Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Часам не да законаў». 14 абсурдных фактаў пра жыцьцё ў Беларусі паміж пратэстамі і гвалтам


Супрацоўнік камунальнай службы высякае бел-чырвона-белы сьцяг з-пад лёду

Падвезьці міліцыянта з сабой у ізалятар, быць засуджаным за сьнегавіка ці карагод у лесе, трапіць за краты за «падтрымку пратэстаў у думках» — у 2020-м многія беларусы развучыліся зьдзіўляцца рэчам, якія яшчэ нядаўна здаваліся прыкладамі з побыту КНДР, сьвету антыўтопіі «1984» або твораў Кафкі.

Тэлеканал «Настоящее время» сабраў для вас рэальныя гісторыі пра вельмі дзіўныя рэчы, якія здараюцца ў Беларусі ўжо больш за паўгода, — з дня выбараў 9 жніўня 2020-га, якія ўдзельнікі шматтысячных акцый пратэсту лічаць сфальсыфікаванымі.

Хоць гэтыя рэчы часта ідуць насуперак беларускаму заканадаўству, жыхароў краіны ўсё цяжэй гэтым зьдзівіць. «Часам не да законаў», — заявіў увосень Аляксандар Лукашэнка ў размове з работнікамі пракуратуры.

1. «Выйшаў — і нахабна стаіць перад міліцыяй»

У Беларусі чалавека могуць забіць за тое, што ён выйшаў і «нахабна стаяў перад міліцыяй» — прынамсі, так пракамэнтаваў сьмерць чалавека кіраўнік КДБ краіны. Іван Тэртэль расказаў гэта рабочым «Гродна-Азоту», фрагмэнт расшыфроўкі аўдыёзапісу сустрэчы апублікавала выданьне «Наша ніва»:

«Таварыш Тараўноўскі або Тарайкоўскі ў Менску загінуў. Але хто бачыў гэтыя здымкі — бачыў, што чалавек стаіць перад АМАПам, выйшаў — і нахабна стаіць перад міліцыяй. Ён стаіць мэтанакіравана».

Паводле якіх прававых нормаў дапушчальны расстрэл за «мэтанакіраванае стаяньне» і чаму дагэтуль не заведзеная крымінальная справа аб забойстве, Тэртэль не патлумачыў.

34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі загінуў каля станцыі мэтро «Пушкінская» 10 жніўня, на другі дзень пратэстаў. Празь некалькі дзён зьявілася відэа, на якім добра відаць, што ў Тарайкоўскага з блізкай адлегласьці страляе баец аднаго са спэцпадразьдзяленьняў. Крымінальная справа аб яго сьмерці дагэтуль не распачатая, праверка, якую праводзіў Сьледчы камітэт, прыпыненая 13 лістапада.

2. «У думках падтрымліваў пратэстоўцаў»

Нават за «падтрымку пратэстаў у думках» чалавека могуць пасадзіць — так здарылася зь менчуком Кірылам Даўгарукавым.

Чытаць думкі беларускія праваахоўныя органы пакуль не навучыліся: Кірыла затрымалі 29 лістапада непадалёк ад яго дома, калі ён ішоў у краму, — міліцыя спыняла мінакоў недалёка ад месца правядзеньня акцыі пратэсту.

На судзе Кірыл Даўгарукаў сказаў, што на самой акцыі не прысутнічаў, але «у думках падтрымліваў пратэстоўцаў». «Такім чынам, вы вінаватыя», — пастанавіла судзьдзя Анастасія Ляйкоўская і дала яму 13 сутак турмы. У ізалятары Кірыл перахварэў на COVID-19.

3. Пратакол на сьнегавіка

У Беларусі можна трапіць пад суд за сьнегавіка — у бел-чырвона-белых колерах, з вусамі і надпісам «Жыве Беларусь!» Менавіта за такі «пікет» (паводле вэрсіі міліцыі) ва ўласным двары будуць судзіць жыхара Гомельскага раёну.

Стваральнік сьнегавіка ад кантактаў з прэсай адмовіўся — пра выпадак расказаў беларускі праваабаронца Леанід Судаленка.

«Вясковец параіў участковаму скласьці пратакол на сьнегавіка, таму што пікетаваў ён. Нягледзячы на тое, што на той момант не было ні сьнегу, ні сьнегавіка, жыхара вёскі будуць судзіць», — сказаў Судаленка. На наступны дзень праваабаронцу затрымалі і дапыталі.

У 2019 годзе за сьнегавіка з улёткай брэстаўчанцы прысудзілі штраф — 25 з паловай рублёў.

4. У турме не забойцы, а тыя, хто расказаў аб забойстве

За забойства чалавека ў Беларусі кідаюць не абвінавачаных у злачынстве, а тых, хто расказваў пра забітага: па факце забойства 31-гадовага Рамана Бандарэнкі дагэтуль не завялі крымінальную справу. Прынамсі, сваякам пра гэта не паведамлялі.

Менчука каля яго дома пабіла і выкрала група людзей, якія зрывалі і зьнішчалі пратэставую сымболіку ў менскіх дварах (бел-чырвона-белыя стужачкі і плякаты). Пасьля выкраданьня Рамана прывезьлі ў рэанімацыю ў крытычным стане. На наступны дзень, 12 лістапада, ён памёр.

Неўзабаве пасьля сьмерці менчука Лукашэнка заявіў аб тым, што Бандарэнка быў п’яны. Вось толькі мэдыкі не выявілі ў крыві забітага сьлядоў алькаголю — пра гэта журналістка беларускага парталу TUT.BY Кацярына Барысевіч і расказала ў сваім артыкуле на падставе дадзеных ад анэстэзіёлага Арцёма Сарокіна. Празь некалькі дзён і яе, і лекара затрымалі і да гэтага часу трымаюць у сьледчым ізалятары праз абвінавачаньне ў «выдаваньні мэдычнай тайны, якое прывяло да цяжкіх наступстваў» (частка 3 артыкулу 178 КК). Паколькі сямʼя пацярпелага не пярэчыла супраць публікацыі гэтых зьвестак, складана зразумець, аб якіх «цяжкіх наступствах» ідзе гаворка.

Беларускі друк зьвязвае групу выкрадальнікаў і магчымых забойцаў Бандарэнкі з высокапастаўленымі спартоўцамі і чыноўнікамі, блізкімі паплечнікамі Аляксандра Лукашэнкі.

5. На «суткі» на таксі

Беларусы ня проста самі прыходзяць адбываць «суткі» за ўдзел у пратэстах, але і падвозяць міліцыянтаў — так адбылося з фатографам «Нашай нівы» Аляксандрай Піліповіч-Сушчыц, якая працавала на маршы памяці Рамана Бандарэнкі.

Сытуацыі, калі людзей адпускалі пад умовай вяртаньня ў СІЗА, калі там вызваліцца месца, — не навіна для пратэставай Беларусі 2020 году. Але, здаецца, упершыню бацькі затрыманай падвозілі яе ў ізалятар разам зь ейным участковым, які афармляў супраць яе справу. Чаму? Каб не чакаць да ночы ў «апорцы» (апорным пункце міліцыі) машыну.

Аляксандра адседзела свае сем дзён і падзялілася ўражаньнямі.

6. Арышт за карагод у лесе

У Беларусі можна сесьці на сем сутак за карагод у лесе — рашэньне менавіта з такой фармулёўкай вынес судзьдзя Андрэй Лагуновіч у справе 59-гадовай гамяльчанкі Алы. У яе доме адбыўся ператрус.

Згодна з пратаколам, жанчына «без дазволу гарвыканкаму ўзяла актыўны ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу ў лесе каля вёскі Новая Бухалаўка».

Міліцыя затрымала яшчэ дзьвюх удзельніц карагоду.

7. Дзеці гуляюць у АМАП і малююць пратэсты

Беларускія дзеці гуляюць у АМАП і пратэсты — фота і відэа з розных гарадоў Беларусі пра гэта распаўсюджваліся ў тэлеграме і інстаграме.

Непаўналетнія беларусы ладзяць свае акцыі ў дзіцячых садках:

А таксама малююць сілавікоў і бел-чырвона-белыя сьцягі:

8. Аблавы ў кватэрах

Беларускі АМАП ладзіць аблавы на пратэстоўцаў у кватэрах і спраўджвае рэгістрацыю ў пашпартах — гэта адбывалася, напрыклад, 15 лістапада 2020-га, калі міліцыя зьнішчала народны мэмарыял у двары дома, дзе жыў Раман Бандарэнка.

Дзесяткі людзей пахаваліся ў падвалах бліжэйшых дамоў, многіх прытулілі жыхары ў кватэрах. Міліцыя правярала пашпарты ў мінакоў, высьвятляючы, ці сапраўды яны тут жывуць, і палявалі на пратэстоўцаў, якія пахаваліся па кватэрах, чые гаспадары далі іх прытулак.

9. Суды над памерлымі і эмігрантамі

У Беларусі за ўдзел у маршах пратэсту гатовыя судзіць і памерлых, і людзей, якія даўно зьехалі.

У верасьні жыхар Лідзкага раёну даведаўся пра заплянаваны суд над яго маці, Валянцінай Вайтукевіч, за ўдзел у маршы пратэсту — нягледзячы на тое, што тая памерла ў 2014 годзе. Судзьдзя папрасіў прабачэньня і сказаў, што выклікаць памерлую жанчыну больш ня будуць, расказаў праваабаронца Алег Волчак.

Позва прыйшла і расейцы Маі Корсік — яе зьбіраліся судзіць «за ўдзел у масавым мерапрыемстве». Толькі вось жанчына даўно жыве ў Аўстраліі, а ў Беларусь у апошні раз прыяжджала ў 2017 годзе. Міліцыя спыніла адміністрацыйны працэс.

10. Зьбіла міліцыя — трапіш у турму

Мінака зьбіў мікрааўтобус міліцыі, які ехаў па сустрэчнай паласе, — і цяпер пацярпеламу пагражае да 6 гадоў турмы.

34-гадовы мужчына «не выконваў правілаў дарожнага руху», паведамілі ў ГУУС Менску. На яго завялі крымінальную справу за хуліганства — нібыта ён кідаў камяні і пашкодзіў машыну міліцыі.

11. Пікетаваньне з дапамогай аптычнага прыбора «Праектар»

У Беларусі сілавыя структуры жорстка распраўляюцца з тымі, хто спрабуе выказваць нязгоду. Можна атрымаць штраф — ці тэрмін! — за гірлянды бел-чырвона-белых кветак. Таму беларусы перайшлі на скрынкі ад тэлевізараў LG падобнай колеравай гамы.

Можна атрымаць штраф за «пікетаваньне з дапамогай аптычнага прыбора» «Праэктар» :

Дзіўныя людзі зь мікрааўтобуса могуць разьбіць вам акно за вывешаны за ім унутры кватэры сьцяг ці проста выкрасьці сьцяг з вашага гаўбца. Дарэчы, бел-чырвона-белы сьцяг на гаўбцы, паводле вэрсіі міліцыі, — гэта «масавае мерапрыемства».

12. Забарона на «БЧБ» — нават у зэфіры і жэле

Спалучэньне белага і чырвонага ў Беларусі — пад дзяржаўнай забаронай. Нават у жэле і пасьціле.

Супрацоўніца сеткі прадуктовых крамаў «Дыяніс» напісала ліст падначаленым: «Зьвярніце, калі ласка, увагу на прыгатаваньне фруктовага жэле: не дапускайце спалучэньня белага і чырвонага колераў»

Журналістам парталу TUT.BY у пачатку сьнежня ўдалося пацьвердзіць сапраўднасьць ліста, а таксама даведацца, што «супрацоўніца выказала свой пэрсанальны пункт гледжаньня і ініцыятыву».

А ў Жодзіне 30 кастрычніка суд аштрафаваў Іраіду Міско на 540 беларускіх рублёў ($ 205) за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. На адной з фатаграфій, паказаных падчас суду, жанчына трымае ў руцэ пасьцілу бела-чырвона-белага колеру. «Так, гэта так яна выказвае пратэст, зэфіркай», — сказаў у судзе капітан міліцыі Яўген Сямашка.

13. «Пляны ваенных дзеяньняў» у дварах

Пасьля наступленьня халадоў беларусы адмовіліся ад маштабных нядзельных маршаў і перайшлі на акцыі ў раёнах і нават асобных дварах.

Часам апісаньне плянаў нагадваюць ваенныя мапы — як, напрыклад, гэтая мапа нядзельных маршаў для жыхароў менскага раёну Грушаўка.

Невядомыя ў цывільным працягваюць затрымліваць мірных беларусаў і ў дварах, часта з ужываньнем гвалту, але людзі ўсё роўна выходзяць на акцыі пратэсту.

14. Высяканьне сьцягоў з-пад лёду

Беларусы зімой хаваюць сьцягі пад лёдам, а камунальныя службы спрабуюць іх дастаць ці хаця б засыпаць пяском.

Барацьба беларускіх камунальных службаў зь «незарэгістраванай сымболікай» (гэта значыць з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі) з надыходам зімы набыла ўражлівыя маштабы.

Самымі дзіўнымі выглядаюць спробы дабрацца да сьцягоў, схаваных пад лёдам.

***

Паводле дадзеных праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі адбываюцца самыя масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Эўропе за апошнія 40 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG