Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​«Камісар паліцыі Бэрліна папярэдзіла, што рыхтуецца маё забойства» — Алкаеў пра пляны Лукашэнкі і КДБ


Алег Алкаеў

Былы начальнік СІЗА № 1 Алег Алкаеў, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда», расказаў Свабодзе пра тое, што ў 2012 годзе паліцыя Бэрліна атрымала інфармацыю аб плянах ліквідаваць яго і прапанавала ахову.

Алкаеў зьвязвае гэта з тым, што ён ключавым сьведка ў справе аб зьнікненьні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў. Ён спадзяецца, што цяпер распачнецца новы этап у расьсьледаваньні справаў зьніклых на міжнародным узроўні.

Алег Алкаеў. Былы начальнік менскага СІЗА № 1, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда». Мае сярэднюю спэцыяльную і вышэйшую адукацыю, палкоўнік унутранай службы. Больш за 30 гадоў працаваў у пэнітэнцыярнай сыстэме СССР, Казахстану, а з пачатку 1990-х гадоў — Беларусі. У 2001 годзе выступіў з выкрыцьцямі ў справе аб выкраданьні і меркаваным забойстве вядомых беларускіх палітыкаў. Калі яму стала відавочна, што праваахоўныя органы ня маюць намеру рабіць расьсьледаваньне, апублікаваў у незалежным друку інтэрвію і дакумэнты. Алег Алкаеў атрымаў у 2002 годзе палітычны прытулак у Нямеччыне.

Сьцісла

  • Мне гарантавалі бясьпеку толькі на тэрыторыі Нямеччыны.
  • Вячаслаў Дудкін быў і ёсьць носьбітам вельмі вялікай інфармацыі.
  • Мы з Шараметам мелі задуму перавыдаць кнігу «Расстрэльная каманда», працавалі над яе працягам.
  • Найперш жывы Паўлічэнка. Мне іншыя і не патрэбныя сьведкі. Паўлічэнка, Шэйман, Сівакоў... Дай ім Бог здароўя, каб дажылі.
  • Пасьля таго як у 2012 годзе мне стала вядома пра пагрозу забойства, я напісаў ліст тагачаснаму старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву. Адказу не атрымаў.

«КДБ дзейнічае толькі ў інтарэсах кіроўнай эліты, а канкрэтна — першай асобы дзяржавы»

— Якая была ваша рэакцыя на публікацыю ў аўтарытэтным брусэльскім выданьні EUObserver? Там сьцьвярджаецца, што Лукашэнка і КДБ плянавалі забойствы сваіх апанэнтаў у Нямеччыне, і быў апублікаваны запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. Паводле выданьня, на апэрацыю па ліквідацыі Алега Алкаева (былы начальнік СІЗА № 1 у Менску), Уладзімера Барадача (былы камандзір брыгады спэцназу) і Вячаслава Дудкіна (былы выканаўца абавязкаў начальніка аддзелу па барацьбе з карупцыяй) Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў, і апэрацыю хацелі правесьці бясьсьледна, інсцэнаваць няшчасны выпадак. Абмяркоўвалі таксама забойства журналіста Паўла Шарамета з выкарыстаньнем бомбы.

— Для мяне гэтая інфармацыя ня новая. Проста я цяпер даведаўся дэталі падступнай задумы. У 2012 годзе мяне пэрсанальна папярэдзіла камісар паліцыі Бэрліну пра тое, што плянуецца маё забойства. Але без аніякіх дэталяў. Яны проста ўзялі мяне пад ахову. Сказалі, што абавязаныя забясьпечыць мне ахову. Я папрасіў, каб гэта было негалосна, без паліцэйскіх пастоў каля дома.

Я ведаў у агульных рысах, што ёсьць людзі, якія працуюць над гэтым. У прыватнасьці, Ігар Макар. Вялікі яму дзякуй. Яму ўдалося праліць сьвятло на гэтую таямніцу. Спадзяюся, што рэакцыя грамадзкасьці будзе адпаведная. Увесь час кіраўнік краіны ў нас знаходзіўся за кадрам — ён ня ведае, яго ўсё жыцьцё падманвалі. А цяпер паступіла інфармацыя, якая дазваляе сумнявацца ў ягонай шчырасьці. Калі міліцыя хаця б дзесьці дзейнічае ў інтарэсах народу, то КДБ — толькі ў інтарэсах кіроўнай эліты, а канкрэтна першай асобы дзяржавы.

— Ці паведаміла вам нямецкая паліцыя нейкія дэталі плянаванага нападу, той небясьпекі, якая вам пагражала? Ці было сказана, што гэта небясьпека з боку Беларусі?

— Не. Нямецкая паліцыя арганізаваная вельмі проста, бязь лішніх сантымэнтаў і лішніх словаў: «Вам пагражае небясьпека, мы абавязаныя вас ахоўваць».

— Як доўга вас ахоўвалі?

— Я адмовіўся ад пэрсанальнай аховы. Я ж не прэзыдэнт, не прэм’ер, навошта мне паліцэйскі пост, хоць пра гэта ішла размова. Гэта мне не было патрэбна, бо гэта перашкаджае жыць. Негалоснае назіраньне, магчыма, і сёньня вядзецца. Тэхніка дазваляе гэта рабіць. У мяне ёсьць тэлефон, кампутар. Маё перамяшчэньне фіксуецца па тэлефоне праз GPS, і я магу даць у любы момант сыгнал пра нейкія падазрэньні. Але яны гарантавалі бясьпеку толькі на тэрыторыі Нямеччыны.

«Я даволі пасьпяхова працаваў над працягам кнігі, пакуль гэта яшчэ рана публікаваць»

— Вы — ключавая асоба ў расьсьледаваньні справаў аб зьніклых і меркавана забітых палітыках. Зьяжджаючы зь Беларусі, вы мелі дакумэнтальныя пацьверджаньні таго, якім чынам магло адбыцца іх забойства. Ці зьвязваеце вы гэтыя пагрозы непасрэдна з той інфармацыяй, якой вы валодаеце і якую ўжо абнародавалі?

— Так. Тое, што было абнародавана, выклікала занепакоенасьць, але ня больш за тое. У нас народ такі — нібыта мяне гэта ня тычыцца, а ўсё астатняе перамелецца. Я даволі пасьпяхова працаваў над працягам. Проста гэта пакуль не апублікавана, напэўна, яшчэ рана публікаваць, бо жывыя людзі ўдзельнічалі ў працэсе, і трэба найперш пра іх падумаць, ня даць магчымасьці ўладам схаваць памылкі, якія яны дапусьцілі ў ходзе гэтых злачынстваў.

«Я папярэджваў Шарамета, што рыхтуецца нешта сурʼёзнае супраць яго»

— Што вам вядома пра пагрозы на адрас Уладзімера Барадача і Вячаслава Дудкіна?

— Вячаслаў Дудкін быў і ёсьць носьбітам вельмі вялікай інфармацыі. Наколькі Ўладзімер Барадач валодаў інфармацыяй, трэба ў яго запытацца. Нешта ён расказваў пра касэты з запісам забойства Захаранкі. Магчыма, ён таксама носьбіт інфармацыі, бо ён быў у шчыльным кантакце і з Захаранкам, і з Ганчаром. Зразумела, што калі частым грэбнем падмятаць усё, то яшчэ шмат каго можна ў гэты сьпіс уключыць.

Што да Шарамета... Мы з Шараметам мелі задуму перавыдаць кнігу «Расстрэльная каманда», працавалі над яе працягам. Я зьбіраў інфармацыю, пісаў, а ён рэдагаваў. Мы плянавалі другое выданьне, але ня выйшла. Павал Шарамет — рэдактар і выдавец маёй кнігі «Расстрэльная каманда».

Я яго асабіста папярэджваў, што рыхтуецца нешта сурʼёзнае супраць яго, ён мне нават не адказаў. Праўдападобна, ён заняты быў, пераяжджаў ва Ўкраіну, былі свае праблемы. Ён да гэтага сурʼёзна не паставіўся. І атрымалася так, як атрымалася. Шарамет быў носьбітам інфармацыі. Ён яшчэ быў небясьпечны тым, што меў доступ да сродкаў масавай інфармацыі. Я чалавек кабінэтны, а ён — мэдыйны, у яго і радыё, і тэлебачаньне было, ён у любы момант мог агучыць інфармацыю на ўвесь белы сьвет. Таму ён быў небясьпечны — як носьбіт інфармацыі, як выдавец, як чалавек, які працягвае справу.

— Павал Шарамет забіты, Уладзімер Барадач, як і вы, у палітычнай эміграцыі. А Вячаслаў Дудкін? Ён таксама за межамі Беларусі?

— Так, ён за мяжой. Я зь ім сустракаўся.

«Доказы, якія ў мяне былі, можа, і дастатковыя для нашага хуткага беларускага суду, а для эўрапейскай бюракратыі гэтага мала»

— Як вы думаеце, якім можа быць розгалас і працяг гэтага гучнага расьсьледаваньня?

— Пасьля гэтай публікацыі яно павінна выйсьці на больш высокі ўзровень. Раней усё круцілася ў нейкім сярэднім ланцугу, дзе самі рашэньня прымаць не маглі, патрабавалі нейкіх важкіх доказаў. Асабіста ад мяне патрабавалі. Доказы, якія ў мяне былі, можа, і дастатковыя для нашага хуткага беларускага суду, а для эўрапейскай бюракратыі гэтага мала. Больш канкрэтныя павінны быць доказы. Журналісты — гэта чацьвёртая ўлада, прынамсі ў Нямеччыне і Эўразьвязе. Тут да яе абавязаныя прыслухоўвацца, прыслухоўвацца ўжо на больш якасным узроўні, прынамсі на ўзроўні ўраду. «У завулках» гэтая тэма хадзіла. У Страсбуры згадаюць на нейкай нарадзе, дзе сядзіць 500 дэпутатаў. Паслухалі, як нейкі дэтэктыў, пайшлі паабедалі — і забылі. Ніхто там рашэньня не прымае, толькі, як яны кажуць, выказваюць глыбокую занепакоенасьць. Ці «Міжнародная амністыя», якая ўвесь час нечага патрабуе, але яе ніхто ня слухае. Няма мэханізму ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў. А гэтая інфармацыя дае такі мэханізм, каб, сама менш, запытаць: «Спадар Лукашэнка, спадар новы старшыня КДБ Тэртэль, вы пацьвярджаеце ці абвяргаеце?».

Што робіць нармальны чалавек? Калі не пацьвярджае, то зьвяртаецца ў суд. Той жа Зайцаў. Калі ўзьвялі паклёп, давайце ў суд. Тады будзе праца са сьведкамі. Хто запісаў, як запісаў, дзе, пры якіх абставінах. Але ў суд ніхто ніколі не зьвяртаўся з гэтай нагоды. Казулін на рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты паказаў маю кнігу і запытаў (прэзыдэнт быў у залі): «Калі тут паклёп, патрабую завесьці крымінальную справу супраць Алкаева, а калі паклёпу няма, патрабую прыняць меры да Паўлічэнкі». Але ні да Паўлічэнкі, ні да мяне ніхто ніякіх мер не прыняў. Робяць выгляд, што гэтага проста не было. Сёньня я спадзяюся, што гэта будзе новы ўзровень.

«Каб дажылі ўсе асобы, якія вялі расьсьледаваньне»

— Вы неаднойчы гаварылі пра тое, што калі зьменіцца ўлада, каля 30 чалавек будуць стаяць у чарзе, каб даць паказаньні ў справе зьніклых. Мінула больш за 20 гадоў. Былі спробы пазбавіцца ад сьведак, некаторыя не дажылі. Як шмат засталося жывых сьведак?

— Складана сказаць. Тыя, пра каго я казаў, усе жывыя. Найперш жывы Паўлічэнка. Мне іншыя і не патрэбныя сьведкі насамрэч. Паўлічэнка, Шэйман, Сівакоў... Дай ім Бог здароўя, каб дажылі. Барані Божа, каб каранавірус іх не закрануў. І іншых байцоў, які наўпрост ці ўскосна ўдзельнічалі ў гэтых злачынствах. Каб дажылі ўсе асобы, якія вялі расьсьледаваньне. Ёсьць такая Сьвятлана Байкова, якая два гады вяла сьледзтва па справе Захаранкі, за што атрымала ордэн. Але два гады яна шукала Захаранку ў Нямеччыне. Цяпер яна жывая, здаровая.

Ёсьць яшчэ шэраг сьледчых. І добрасумленныя сьледчыя ёсьць, якія наўпрост дакрануліся да ўсіх гэтых пытаньняў. Я кажу пра афіцыйную частку. Ёсьць ужо пяць старшыняў КДБ, дай Бог ім усім здароўя, міністар унутраных спраў, у абавязкі якіх уваходзіла гэтае расьсьледаваньне і якія ў курсе ўсіх падзеяў. Вось гэта сьведкі. Навошта іншыя патрэбныя? Навошта мне патрэбны прапаршчык, які капаў магілу і закопваў? Ён і так за сваё адкажа. Ён, можа, лічыў, што робіць дзяржаўную справу, таму зь яго і пытацца будуць іначай. Яны ўсе жывыя і здаровыя, іх колькасьць павялічваецца з кожным новым прызначэньнем міністра ўнутраных спраў, старшыні КДБ. Пракуратуры гэта таксама тычыцца. Яны ўсе адкажуць. Гэта службовае бесьперапыннае злачынства.

Ліст Алега Алкаева старшыню КДБ Зайцаву ў 2012 годзе
Ліст Алега Алкаева старшыню КДБ Зайцаву ў 2012 годзе

Пасьля таго як у 2012 годзе мне стала вядома пра пагрозу забойства, я напісаў ліст тагачаснаму старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву. Працытую фразу пры канцы ліста:

«Я зьвяртаюся да вашай разважнасьці. Сытуацыя, якая склалася, нявыгадная нікому. Мне — з прычын, якія я выклаў вышэй, вам — з прычыны зараджэньня на тэрыторыі Беларусі злачыннай задумы, якая павінна быць рэалізаваная ў іншай краіне. У выніку гэта будзе называцца актам тэрарызму, адказваць за які давядзецца ізноў вам. Дзяржаве ў цэлым пагражае крайне непрыемны міжнародны скандал, які не дадасьць аўтарытэту яго кіраўніку. Я буду чакаць адказу 10 дзён. Калі яго ня будзе, то лічу сябе вольным ад усіх абавязаньняў і ў далейшым буду распараджацца інфармацыяй па гэтай справе паводле свайго меркаваньня. 25 траўня 2012 году».

— Ці атрымалі вы адказ?

— Не, канечне, Пасьля гэтага я сам распачаў невялікія пошукі, і яны мяне вывелі на патрэбны ўзровень, дзе я знайшоў пацьверджаньне зь іншых крыніцаў. І сёньня гэта выйшла афіцыйна.

  • Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар КДБ у справе публікацыі EUobserver, аднак нумар тэлефону прэс-службы не адказвае. Свабода накіравала адпаведны запыт праз электронную пошту Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар КДБ у справе публікацыі EUobserver, аднак нумар тэлефону прэс-службы не адказвае. Свабода накіравала адпаведны запыт праз электронную пошту Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG