж і нейкія іншыя выдаткі ў вас ёсьць — электрычнасьць, арэнда памяшканьня і гэтак далей…

Сяргей Сматрычэнка
Сяргей Сматрычэнка


— Фінансава нас падтрымлівае магістрат гораду Брна. Пакуль нам далі грошы на адзін сэзон, — я маю на ўвазе тэатральны сэзон, — гэта значыць, да чэрвеня ўключна. Што будзе далей — будзем глядзець, наколькі эфэктыўная наша праца і наколькі яна будзе патрэбная. Грошы не такія вялікія, тым ня менш на бягучыя выдаткі нам пакуль хапае. Да таго ж нейкі невялікі запас, нейкі фонд ёсьць непасрэдна ў Цэнтры экспэрымэнтальнага тэатру, пад якім і працуе амбасада. Але я хачу сказаць, што шмат што мы стараемся арганізаваць на добраахвотных пачатках. Гэта значыць, што тыя культурніцкія арганізацыі і партнэры з чэскага боку, якія выказваюць зацікаўленасьць зрабіць нешта з намі, самі знаходзяць грошы на неабходныя выдаткі.

— Што ў найбліжэйшых працоўных плянах амбасады?

— Будзем весьці актыўныя перамовы на самых розных узроўнях. Я баюся нешта абяцаць, тым ня менш я і мае калегі працягваем дамаўляцца з чыноўнікамі ад культуры, што можна будзе зрабіць. Хочам паспрабаваць выбіць стыпэндыі або — як гэта называецца? — рэзыдэнцыі для беларускіх творцаў. У наступную пятніцу мы сустракаемся на нараду наконт выставы фатаграфіі, якую хочам праводзіць у адкрытай прасторы на гарадзкіх вуліцах і якая, на нашу задуму, павінна быць вандроўная, гэта значыць, з Брна яна паедзе ў іншыя гарады.

Кожны дзень прыходзяць лісты з прапановамі, таму ў нас шмат бягучай працы. Літаральна паўгадзіны таму я адказваў на зусім сьвежы ліст ад людзей з Остраўскага ўнівэрсытэту, якія хочуць прыняць да сябе на стыпэндыю студэнтаў і прапануюць культурніцкае супрацоўніцтва. Будзем зь імі дамаўляцца, што можам разам рабіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG