Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Пэнс прэзыдэнтам ЗША? Калі палітык адмаўляецца ад «пяці хвілінаў славы»


Віцэ-прэзыдэнт ЗША Майк Пэнс прымае вакцыну супраць каранавірусу. Архіўнае фота.

Пасьля падзеяў у Капітоліі адной з тэмаў дыскусій палітолягаў у Амэрыцы (і ня толькі) зрабілася верагоднасьць імпічмэнту прэзыдэнта Дональда Трампа.

Некаторыя лічаць, што ў выпадку пачатку працэдуры за адстаўку Трампа прагаласуюць нават тыя сэнатары, якія раней падтрымалі яго. Большасьць, аднак, перакананыя, што наўрад ці сама працэдура можа быць распачатая — да інаўгурацыі Джо Байдэна застаецца менш за два тыдні.

І тым ня менш, такая верагоднасьць застаецца. У прэсу ўжо патрапіў праект абгрунтаваньня імпічмэнту, вядома, што за гэта выказвалася сьпікер ніжняй палаты Канрэсу Нэнсі Пэлосі. Яна прапанавала перадаць паўнамоцтвы віцэ-прэзыдэнту Майку Пэнсу (ён не ўхваліў штурм Капітолія).

Паводле Канстытуцыі, у выпадку, калі прэзыдэнт прызнаецца няздольным выконваць свае абавязкі (скажам, знаходзіцца пад агульным наркозам у часе апэрацыі), іх часова выконвае віцэ-прэзыдэнт. Але ў выпадку імпічмэнту (г.зн. калі прэзыдэнт адхіляецца ад улады назаўсёды) — віцэ-прэзыдэнт заступае на пасаду. Хоць бы нават да інаўгурацыі новаабранага заставалася некалькі дзён.

У амэрыканскай гісторыі віцэ-прэзыдэнт рабіўся гаспадаром Белага дому ў выніку забойства, сьмерці альбо добраахвотнай адстаўкі дзевяць разоў.

Пры жыцьці маіх амэрыканскіх равесьнікаў такое адбывалася двойчы.

У 1963-м, калі замест забітага Джона Кэнэдзі на пасаду прэзыдэнта заступіў Ліндан Джонсан; прысягу ён прыняў праз некалькі гадзінаў пасьля стрэлаў у Даласе, на борце самалёту. На фотаздымках гэтай падзеі побач з Джонсанам, які паклаў руку на Біблію, была Жаклін Кенэдзі — ейны ружовы гарнітур у крыві забітага мужа.

Ліндан Джонсан, Жаклін Кенэдзі і Джон Кенэдзі за некалькі гадзін да забойства прэзыдэнта Кенэдзі, 22 лістапада 1963
Ліндан Джонсан, Жаклін Кенэдзі і Джон Кенэдзі за некалькі гадзін да забойства прэзыдэнта Кенэдзі, 22 лістапада 1963

У 1974-м прэзыдэнт Рычард Ніксан пайшоў у адстаўку пад пагрозай імпічмэнту. Гісторыя пачалася з выяўленьня праслухоўваючых «жучкоў» у офісе канкуруючай партыі («Якая дробязь, я загадаў паставіць іх паўсюль яшчэ чвэрць стагодзьдзя таму, і — нічога!», — абурыўся б кіраўнік адной краіны). На пасаду заступіў Джэральд Форд (які, дарэчы, і віцэ-прэзыдэнтам не абіраўся, а стаў ім замест сышоўшага ў адстаўку з-за карупцыйнага скандалу Сьпіра Агню).

Ніксан у Менску, сярод суправаджаючых - старшыня Прэзыдыюму ВС БССР Фёдар Сурганаў, 1974 год.
Ніксан у Менску, сярод суправаджаючых - старшыня Прэзыдыюму ВС БССР Фёдар Сурганаў, 1974 год.

Аматары кансьпіралёгіі могуць заўважыць, што забойца Кенэдзі Освальд жыў у Менску, а Ніксан за месяц да адстаўкі наведаў Менск у рамках візыту ў СССР.

У выпадку, калі імпічмэнт адбудзецца, Пэнс будзе абавязаны прынесьці прысягу як прэзыдэнт. Але пакуль, як выглядае, ён не выяўляе да гэтага зацікаўленьня. Што асабіста ў мяне выклікае вялікую павагу.

Бо што, па сутнасьці, прапаноўвалася Пэнсу?

Зрабіцца 46-м прэзыдэнтам ЗША, адзін тыдзень пабыць самым уплывовым чалавекам у сьвеце.

Так, усяго на адзін тыдзень, але ўвайсьці ў гісторыю Амэрыкі менавіта як прэзыдэнт. Віцэ-прэзыдэнты таксама фігуры гістарычныя, інстытуцыі віцэ-прэзыдэнцтва прысьвечаныя галіны юрыдычных, палітычных, біяграфічных дасьледаваньняў, але...

Але гэта, пагодзімся, ня тое. Ну вось хоць бы такая самая што ні ёсьць дробязь. У амэрыканскіх крамах безьліч сувэніраў, самых розных, з выявамі ўсіх сарака пяці амэрыканскіх прэзыдэнтаў — кашулі, чахлы для тэлефонаў, кубкі (сам такія маю, нават два). Сувэніраў з выявай «віцэ» — ня бачыў ніколі.

Пэнс адмовіўся ад такога гонару. Які, як мне падаецца, увёў бы яго ў пантэон прэзыдэнтаў у большай ступені як казус.

Гэты тэкст я меркаваў назваць «Сапраўдны герой Амэрыкі» — таму, што Пэнс не пажадаў увайсьці ў гісторыю як прэзыдэнт у выніку зьбегу акалічнасьцяў.

Але потым прыгадаў узрост Пэнса.

Сёньня Трампу 74, Байдэну — 78. Праз чатыры гады, калі адбудуцца наступныя прэзыдэнцкія выбары, Пэнсу будзе 65. У цяперашніх амэрыканскіх палітычных рэаліях перад лічбай варта ўжыць слова «толькі».

Думаю, чытачы зразумелі, што я маю на ўвазе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG