Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя»


Надпіс на агароджы ізалятара на Акрэсьціна ў Менску

Людзі, якія вяртаюцца пасьля адседкі, масава хварэюць на каранавірус. Адміністрацыя турмаў ня робіць ніякіх захадаў засьцярогі — у Баранавічах у перадачах для зьняволеных не прымаюць нават масак. Свабода пагутарыла зь людзьмі, якія захварэлі на COVID-19.

У Баранавічах у перадачах не прымаюць масак

Журналіст Арцём Лява вызваліўся ў панядзелак з Баранавіцкага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля 15 дзён арышту. Адчувае сябе дрэнна.

Арцём Лява (у цэнтры) пасьля вызваленьня, Баранавічы, 23 лістапада
Арцём Лява (у цэнтры) пасьля вызваленьня, Баранавічы, 23 лістапада

За 15 дзён ён прайшоў тры ізалятары: жодзінскі, акрэсьцінскі і баранавіцкі. Перавозілі арыштантаў у аўтазаках, як «селядцоў у бочцы», кажа ён.

«З Жодзіна на Акрэсьціна везьлі ў аўтазаку з адсекамі. Я быў у бакавой клетцы на двух чалавек, а нас па трое запіхвалі. Духата, замкнутая прастора, няма чым дыхаць. У Жодзіне ў камэры ўдвая больш людзей, чым нараў. У Баранавічах у камэры-разьмеркавальніку на 10 чалавек нас было чалавек 100.

Умовы ў Баранавічах жудасныя — стары будынак савецкіх часоў, звараныя з крывых вугалкоў і пласьцін жалезныя нары, сырасьць. Вады гарачай не было, падлога бэтонная. У душ адвялі адзін раз за 15 дзён. Паўпадвальнае памяшканьне, акно на ўзроўні зямлі.

Якая была маска на чалавеку, калі яго забралі, з той і хадзіў. У Менску, дарэчы, маскі ў перадачах дазвалялі. А ў Баранавічах мама таксама спрабавала перадаць маскі — не прынялі», — кажа Арцём.

«Турэмных дактароў трэба караць за халатнасьць»

Праз пару дзён адзін зь дзевяцёх сукамэрнікаў Арцёма захварэў, пачаў моцна кашляць, у яго рэзка прапаў нюх. Хлопцы даводзілі доктару, што прастуджаныя ўсе, але ў гэтага чалавека канкрэтныя сымптомы COVID-19. Але доктар не прарэагаваў на скаргі.

«Доктар памераў тэмпэратуру, сказаў, што тут усе кашляюць. Удзень забаранялася ляжаць — матрасы згортваюцца, закідваюцца наверх — і сядзі на жалезных нарах, нават калі дрэнна сябе адчуваеш. Сьвятло гарыць усю ноч — уявіце, як цяжка хвораму чалавеку.

На маю думку, турэмных дактароў трэба караць за халатнасьць — яны проста ставяць пад пагрозу жыцьцё і здароўе вялікай колькасьці арыштаваных. Ніякіх захадаў пры пандэміі не рабілі наагул.

Наш доктар настолькі абыякавы і чэрствы! Прасілі ў яго дазволіць кіпеню болей, бо людзі сапраўды дрэнна сябе адчувалі — ён не дазволіў. Крымінальнікам, дарэчы, дазвалялі кіпяцільнікі, нам — не», — абураецца Арцём.

Ізалятар часовага утрыманьня на вуліцы Акрэсьціна
Ізалятар часовага утрыманьня на вуліцы Акрэсьціна

Самымі чалавечнымі аказаліся «баландзёры» — людзі, якія разносілі ежу. Прычым яны крымінальнікі, усе ў тату. Калі «палітычныя» прасілі іх даліць больш гарбаты, бо людзі хварэюць, яны заўсёды давалі больш, успамінае Арцём.

Сам ён хварэе ўжо чатыры дні. Спачатку быў кашаль, слабасьць. У апошні дзень у ізалятары страціў нюх.

«Мыла дзягцярнае страшна сьмярдзіць, а я не адчуваю паху. Учора раніцай знарок нюхаў шампунь дзягцярны, а ў яго пах наагул жудасны — таксама „па нулях“. Паху дэзынфэктару не адчуваю.

Цяпер разумею, што гэта сур’ёзная хвароба. Нібыта і дома ўжо начаваў, але пакутаваў, амаль ня спаў. Баліць горла, цяжка дыхаць, кашаль забівае», — расказвае Арцём Лява.

Ён ужо запісаўся на тэст і на прыём да доктара ў сваёй паліклініцы. Калі расказаў, адкуль вярнуўся, у паліклініцы паставіліся з разуменьнем. Адзіная была ўмова, каб сам прыйшоў на прыём, а ня доктар да яго дадому.

Захварэлі ўсе музыкі гурту «Рэха», адзін у шпіталі

Музыкі гурту «Рэха», якіх затрымалі 7 лістапада ў поўным складзе пасьля выступу на вуліцы Нёманскай у Менску, таксама дрэнна пачуваюцца, расказаў лідэр гурту Андрусь Такінданг.

«Спачатку ўсе чацьвёра музыкаў апынуліся ў адной камэры на Акрэсьціна. Потым Кастуся Лісецкага і Лёню Паўлёнка адправілі ў Жодзіна, я ўсе 15 сутак адседзеў на Акрэсьціна. Лёня захварэў, Кастусь наагул трапіў у шпіталь. Я таксама блага сябе адчуваю, зьбіраюся здаць тэст на каранавірус», — расказаў Андрусь Такінданг.

Кастусь Лісецкі ўжо 10 дзён ляжыць у Магілёўскім абласным шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй і COVID-19. Падазрае, што падхапіў вірус у Жодзіне.

«У камэры было 10 чалавек, і ў многіх былі ўсе прыкметы ковіду: кашаль, людзі не адчувалі паху, а мэдычнай дапамогі наагул не было, у найлепшым выпадку маглі даць таблеткі, якія перадавалі ў перадачах. Больш нічога», — кажа Кастусь пра жодзінскую турму.

Пасьля шпіталя давядзецца даседжваць тэрмін

З Жодзіна Кастуся Лісецкага перавялі ў Магілёў. А там лекары яму трапіліся адказныя. Калі адчуў, што ў яго гарачка, паклікаў фэльчара, той памераў тэмпэратуру і адразу ж выклікаў хуткую дапамогу.

«Праз гадзіну прыехала „хуткая“, тэмпэратура была 38,5. Паслухалі і адразу сказалі, што ў мяне дакладна пнэўманія. Забралі ў абласны шпіталь, цяпер забіты пад завязку. 10 дзён таму ў маім аддзяленьні было 37 чалавек, цяпер — 70.

Адразу прызначылі антыбіётыкі, гарманальны прэпарат. Зрабілі спачатку экспрэс-тэст, потым ПЦР — пацьвердзіўся каранавірус. Кампутарнай тамаграфіі не рабілі, толькі здымак — яшчэ і пнэўманія.

Цяпер адчуваю сябе больш-менш нармальна. Але ў турме было вельмі дрэнна, я быў, як тая гародніна: каб ня выклікалі „хуткую“, ня ведаю, што было б. У фашыстаў былі газавыя камэры, у нас ковідныя», — уздыхае Кастусь Лісецкі.

Ён кажа, што вельмі дапамагаюць валянтэры, а таксама мясцовая суполка ТБМ; прыносяць перадачы, кнігі.

Да панядзелка музыку дакладна будуць трымаць у шпіталі. А потым, хутчэй за ўсё, яму давядзецца даседжваць другую палову тэрміну — яшчэ 7 дзён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG