Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Плянавалася фізычнае зьнішчэньне Суздальцава». Ігар Макар назваў яшчэ адну мішэнь «расстрэльнай каманды»


Андрэй Суздальцаў, архіўнае фота

Былы намесьнік камандзіра баявой групы антытэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС Беларусі «Алмаз» Ігар Макар у інтэрвію «Настоящему времени» назваў імя яшчэ аднаго чалавека, якога зьбіраліся ліквідаваць.

«Таксама ў мяне ёсьць доказы і пацьверджаньні таго, што плянавалася фізычная ліквідацыя Андрэя Іванавіча Суздальцава. Гэтага на запісе няма, але гэта пацьвердзіць мая крыніца асабіста ў судзе», — сказаў Макар.

«Я спадзяюся, што на гэта ўсё адрэагуе Расейская Фэдэрацыя. Я вельмі спадзяюся, што адрэагуе ўсясьветная супольнасьць, у прыватнасьці эўрапейская, і Амэрыка. І я думаю, што ўрэшце мы зможам пабароць гэты дыктатарскі рэжым, які дзейнічае ў нашай роднай краіне Беларусі», — дадаў ён.

Дэпартацыя Андрэя Суздальцава зь Беларусі 5 красавіка 2006 году
Дэпартацыя Андрэя Суздальцава зь Беларусі 5 красавіка 2006 году

Андрэй Суздальцаў — расейскі палітоляг, які да 2006 году працаваў у Менску і крытыкаваў рэжым Лукашэнкі. У 2006 годзе яго пазбавалі віду на жыхарства і дэпартавалі ў Расею як асобу, якая «ўяўляе пагрозу нацыянальнай бясьпецы Беларусі».

Пра што гаворыцца ў расьсьледаваньні EUObserver

  • Выданьне апублікавала гукавы запіс размовы 2012 году з удзелам кагосьці, чый голас нагадвае голас тагачаснага старшыні Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Вадзіма Зайцава.
  • Падчас гутаркі з двума суразмоўцамі абмяркоўваецца апэрацыя ліквідацыі Алега Алкаева (былога начальніка СІЗА № 1, «Валадаркі» ў Менску), Уладзімера Барадача (былога камандзіра брыгады спэцназу), Вячаслава Дудкіна (былога выканаўцы абавязкаў начальніка аддзелу барацьбы з карупцыяй) і Паўла Шарамета (расейскага журналіста беларускага паходжаньня, які ў той час жыў у Маскве).
  • Паводле запісу, Аляксандар Лукашэнка нібыта выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў на апэрацыі такога кшталту.
  • Спэцыялісты NATO ў Беларусі, знаёмыя з Зайцавым, пацьвердзілі брусэльскаму выданьню падабенства голасу Зайцава на аўдыё.
  • З 2013 году былы галава КДБ Зайцаў узначальвае прыватную кампанію — правайдэра тэле- і інтэрнэт-паслуг «Космас ТВ».

Радыё Свабода спрабавала атрымаць камэнтар КДБ да публікацыі EUobserver, аднак нумар тэлефона прэс-службы не адказвае. Свабода накіравала адпаведны запыт праз электронную пошту Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG