Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекары навучыліся прадказваць цяжкасьць каранавіруснай інфэкцыі


Веданьне колькасьці вірусу ў арганізьме пацыента можа дапамагчы лекарам прадказаць ход хваробы. Пра гэта піша The New York Times.

У той час як пацыенты з COVID-19 запоўнілі шпіталі па ўсім сьвеце, лекары сутыкнуліся са складаным пытаньнем: у якіх пацыентаў больш высокая верагоднасьць хуткага пагаршэньня стану? І ў каго зь іх больш шанцаў перамагчы вірус і ачуняць?

Аказваецца, ёсьць спосаб дапамагчы адрозьніць гэтыя дзьве групы, хоць ён яшчэ не атрымаў шырокага распаўсюджваньня. Дзесяткі дасьледчых прац, апублікаваных за апошнія некалькі месяцаў, паказалі, што людзі, чые целы кішаць каранавірусам, часьцей хварэюць і з большай верагоднасьцю паміраюць, у параўнаньні з тымі, хто нясе ў сабе значна менш вірусу.

Вірусная нагрузка

Вынікі паказваюць, што веданьне так званай віруснай нагрузкі — колькасьці вірусу ў арганізьме — можа дапамагчы лекарам спрагназаваць ход хваробы пацыента. Гэта дапамагае ім вылучаць тых, каму кіслародная дапамога можа спатрэбіцца, напрыклад, толькі раз на дзень, і тых, каму яна будзе патрэбная пастаянна. Пацыентаў з большай віруснай нагрузкай трэба даглядаць больш пільна, — кажа доктар Дэніэл Грыфін, лекар-інфэкцыяніст з Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку.

Паводле доктара Грыфіна, адсочваньне віруснай нагрузкі «сапраўды можа дапамагчы нам падзяліць рызыкі». Ідэя ня новая: кіраваньне віруснай нагрузкай доўгі час складала аснову лячэньня людзей зь ВІЧ і стрымліваньня перадачы гэтага вірусу.

Да гэтага часу для адсочваньня віруснай нагрузкі ў пацыентаў з COVID-19 было прыкладзена адносна мала намаганьняў. Аднак у гэтым месяцы амэрыканскае Ўпраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA) заявіла, што клінічныя лябараторыі могуць паведамляць ня толькі пра тое, ці быў чалавек інфікаваны каранавірусам, але і пра тое, колькі вірусу трапіла ў ягоны арганізм.

Сюрпрыз для лекараў

Гэтая навіна стала доўгачаканым сюрпрызам для экспэртаў, якія на працягу некалькіх месяцаў самастойна прымушалі лябараторыі фіксаваць інфармацыю пра вірусную нагрузку.

«Гэта вельмі важны крок FDA, — сказаў доктар Майкл Міна, эпідэміёляг з Гарвардзкага ўнівэрсытэту. — Я думаю, што гэта крок у правільным кірунку, каб максымальна выкарыстаць наяўныя ў нас зьвесткі для многіх заражаных людзей».

Дасьледаваньне, апублікаванае ў чэрвені, паказала, што вірусная нагрузка зьніжаецца па меры росту імуннага адказу, «як і варта было чакаць ад любога старога вірусу», — сказаў кіраўнік дасьледаваньня доктар Аляксандр Грэнінгер, вірусоляг з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту ў Сыэтле.

Тэст PCR дае больш інфармацыі

На шчасьце, дадзеныя аб віруснай нагрузцы — ці, прынамсі, яе прыблізная ацэнка — лёгка даступныя, яны ўбудаваныя ў вынікі PCR тэсту, які большасьць лябараторый выкарыстоўвае для дыягностыкі каранавіруснай інфэкцыі.

PCR тэст праводзіцца «цыклямі», кожны зь якіх падвойвае колькасьць віруснага генэтычнага матэрыялу, першапачаткова ўзятага з ўзору пацыента. Чым вышэй зыходная вірусная нагрузка, тым менш цыкляў патрабуецца тэсту для выяўленьня генэтычнага матэрыялу і атрыманьня сыгналу.

Станоўчы вынік пры нізкім парозе цыклю, або Ct, азначае высокую вірусную нагрузку ў пацыента. Калі тэст ня будзе станоўчы да завяршэньня многіх цыкляў, у пацыента, верагодна, больш нізкая вірусная нагрузка.

Пацьверджаньне на практыцы

Дасьледнікі з Weill Cornell Medicine ў Нью-Ёрку зафіксавалі вірусную нагрузку ў больш чым 3000 шпіталізаваных пацыентаў з COVID-19 у дзень іх шпіталізацыі. Лекары выявілі, што 40% пацыентаў з высокай віруснай нагрузкай — чые тэсты былі станоўчымі пры Ct 25 або ніжэй — памерлі падчас знаходжаньня ў шпіталі, у параўнаньні з 15% пацыентаў з станоўчымі тэстамі пры больш высокім Ct і, як мяркуецца, больш нізкай віруснай нагрузцы.

У іншым дасьледаваньні Дэпартамэнт грамадзкага здароўя Нэвады выявіў, што сярэдняе значэньне Ct складае 23,4 у людзей, якія памерлі ад COVID-19, у параўнаньні з 27,5 у тых, хто перажыў хваробу. У бессымптомных людзей сярэдні паказьнік склаў 29,6, што сьведчыць аб тым, што яны несьлі значна менш вірусу, чым дзьве іншыя групы.

Можа здацца, што гэтыя лічбы адрозьніваюцца вельмі нязначна, але яны адпавядаюць мільёнам вірусных часьцінак.
"Гэта ня тонкія адрозьненьні, — кажа доктар Грэнінгер. Дасьледаваньне, праведзенае ў яго лябараторыі, паказала, што ў пацыентаў з Ct менш за 22 шанцы памерці на працягу 30 дзён больш чым у чатыры разы вышэйшыя, чым у пацыентаў зь меншай віруснай нагрузкай.

Сумненьні скептыкаў

Крытыкі гэтых высноваў кажуць, што дакладнасьць тэкстаў PCR не вельмі высокая, бо яны грунтуюцца на мазках з носа і горла пацыентаў.

Таксама кажуць, што колькасьць каранавірусу ў арганізьме рэзка зьмяняецца ў ходзе інфэкцыі. Узроўні павышаюцца ад нявызначанага да станоўчага ўсяго за некалькі гадзін, а вірусная нагрузка працягвае расьці, пакуль не спрацуе імунны адказ. Затым вірусныя нагрузкі хутка зьніжаюцца.

Але вірусныя фрагмэнты могуць затрымлівацца ў арганізьме, выклікаючы станоўчыя вынікі тэстаў яшчэ доўга пасьля таго, як пацыент перастаў быць заразным і хвароба сышла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG