Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«І званьні, і ўзнагароды за парушэньні Канстытуцыі». Новыя зьвесткі пра ўдзел беларускіх спэцпадразьдзяленьняў у разгоне пратэстаў


Андрэй Астаповіч, былы сьледчы

10 студзеня споўнілася пяць месяцаў з моманту забойства ў Менску Аляксандра Тарайкоўскага — ён стаў першым пратэстоўцам, забітым падчас мітынгаў супраць вынікаў выбараў у Беларусі.

Афіцыйнае расьсьледаваньне яго гібелі прыпынена (у МУСе спачатку заяўлялі, што ён сам падарваўся, потым — што, верагодна, мог быць забіты гумовай куляй), аднак апублікаванае ў інтэрнэце відэа і некалькі незалежна праведзеных расьсьледаваньняў абставін яго гібелі сьведчаць пра тое, што ён быў забіты стрэлам з боку беларускіх сілавікоў.

Ініцыятыва BYPOL, якая аб’ядноўвае нязгодных з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі беларускіх сілавікоў, апублікавала новыя дадзеныя пра абставіны сьмерці Тарайкоўскага. Яны знайшлі імя супрацоўніка ДАІ, які забясьпечваў праезд да месца, дзе загінуў пратэстовец. Паводле дадзеных BYPOL, гэты супрацоўнік ДАІ забясьпечыў пад’езд да скрыжаваньня праспэкту Пушкіна і вуліцы Прытыцкага (дзе і адбылася сутычка) супрацоўнікаў антытэрарыстычных падразьдзяленьняў КДБ «Альфа» і спэцыяльнага тэрарыстычнага падразьдзяленьня МУС «Алмаз». Гэта новыя доказы таго, што спэцпадразьдзяленьні былі прыцягнутыя да разгону пратэстоўцаў адразу пасьля выбараў. Акрамя таго, гэты супрацоўнік пазьней атрымаў званьне падпалкоўніка і мэдаль «За адвагу» за «павышэньне аўтарытэту органаў унутраных справаў у насельніцтва Рэспублікі Беларусь».

Пра тое, што яшчэ стала вядома пра дзеяньні беларускіх сілавікоў, «Настоящее время» паразмаўляла з заснавальнікам ініцыятывы BYPOL, былым беларускім сьледчым Андрэем Астаповічам.

— Раскажыце больш падрабязна пра вашы новыя дадзеныя. Акрамя асобы даішніка, вам стала вядома аб тым, што падпалкоўнік атрымаў асобную ўзнагароду?

— Так, гэтыя дакумэнты сапраўды надзейныя. Больш-менш уважлівыя людзі могуць заўважыць, што на фатаграфіі ў жніўні ён яшчэ маёр. Гэта значыць, ён яшчэ і званьне падпалкоўніка атрымаў досыць хутка. Прасоўваньне за аналягічныя дзеяньні ў нас у Рэспубліцы Беларусь ідзе па ўсіх франтах. І званьні, і ўзнагароды, і прасоўваньне па службе за прамыя парушэньні Канстытуцыі.

— А пра што кажа тое, што на месцы пратэстаў дзейнічала антытэрарыстычнае падразьдзяленьне «Алмаз»?

— Такія падразьдзяленьні супраць мірных людзей на акцыях наогул не павінны прымяняцца, у іх іншыя мэты і задачы. І гэта сьведчыць пра сур’ёзнасьць падыходу з боку нашага цяперашняга кіраўніцтва краіны, пра тое, што яны адчуваюць пагрозу ад усіх гэтых мерапрыемстваў, ад людзей. І гатовыя бараніцца любымі спосабамі, прыцягваючы самыя фізычна і тэхнічна падрыхтаваныя падразьдзяленьні на перадавую, ужываючы іх супраць свайго мірнага насельніцтва. А калі браць «Алмаз», дык гэта людзі, якія рыхтуюцца да ліквідацыі тэрарыстаў. Гэта фізычная ліквідацыя людзей. Яны пад гэта рыхтуюцца. Такімі падразьдзяленьнямі змагаюцца з арганізаванай узброенай злачыннасьцю або прафэсійна наладжаным наркатрафікам.

— Варта адзначыць, што гэта літаральна другі дзень пратэстаў. Першы дзень пасьля так званых выбараў. І ўжо дзейнічае гэтае антытэрарыстычнае падразьдзяленьне.

— Яны дзейнічалі ўсе. Ня толькі «Алмаз». У нас ёсьць і іншыя войскі, дзе ёсьць свае падразьдзяленьні. І іншыя падразьдзяленьні, якія дзейнічалі разам з АМАПам, з унутранымі войскамі.

— Андрэй, ужо пасьля новага году ваша кампанія выклала дакумэнт, які дае падрабязную інфармацыю аб кадравай сытуацыі ў шэрагах Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Якія высновы можна зрабіць з гэтага дакумэнту, ці шмат людзей звольнілася пасьля пачатку пратэстаў? Ці можна казаць пра масавыя звальненьні?

— Дакумэнт ахопліваў ня ўвесь час пратэстаў, а толькі жнівень, верасень і пачатак лістапада, можа кастрычніка. Там ня ўлічваецца Сьледчы камітэт. Гэты дакумэнт ахоплівае толькі Міністэрства ўнутраных спраў, ён не ахоплівае ні МНС, ні Ўзброеныя сілы. Толькі ўнутраныя войскі МУС. Таму гэтая лічба ідзе па сыстэме МУС, па міліцыі як такой. І захапіла ня ўвесь пэрыяд пратэстаў. Але тысяча чалавек на працягу двух-трох месяцаў — гэта досыць вялікі паказьнік. Таму што за ўвесь час ад першай дэкады 2020 году звольнілася дзьве тысячы чалавек у сярэднім. І палова зь іх — за два месяцы пасьля выбараў. Нарастаньне адбылося.

Таксама ня ўлічваліся ні пасольскія работнікі, ні судзьдзі, гэта ня поўная карціна.

— Няпоўныя дадзеныя азначаюць, што насамрэч колькасьць звальненьняў была большая?

— Так, значна большая. Я думаю, дзесьці разы ў два-тры большая. З улікам таго, што пратэставыя рухі былі ў Сьледчым камітэце. Сам прэзыдэнт пра гэта казаў праз ускосныя заявы пра тое, што Сьледчы камітэт хацелі наогул расфармаваць. Гэта пракуратура, правасудзьдзе і гэтак далей. У МНС таксама вялікія былі пратэставыя рухі, і многія людзі таксама сышлі.

Плюс яшчэ дэмабілізацыя, яна сюды наогул не адносілася. Сюды адносіліся працаўнікі атэставаныя. Калі і браўся цывільны пэрсанал, дык той, які наймаўся на пасаду на кантрактнай аснове. Некантрактнікі там ня ўлічваліся. Калі ўзяць дэпартамэнт аховы, то ў гэты дакумэнт уваходзіла каля 11 тысяч чалавек на кантрактнай аснове. А цывільны пэрсанал, гэта 26 тысяч чалавек, у склад гэтага дакумэнту не ўваходзіў. Гэта значыць, можна ўлічваць, колькі людзей яшчэ проста ня ўключана ў гэты сьпіс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG