Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плязма крыві зьніжае рызыку цяжкай формы COVID-19 пры раньнім увядзеньні. Беларусы мелі рацыю


Падрыхтаваныя для выкарыстаньня кропельніцы з плязмай.

У 2020 годзе тысячы людзей атрымлівалі плязму ў якасьці экспэрымэнтальнага лячэньня COVID-19. Новае дасьледаваньне паказвае, што гэта працуе, але толькі пры ўвядзеньні на працягу некалькіх дзён пасьля пачатку хваробы, піша The New York Times.

Доўгачаканы экспэрымэнт

Невялікае, але дбайнае клінічнае дасьледаваньне ў Аргентыне паказала, што плязма крыві ачунялых пацыентаў з COVID-19 можа ўберагчы пажылых людзей ад сур’ёзнага цячэньня каранавіруснай інфэкцыі — калі яны атрымаюць тэрапію на працягу некалькіх дзён пасьля пачатку хваробы.

Вынікі, апублікаваныя ў сераду 6 студзеня ў New England Journal of Medicine, зьяўляюцца аднымі зь першых, якія канчаткова паказваюць на станоўчыя эфэкты лячэньня плязмай.

Гэтая публікацыя зьявілася амаль празь пяць месяцаў пасьля таго, як Упраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA) ЗША пад ціскам прэзыдэнта Трампа выдала экстраны дазвол на выкарыстаньне плязмы пры лячэньні пацыентаў, шпіталізаваных з COVID-19.

На працягу некалькіх месяцаў тысячы пацыентаў атрымлівалі ўнутрывенна плязму, пакуль дасьледчыкі чакалі дадзеных. Новае дасьледаваньне — адзін зь першых добра сплянаваных клінічных экспэрымэнтаў, якія паказваюць, што тэрапія плязмай мае пэўную карысьць. «Гэта тое, што мы шукалі, з пункту гледжаньня рэальных доказаў», — кажа доктар Богума Цітанджы, інфэкцыяніст з Унівэрсытэту Эмары.

Плязма пацыентаў, якія выздаравелі — бледна-жоўтая вадкасьць, якая застаецца пасьля аддзяленьня чырвоных і белых клетак крыві — мае ў сабе шмат малекул-антыцелаў, якія змагаюцца з хваробамі.

Калі 23 жніўня ў ЗША быў выдадзены дазвол на выкарыстаньне плязмы, зьявілася шмат крытыкаў такога мэтаду лячэньня. Адной з падстаў крытыкі была адсутнасьць сур’ёзных экспэрымэнтаў.

Ход дасьледаваньня

Новае дасьледаваньне, праведзенае доктарам Фэрнанда Полакам, пэдыятрычным лекарам-інфэкцыяністам і навуковым дырэктарам Фонду немаўляці ў Аргентыне, праліла сьвятло на абставіны, пры якіх плязма дае станоўчы эфэкт.

Дасьледаваньне паказала, што ў 80 чалавек увядзеньне плязмы на 48 адсоткаў зьнізіла рызыку разьвіцьця цяжкай хваробы COVID-19, у параўнаньні зь іншай групай з 80 чалавек, якія замест гэтага атрымлівалі фізіялягічны раствор.

Парамэтры дасьледаваньня былі строгімі: усім, хто ўдзельнічаў у ім, было ня менш за 65 гадоў — гэтая ўзроставая група схільная да больш высокай рызыкі сур’ёзнага цячэньня хваробы. Каля паловы ўдзельнікаў экспэрымэнту мелі дадатковыя праблемы са здароўем, якія зрабілі іх больш уразьлівымі для вірусу.

Увядзеньне плязмы, якая правяралася на наяўнасьць высокага узроўню антыцелаў, заўсёды праводзілася на працягу трох дзён пасьля таго, як у пацыентаў зьявіліся сымптомы.

Мы вырашылі пачынаць як мага раней, — сказаў доктар Полак. Паводле яго слоў, занадта позна прызначаць тэрапію падчас хваробы — гэта тое самае, што дазволіць рабаўніку гадзінамі абшукваць дом, перш чым выклікаць паліцыю. Раньняе ўвядзеньне можа задушыць інфэкцыю ў зародку, — кажа доктар Полак.

Ранейшыя дасьледаваньні, у якіх вывучалася эфэктыўнасьць плязмы для сур’ёзна хворых пацыентаў, праваліліся. Было выяўлена, што тэрапія мала спрыяе паскарэньню выздараўленьня або прадухіленьню сьмерці. Аказалася, што розьніца палягае ў часе пачатку тэрапіі. Вельмі важна пачаць гэта рабіць як найраней.

Монаклянальныя антыцелы ці плязма

З аднаго боку, плязма можа не працаваць так жа добра, як тэрапія монаклянальнымі антыцеламі — гэта сынтэтычная сумесь, што вырабляецца ў лябараторыі, а не бярэцца з крыві пацыентаў. Але, як адзначае доктар Полак, у плязмы ёсьць некаторыя перавагі перад лячэньнем монаклянальнымі антыцеламі.

Паколькі монаклянальныя антыцелы зьяўляюцца сынтэтычнымі і працаёмкімі ў вытворчасьці, яны маюць высокі кошт, часам у тысячы даляраў. У небагатых краінах плязма можа быць адным з найлепшых даступных варыянтаў лячэньня, кажа доктар Полак. Паводле яго слоў, увядзеньне плязмы ў Буэнас-Айрэсе абыходзіцца пацыенту менш чым у 200 даляраў. «Гэта больш даступна, больш танна, больш унівэрсальна», — кажа ён.

  • У Беларусі плязму ачунялых пацыентаў для лячэньня цяжка хворых людзей з COVID-19 пачалі прымяняць яшчэ вясной 2020 году. Беларускія лекары без спэцыяльных дасьледаваньняў, грунтуючыся толькі на раньніх паведамленьнях навукоўцаў і на сваёй практыцы заўважылі станоўчы эфэкт ад лячэньня плязмы. Часам толькі яна ратавала пацыентам жыцьцё.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG