Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор Гомельскай вобласьці заклікаў забараніць «пратэставыя сымбалі»


Студэнты БДУ з нацыянальнымі сьцягамі

Бел-чырвона-белы сьцяг і зьвязаныя зь імі «пратэставыя сымбалі» трэба залічыць да незаконных і забараніць, лічыць пракурор Гомельскай вобласьці Віктар Марозаў.

Навіновы партал «Правда. Гомель» цытуе развагі пракурора пра «фашысцкую сымболіку, якую неабходна прыраўняць да свастыкі і іншай нацысцкай атрыбутыкі». Пакараньне таксама мусіць быць адпаведным: як мінімум адміністрацыйная адказнасьць.

«У кастрычніку я ініцыяваў канфэрэнцыю з гісторыкамі, ідэолягамі і грамадзкімі дзеячамі, — расказаў пракурор. — У выступе абапіраўся на факты паваенных крымінальных справаў аб злачынствах паліцаяў — памагатых нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З дакумэнтаў ясна, што атрады калябарацыяністаў зьдзекаваліся зь сем’яў партызанаў ды іншых жыхароў Гомельшчыны... Як чалавека мяне ня можа не хваляваць, што сёньня адбываецца ў Беларусі. Я і мае блізкія з трымценьнем сэрца назіраем за тым, як моладзь, якая ня ведае гісторыі, выходзіць на мітынгі пад сымболікай фашыстаў».

Сьцяг, пад якім «разгульваюць змагары», штучна створаны 100 гадоў таму, працягвае экскурс у гісторыю пракурор Марозаў.

«Яго навязвалі стваральнікі так званай Беларускай Народнай Рэспублікі, — кажа ён. — Навязвае яго ад пачатку 1990-х і партыя БНФ. Але ці не падаецца вам, што гэты сьцяг падазрона падобны на польскі? А навошта нам чужая сымболіка, пагатоў зьвязаная са зьверствамі паліцаяў? Яшчэ ў траўні 1995 году ў Беларусі правялі рэфэрэндум, на якім народ абраў для сябе цяперашнія дзяржаўныя сьцяг і герб. Трэба паважаць выбар большасьці. Тое ж магу сказаць пра „Пагоню“ — былы геральдычны знак Вялікага Княства Літоўскага, які стаў пасьля гербам Літвы. Навошта нам чужы, калі ёсьць свой?»

Як разьлічвае чыноўнік, Палата прадстаўнікоў неўзабаве падрыхтуе зьмены ў закон аб экстрэмізьме, у якім будзе закладзеная адказнасьць за «рэабілітацыю нацызму і прапаганду нацысцкай сымболікі». Пракурор Гомельскай вобласьці абяцае зрабіць усё, каб унесьці туды і бел-чырвона-белы сьцяг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG