Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ачмурэў». Ціханоўская нечакана падключылася да жывога эфіру ў Instagram да фэльчара з Горадні


Фэльчар-блогер Фёдар Сумкін з Горадні. Фота Tut.by.

Самы нефармальны фэльчар Горадні Фёдар Астаповіч вёў жывы эфір у Instagram увечары 10 студзеня, калі да яго падключылася Сьвятлана Ціханоўская.

Сеціва абляцелі фота ягонага шакаванага твару.

Фёдар Астаповіч працуе фэльчарам на хуткай дапамозе ў Горадні, ён шчыра паведамляе ў сваім інстаграме пра каранавірус і свае тату, а таксама піша казкі з адсылкай да «Ўладара пярсьцёнкаў». У Instagram ён вядомы як «Сумкін сын».

Позна ўвечары 10 студзеня Фёдар чарговы раз гутарыў са сваімі падпісантамі пра роды.

«Я з бруднай галавой смажыў курыцу на абшарпанай кухні», — узгадвае пра абстаноўку прамога эфіру гарадзенец.

Нечакана на 36-й хвіліне гутаркі да яе далучылася Сьвятлана Ціханоўская.

«Ды ладна! Ды ладна!», — толькі і здолеў адрэагаваць на ейнае зьяўленьне «Сумкін сын», схапіўся за галаву і шчасьліва заўсьміхаўся, разявіўшы рот.

Сьвятлана папрасіла прабачэньня, што без макіяжу, сказала, што ўжо зьбіралася спаць.

«Федзя, я цябе глядзела даўным-даўно, калі я, ведаеш, была яшчэ не на сваім месцы... Федзя, ты клясны, сур’ёзна табе кажу; дзякуй табе за ўсё, што ты робіш, гэта проста цудоўна», — сказала Ціханоўская.

Фёдар рэагаваў на ейныя словы воклічамі «Ды ня можа быць!» і хапаўся за галаву.

«Я зараз буду раўсьці на ўсю Беларусь. Дзякуй вам вялікі», — адказаў Фёдар.

Сьвятлана Ціханоўская запэўніла, што яна сама вядзе свой акаўнт у інстаграме і, калі некаму піша, то толькі сама.

«Хлопцы, мы разам... Жыве Беларусь», — разьвіталася Сьвятлана Ціханоўская перад тым, як пайшла ўкладаць дзяцей і спаць.

У Ціханоўскай усяго 24 падпіскі ў інстаграме. Сярод такіх публічных асобаў, як ейны муж Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, апынуўся і фэльчар Фёдар Астаповіч.

Пасьля эфіру Фёдар усё яшчэ ня мог паверыць, што да яго падключылася «прэзыдэнтка», як ён называў Ціханоўскую.

«Я ачмурэў», — коратка патлумачыў ён сваю рэакцыю.

Фёдар ня ведаў раней, што Ціханоўская на яго падпісаная, бо ў яго цяпер больш за 7 тысяч чытачоў.

За ноч гэты эфір паглядзелі больш за 7 тысяч разоў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG