Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі ўйгураў адпраўляюць у лягеры за малады ўзрост і сваякоў за мяжой


«Лягер перавыхаваньня» ў Куньшані, Сіньцьзян

Паводле зьвестак праваабаронцаў, людзі апынаюцца ў лягерах пасьля таго, як трапляюць у адмысловую базу зьвестак, якая адсочвае паўсядзённае жыцьцё кітайскіх грамадзянаў.

З так званых «лягераў перавыхаваньня» у кітайскім аўтаномным раёне Сіньцьзян адбыўся працёк інфармацыі. Сьпіс зьняволеных там уйгураў атрымала праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW). Усе яны трапілі ў няволю, бо былі занесеныя ў сьпіс «інтэграванай плятформы супольных апэрацыяў» (ІПСА). Пра гэта паведамляе The Guardian.

У сьпісе, які атрымала HRW, ёсьць зьвесткі пра больш чым 2000 уйгураў, зьняволеных на тэрыторыі акругі Аксу (Сіньцьзян) з 2016 году па 2018 год.

Адзначаецца, што ў «лягерах перавыхаваньня» яны апынуліся пасьля таго, як трапілі ў базу «інтэграванай плятформы супольных апэрацыяў», якая адсочвае дзейнасьць людзей у сацыяльных сетках, іх паўсядзённае жыцьцё, а таксама іншую актыўнасьць грамадзянаў.

Што такое ІПСА

«Інтэграваная плятформа супольных апэрацыяў» уключае ў сябе інфармацыю, сабраную праз аўтаматычны онлайн-маніторынг, а таксама дадзеныя, уведзеныя ўручную ўпаўнаважанымі асобамі.

У кітайскай акрузе Сіньцьзян плятформа запрацавала ў 2018 годзе.

З дапамогай альгарытмаў штучнага інтэлекту сыстэма зьбірае, а таксама аналізуе зьвесткі з прыладаў распазнаньня асобы, камэраў паліцэйскіх кантрольна-прапускных пунктаў, банкаўскія запісы і паліцэйскія справаздачы, а таксама інфармацыю зь бяздротавых інтэрнэт-прыладаў.

Зьвесткі могуць быць рознымі — ад колеру машыны да інфармацыі аб тым, праз каторыя дзьверы чалавек уваходзіць у дом.

Паводле распрацоўнікаў плятформы, яе галоўная мэта — выяўленьне тэрарыстычных намераў грамадзян краіны.

Уся інфармацыя ідзе ў паліцыю.

У справаздачы ІПСА сказана, што пасьля паведамленьняў праграмы падазраваных адпраўляюць у «цэнтар прафэсійнай падрыхтоўкі і навучаньня», дзе праходзіць іх «палітычнае перавыхаваньне». Шырока ўжываецца ІПСА ў раёне Сіньцьзян, дзе жывуць уйгуры, якія вызнаюць іслам. Жыхароў акругі пачалі вінаваціць у тэрарызьме і прымусова адпраўляць у «лягеры перавыхаваньня».

«Цэнтар прафэсійнай падрыхтоўкі» ў Дабаньчэне, Сіньцьзян
«Цэнтар прафэсійнай падрыхтоўкі» ў Дабаньчэне, Сіньцьзян

Чаму ўйгуры трапляюць у лягеры папраўдзе

У сьпісе, які атрымала арганізацыя HRW, прычынамі зьняволеньня ў «лягеры перавыхаваньня» названыя ўчынкі, не зьвязаныя з тэрарыстычнай дзейнасьцю.

Арганізацыя выявіла, што многія прадстаўнікі ўйгурскага насельніцтва трапляюць у сьпіс з прычыны нараджэньня пазьней за 1980 год.

Шмат каго са сьпісу адправілі ў лягер, бо яны былі адзначаныя ў сыстэме ІПСА.

Некаторыя апынуліся ў лягеры, бо лічацца «ненадзейнымі». Так, у сьпісе мужчына, які трапіў у лягер перавыхаваньня з прычыны нявыплаты падаткаў.

Яшчэ адной прычынай адпраўкі ў лягер сталі кантакты ўйгураў зь іхнымі сваякамі за мяжой.

«Цэнтар прафэсійнай падрыхтоўкі» ў Хатані, Сіньцьзян
«Цэнтар прафэсійнай падрыхтоўкі» ў Хатані, Сіньцьзян

Лягеры ў Сіньцьзяне

У 2014 годзе Камуністычная партыя Кітаю стварыла сетку «лягераў перавыхаваньня» ў аўтаномным раёне Сіньцьзян. У сутнасьці гэта этнічны ГУЛАГ.

У красавіку 2018 году спадарожнік, які праляцеў над пустынямі на захадзе Кітаю, зафіксаваў строга ахоўваны комплекс пабудоваў. У сьнежні таго ж году вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет выступіла з прапановай накіаваць у раён Сіньцьзян назіральнікаў, бо была атрыманая інфармацыя, што ў лягерах незаконна трымаюць да 1 мільёна ўйгураў.

Да канца 2018 году кітайскія ўлады адмаўлялі, што гэткія ўстановы існуюць на тэрыторыі краіны. У канцы 2018 году яны паведамілі, што ў раёне Сіньцьзян працуюць «цэнтры адукацыі і прафэсійнай падрыхтоўкі».

Урад КНР заявіў, што ў такія цэнтры трапляюць людзі, якія падпалі пад уплыў тэрарыстаў і экстрэмістаў, і што ва ўстановах іх вучаць кітайскай мове, асновам пісьма, камунікацыйным навыкам і асновам заканадаўства КНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG