Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная прапаганда: шоў для аднаго гледача


Ілюстрацыйнае фота

Дваровыя маршы пасьля калядных сьвятаў заўважна актывізаваліся. А вось затрыманьняў стала меней: у апошнюю нядзелю пад арышт трапілі толькі крыху больш як дваццаць чалавек. «Толькі», бо яшчэ ў сьнежні лік ішоў на дзьве-тры сотні. Падобна, Лукашэнку пераканалі ў тым, што маршы практычна прыдушаныя. А гэтая візія важная для чалавека, які рыхтуецца да свайго пэрсанальнага традыцыйнага шоў — Усебеларускага сходу.

Сьцісла:

  • Лукашэнка верыць, што пратэсты здушаныя.
  • Ён сам сябе пераконвае, што пратэсты — вынік працы заходніх спэцслужбаў.
  • Лукашэнка дэ-факта праводзіць перадвыбарчую агітацыю-2.
  • 2020 год прадэманстраваў, што дзяржаўная прапаганда ня ўзьдзейнічае на большасьць грамадзянаў.

Інтэрвію Лукашэнкі расейскаму тэлеканалу «РТР» — гэта фактычна дэманстрацыя сілы і ўпэўненасьці. Танальнасьць выказваньняў такая, нібы і не было пяці месяцаў пратэстаў, у якіх у суме хоць раз узялі ўдзел больш за мільён чалавек.

Ствараецца ўражаньне, што Лукашэнка сам сябе запэўнівае ў тым, нібы пратэст выбухнуў не натуральным чынам знутры грамадзтва, а што за пратэстам стаіць варожы Захад: «Спэцслужбы Літвы, Польшчы, ня думаю, што Ўкраіны, але імкнуцца яны там дзесьці побач быць. У нас адзіная думка, у расейцаў і беларусаў, адпаведных людзей, што ўсім гэтым запраўляюць ЗША». Маўляў, пакрычалі — ну і канец на гэтым.

Магчыма, самазаспакаеньне Лукашэнкі счытвае дзяржаўная прапаганда, калі анансуе цэлы тыдзень «выкрываньня» грамадзкіх дзеячоў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь: «Ложь беглых! Кому и о чём врали невероятные создатели „Страны для жизни“?!» І за якімі, нібыта, стаяць вышэйзгаданыя заходнія спэцслужбы.

Лукашэнка апошнім часам шмат наведваў шпіталі, дэманструючы свой клопат аб праблеме пандэміі. Яго, відаць, не бянтэжыць, што акурат лекары як ніхто ведаюць цану ягоным словам і ўчынкам увесну 2020 году, калі пандэмія толькі распачыналася. Дый пацыенты, як мінімум ужо ў лякарні, дазналіся пра сапраўдны стан рэчаў з пандэміяй у Беларусі.

Паездкі па лякарнях, а таксама па некаторых дзяржаўных прадпрыемствах, нагадваюць перадвыбарчую кампанію. То бок проста дыктатарам Лукашэнка быць ня хоча. Ён хоча, каб яго цанілі і паважалі.

І як вішанька на торце самазаспакаеньня — размовы пра чэмпіянат сьвету па хакеі. «Ніякай небясьпекі ў нас няма і ня будзе», — пераконвае Лукашэнка прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля.

Пратэсты сьціхлі, «паста вярнулася ў цюбік» — то бок усё зрабілася як было: пануюць стабільнасьць і росквіт. Вось галоўны мэсыдж, які шле ў эфір дзяржаўная прапаганда.

А наколькі ўплывовая яна сёньня, тая дзяржпрапаганда? Эфэктыўнасьць яе ўсе ўбачылі ў 2020 годзе, калі Сьвятлану Ціханоўскую прызналі пераможцай большасьць незалежных экспэртаў. Тое ж самае адбылося з БЧБ, які дзяржаўная прапаганда палівала гразёй чвэрць стагодзьдзя і — практычна бяз выніку. Людзі ўсталі на пратэст пад БЧБ-сымболікай.

Цяперашнія спробы аднавіць імідж Лукашэнкі як мудрага і клапатлівага гаспадара-дзяржаўніка выглядаюць сутаргава марнымі. Такое адчуваньне, што аграмадны ідэалягічны апарат працуе выключна для аднаго гледача — Лукашэнкі.

Чаму Лукашэнка мяркуе, што пратэсты з дваровых ня вернуцца ў фармат маштабных? Што дае падставы так меркаваць? Мы наўрад ці дазнаемся, прынамсі, бліжэйшым часам. Як па мне, то мы маем справу з суб’ектыўнымі фактарамі, са скажонай карцінкай беларускіх рэалій, якія існуюць у адной асобна ўзятай сьвядомасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG