Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы камандзір вайсковага спэцназу Барадач — пра Захаранку і аўдыёзапіс 2012 году


Уладзімер Барадач, Юры Захаранка і Валер Костка. Архіўнае фота.

Палкоўнік у адстаўцы Ўладзімер Барадач, былы камандзір 5-й асобнай брыгады спэцназу ў Мар’інай Горцы, ацэньвае дзейнасьць спэцпадразьдзяленьняў падчас мірных пратэстаў, расказвае пра сваё расьсьледаваньне справаў зьніклых і называе сапраўдным аўдыёзапіс 2012 году.


Імя Ўладзімера Барадача разам з імёнамі Паўла Шарамета, Алега Алкаева і Вячаслава Дудкіна гучыць у размове з удзелам нібыта тагачаснага старшыні КДБ Вадзіма Зайцава 2012 году, аўдыёзапіс якой здабыў былы спэцназавец Ігар Макар і абнародавала аўтарытэтнае брусэльскае выданьне EUObserver. Размова ідзе пра плянаванае забойства гэтых асобаў, якое мелася выглядаць як няшчасны выпадак, на што нібыта Аляксандар Лукашэнка выдзеліў звыш 1,5 млн даляраў.

Уладзімер Барадач на сваім youtube-канале выпусьціў свой адказ, у якім пацьвердзіў, што ў свой час нямецкая паліцыя папярэджвала яго пра пагрозу жыцьцю і прапанавала ахову, а таксама заявіў яшчэ пра некалькі спробаў замаху з боку беларускіх спэцслужбаў.

Сьцісла

  • ГКЧП маральна быў не гатовы расстрэльваць сваіх грамадзян, а Лукашэнка будзе стаяць да апошняга амапаўца. Улада для яго — адзіная гарантыя яго бясьпекі.
  • Я прапаноўваў старшыні Вярхоўнага Савету Шарэцкаму ўвесьці батальён і вырашыць пытаньне прасьцей, але ён хацеў гэта зрабіць паводле закону. Імпічмэнт праваліўся. Пачаўся захоп улады ў краіне.
  • Захаранка ад МУС, Костка ад КДБ, Барадач ад Узброеных сілаў Беларусі — мы сабраліся і пачалі ствараць Саюз афіцэраў Беларусі. Толькі сіла магла супрацьстаяць усталяваньню дыктатуры.
  • Адна справа — даць загад паводле закону супраць ворага, а іншая справа — міжсабойчык. Гэта не была афіцыйная размова старшыні КДБ са сваімі падначаленымі. Баец прасіў афіцыйныя паўнамоцтвы, а Зайцаў ня мог гэтага абяцаць.
  • У 2010 годзе я выйшаў на цела без кісьцей рук, з прастрэленым чэрапам. Яно было падахаванае да людзей, расстраляных падчас Другой сусьветнай вайны. Час забойства, рост, структура цела супадалі з часам зьнікненьня Захаранкі. Біялягічны аналіз не праводзіўся.
  • Антытэрарыстычнае падразьдзяленьне КДБ «Альфа», «Алмаз» МУС, 5 асобная брыгада спэцназу не прызначаныя для прыцягненьня іх да навядзеньня грамадзкага парадку.

Пра аўдыёзапіс 2012 году

Уладзімер Барадач — адзін з ініцыятараў стварэньня «Саюзу афіцэраў Беларусі»
Уладзімер Барадач — адзін з ініцыятараў стварэньня «Саюзу афіцэраў Беларусі»

— Калі паслухаць аўдыёзапіс, дзе гаворыцца пра забойства Барадача, Алкаева. Дудкіна, Шарамета... Разумееце, як акуратна вёў размову. Недагаворваў. Сэнс ішоў паміж радкоў. Бо адна справа — даць загад паводле закону супраць ворага, а іншая справа — міжсабойчык. Гэта не была афіцыйная размова старшыні КДБ са сваімі падначаленымі. Гэта размова злачынцаў, бо тры чалавекі абмяркоўвалі магчымасьць правядзеньня злачыннай апэрацыі. Баец, які ведаў мяне, павінен быў выйсьці на мяне, ён прасіў ксіву, пасьведчаньне, афіцыйныя паўнамоцтвы, а Зайцаў ня мог яму гэтага абяцаць.

Я не кажу, што апазнаў Зайцава. Я з Зайцавым не сустракаўся і не праводзіў экспэртызу. Гэта задача экспэртаў. Я зьвязаў усе падзеі і выклаў высновы на сваім канале. Недагаворваньні, намёкі з боку Зайцава і тое, пра што казаў мой былы баец... Інфармацыя, якой валодаў баец, была вядомая адзінкам. Я гавару пра тое, што гэта запіс нейкага кіраўніка ў кабінэце КДБ, і там прысутнічаў і трэці чалавек з «Алмазу». Калі зьвязаць гэты запіс, факты, якія былі да гэтай размовы і пасьля яе, то ўсё супадае.

Пра службу ў спэцназе

— Я скончыў менскую Сувораўскую вайсковую вучэльню, паступіў у Разанскую паветрана-дэсантную вучэльню на факультэт спэцназу. Мы баяліся, што войны скончацца і для нас не застанецца месца подзьвігу ў інтарэсах нашай Айчыны. Спэцназ быў прызначаны для выкананьня выведна-дывэрсійных задачаў у глыбокім тыле праціўніка. Квіткі прадаваліся толькі ў адзін бок, зваротнай дарогі не было. Пасьля вучэльні была служба ў спэцназе ад камандзіра ўзводу да камандзіра брыгады спэцназу. Узровень падрыхтоўкі нашай брыгады быў вельмі высокі. У спаборніцтвах на першынство спэцназу ў СССР мы займалі першыя і прызавыя месцы. Тут служылі найлепшыя салдаты і афіцэры краіны. Нашы дэвізы былі: «Зь неба, на зямлю ў бой!», «Зь любых вышыняў у любое пекла!», «Гатовыя памерці вітаюць вас», «Сьмерці няма, але калі яна прыйдзе, нас ужо ня будзе». Каго цікавіць, могуць пачытаць у маёй кнізе «Зомби страны Советов».

Пра вайсковую прысягу на вернасьць незалежнай Беларусі

— У 1992 годзе на плошчы Незалежнасьці прайшла ўрачыстая цырымонія — беларускія вайскоўцы прынялі прысягу на вернасьць незалежнай Беларусі. Тэкст прысягі зачытвалі вы. Калі і чаму скончылася ваша служба ў беларускім войску? Як вы далучыліся да дэмакратычнай апазыцыі?

— Савецкі Саюз разваліўся, таму што ня вытрымаў палітычнай, эканамічнай канкурэнцыі з Захадам. Аднак асноўным фактарам было тое, што згнілі вярхі краіны. Кіраўніцтва краіны не арыентавалася ў сытуацыі і ня здольнае было прымаць канкрэтныя рашэньні і браць на сябе адказнасьць. Нешта падобнае назіраецца і ў «калгасе» Лукашэнкі пад назвай Беларусь. Мы выкрасьлілі з жыцьця краіны 27 гадоў і дрыфтуем на датацыях Расеі. Аднак адрозьненьне сытуацыі ў тым, што ГКЧП маральна быў не гатовы расстрэльваць сваіх грамадзян, а Лукашэнка будзе стаяць да апошняга амапаўца. Улада для яго — адзіная гарантыя яго бясьпекі.

Пасьля развалу СССР Беларусь заставалася адзінай краінай, дзе народ карміў войска, якое яму не прысягала. Гэта закранала нацыянальную годнасьць, і ў 1992 годзе група афіцэраў прыняла сымбалічную вайсковую прысягу на вернасьць Беларусі. Вайскоўцы павінны быць па-за палітыкай.

Як афіцэр я не павінен быў займацца палітыкай, а як грамадзянін абавязаны. У студзені 1993 году я быў звольнены з шэрагаў Узброеных сіл, скончыў курсы перападрыхтоўкі вайскоўцаў па спэцыяльнасьці «замежнаэканамічная дзейнасьць» і пачаў новае жыцьцё.

Пра супрацу з Захаранкам


— Я нядаўна глядзела архіўны відэазапіс 1997 году, калі жывыя яшчэ Юры Захаранка і Віктар Ганчар сустракаюць вас ля сумна знаёмай цяпер ужо ўсім беларусам турмы на Акрэсьціна пасьля адміністрацыйнага арышту. Вам прыносяць вайсковую форму з мэдалямі і ордэнамі. Раскажыце, наколькі блізкімі вы былі з Захаранкам, а таксама пра стварэньне Саюзу беларускіх афіцэраў, якім вы разам займаліся.

— З Захаранкам мы працавалі разам з 1995 году, пасьля яго звальненьня. Карпенка, Ганчар, Захаранка — гэта была адна каманда. Падчас імпічмэнту прэзыдэнта Лукашэнкі ў 1996 годзе мы з Захаранкам аднесьлі дакумэнты зь Вярхоўнага Савету ў Канстытуцыйны суд для прыняцьця рашэньня. Паседжаньне не адбылося, старшыні Канстытуцыйнага суду Валеру Ціхіню прадʼявілі пікантны кампрамат, і ён зьнік на трое сутак. Я прапаноўваў старшыні ВС Шарэцкаму ўвесьці батальён і вырашыць гэтае пытаньне прасьцей, але ён хацеў гэта зрабіць паводле закону. Імпічмэнт праваліўся. Пачаўся захоп улады ў краіне. Разгон Вярхоўнага Савету, зьмена Канстытуцыі...

Захаранка і Ганчар у 1997 годзе каля турмы на Акрэсьціна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:09 0:00

Захаранка ад МУС, Костка ад КДБ, Барадач ад Узброеных сілаў Беларусі — мы сабраліся і пачалі ствараць Саюз афіцэраў Беларусі. Толькі сіла магла супрацьстаяць усталяваньню дыктатуры. Лукашэнка быў яшчэ слабы і разумеў гэтую небясьпеку. Мяне запрасілі ў Раду бясьпекі і прапанавалі вярнуцца на службу, атрымаць генэральскае званьне і зьехаць у Брусэль прадстаўніком у NATO. Гэта было спакусьліва. Мне ўпершыню ў жыцьці прапаноўвалі ня бегаць па мінных палях, а ўвайсьці ў адчыненыя дзьверы дабрабыту і бесклапотнага жыцьця.

Я пайшоў супраць інтарэсаў сямʼі і ведаў, што гэта мала хто ацэніць. Я заўсёды быў верны свайму слову. Калі б я пагадзіўся з Лукашэнкам, то вымушаны быў бы быць зь ім да канца, бо той, хто здрадзіць раз, будзе здраджваць заўсёды. Таму мне давялося застацца з паплечнікамі, якія ўжо былі асуджаныя.

У 1999 годзе мы з Ганчаром, Захаранкам, Чыгіром, Антончыкам арганізоўвалі і праводзілі альтэрнатыўныя прэзыдэнцкія выбары. Мяне і Чыгіра арыштавалі, яго асудзілі на 5 гадоў, мяне адпусьцілі.

7 траўня 1999 году, у дзень зьнікненьня, мы сустрэліся з Захаранкам, як звычайна, у 10:00 каля штабу Чыгіра. За намі ўсюды хадзіла «наружка» байцоў Паўлічэнкі. Мы думалі, што нас арыштуюць і пасадзяць у турму. Захаранка выдаў мне адну важную інфармацыю. Ён дапусьціў фатальную памылку, таму ён стаў першым у сьпісе сьмяротнікаў.

У гадзіну ночы Ганчар патэлефанаваў мне і паведаміў, што Захаранка паставіў сваю машыну на стаянку і не дайшоў да дома. Я сеў у машыну і выехаў на пошукі. Няма неабходнасьці расказваць пра дэталі пошукаў...


Пра расьсьледаваньне справаў зьніклых

— Я гутарыла з былым начальнікам СІЗА № 1 у Менску Алегам Алкаевым з нагоды публікацыі аўдыёзапісу 2012 году. Паводле яго, і ён, і Дудкін, і Шарамет, і вы — носьбіты інфармацыі, небясьпечнай для ўладаў. Мы з вамі гутарылі каля 10 гадоў таму ў эфіры Радыё Свабода, і вы тады заяўлялі пра тое, што вам паказвалі фрагмэнты відэазапісу, з катаваньнем і пакараньнем сьмерцю Юрыя Захаранкі, і вам прапаноўвалі гэта купіць. Мы пазьней чулі ад былога СОБРаўца Гараўскага пра абставіны забойства Юрыя Захаранкі, і тут ёсьць несупадзеньні. Што адбылося ў 1999 і 2000 гадах з Захаранкам, Ганчаром, Красоўскім, Завадзкім, мае стаць прадметам незалежнага расьсьледаваньня і аўтарытэтнага суду. Ці згодныя вы, што асноўная прычына ўвагі да вас спэцслужбаў у розныя гады — гэта менавіта справы зьніклых?

— Пасьля зьнікненьня Захаранкі, Ганчара і Красоўскага байцы Паўлючэнкі неяк летам падлавілі і мяне ў лесе. Але я быў гатовы да гэтай сустрэчы. Аднаму чалавеку, які сядзеў са мной у машыне, я прапанаваў уцячы і расказаць журналістам. Аднак ён гэтага не зрабіў. Мы ішлі насустрач адзін аднаму, гатовыя забіваць, аднак паміж намі сталі нашы сябры са зброяй, якія затрымаліся ў кустах. Нямая сцэна. «Мы памыліліся», — сказаў іх камандзір. Хлопцы рэзка павярнуліся на 180 градусаў, селі ў машыну, якая была колераў ДАІ. Яны былі апранутыя ў чорныя камбінэзоны, у высокіх берцах. Я ведаю гэтых людзей. Гараўскага сярод іх не было. Фрагмэнты відэаздымкі допыту Захаранкі я бачыў, а поўнае відэа мне прапаноўвалі купіць за 200-250 тысяч даляраў. Я не хачу камэнтаваць паказаньні Гараўскага. Толькі пасьля яго адказаў на шэраг маіх пытаньняў я мог бы зрабіць выснову, быў ці не Гараўскі ў групе захопу Захаранкі. Тым больш цяпер ён прыносіць карысьць краіне.

Безумоўна, адна з прычын цікаўнасьці спэцслужбаў Лукашэнкі да мяне — зьвесткі пра зьніклых апанэнтаў рэжыму. Я ведаю непасрэдных забойцаў і шэраг іншых людзей, якія забясьпечвалі апэрацыі ў ліквідацыі апанэнтаў рэжыму.​

Пра рашэньне эміграваць і знойдзенае цела

— Калі і чаму вы прынялі рашэньне аб палітычнай эміграцыі?

— Наступіў момант, калі я ўсьвядоміў, што мы надоўга прайгралі. Апазыцыя зьнішчаная... На працягу 8 гадоў я працаваў за межамі Беларусі, зрэдку на дзень прыяжджаў дадому. Я не сьпяшаўся выехаць з краіны і атрымаць палітычнае прыстанішча. У 2010 годзе я выйшаў на труп. Цела было без кісьцей рук, з прастрэленым чэрапам. Яно было падхаванае да людзей, расстраляных падчас Другой сусьветнай вайны. Няма трупа — няма злачынства. Час забойства гэтага чалавека, рост, структура цела супадалі з часам зьнікненьня Захаранкі. Гэта мяне зацікавіла. Біялягічны аналіз не праводзіўся. Доступ да цела ў моргу быў забаронены. Гэтую інфармацыю я атрымаў ад ужо памерлага супрацоўніка дадзенай мэдычнай установы... Парэшткі не былі пахаваныя, як належыць, на спэцыяльных могілках...

...Я зьехаў у адпачынак. За мяжой атрымаў інфармацыю, што на мяне хочуць завесьці крымінальную справу. Перада мной паўстала пытаньне: што рабіць? Бо ў эміграцыі ва ўзросьце 59 гадоў я павінен быў пачынаць жыцьцё нанова... Амаль год я чакаў рашэньня аб даваньні мне палітычнага прыстанішча. Цяжка і агідна было даказваць, што мне нешта пагражае, бо мае сябры загінулі даўно, а я жывы, значыць, мне нічога не пагражае. Цяжка было маральна ўсьведамляць, што ты пазбаўлены Радзімы. Гэта не праходзіць да гэтага часу.

Пра дзейнасьць спэцназу цяпер

— Вы кіравалі элітным падразьдзяленьнем вайсковага спэцназу. Ужо працяглы час вы ў адстаўцы і за межамі Беларусі. З таго, што вы ведаеце і можаце назіраць, як вы ацэньваеце ўзровень падрыхтоўкі цяперашніх розных спэцыяльных падразьдзяленьняў, функцыі і задачы, якія яны выконваюць? Як вам здаецца, ці ўсе спэцназаўцы будуць да апошняга выконваць загады ўлады?

— Падрыхтоўка нашых элітных падразьдзяленьняў знаходзіцца на высокім узроўні. Пытаньні ёсьць да якасьці ўзбраеньня і абсталяваньня. Да гэтых падразьдзяленьняў адносяцца антытэрарыстычнае падразьдзяленьне КДБ «Альфа», «Алмаз» МУС, 5-я асобная брыгада спэцназу. Гэтыя падразьдзяленьні не прызначаныя для прыцягненьня іх да навядзеньня грамадзкага парадку. Маральна і псыхалягічна гэтыя падразьдзяленьні не гатовыя ўжываць гвалт да грамадзянаў.

Безумоўна, яны могуць атрымаць пры пэўных абставінах загад і іх могуць выкарыстоўваць у крайніх выпадках, пры масавых беспарадках. У той жа час гэта пагражае і сурʼёзнымі наступствамі для тых, хто будзе аддаваць ім гэты загад. Для гэтага існуе падразьдзяленьне МУС агульнай колькасьцю каля 32 000 чалавек.
Аднак улады могуць лёгка справакаваць дзеяньні, каб гэтыя падразьдзяленьні выкарысталі супраць пратэстоўцаў. Для гэтага існуе шэраг спосабаў і правакацый, пасьля якіх пратэстоўцаў могуць ператварыць у тэрарыстаў або іх памагатых.

Пра жыцьцё ў Нямеччыне

— Што вы можаце расказаць пра сваё жыцьцё ў Нямеччыне? Чым вы займаецеся? Ці ў бясьпецы вы? Наколькі адаптаваліся да жыцьця ў Нямеччыне?

— Я ў бясьпецы, калі не лічыць наяўнасьці загаду забіць мяне. Што тычыцца жыцьця ў Нямеччыне, то жыцьцё выдатнае нават тады, калі па шчоках цякуць сьлёзы. Я падпрацоўваю, гандлюю на амэрыканскай біржы акцыямі. Без патрэбы не сумую. Хачу пайсьці на пэнсію, нацешыцца старасьцю, але не атрымліваецца. Сярод грамадзян Нямеччыны адчуваю сябе камфортна, але цягне дадому.
Шчыміць сэрца, калі параўноўваеш узровень жыцьця пераможцаў і пераможаных. Я займаюся спортам. Рыхтуюся памерці на трупе свайго ворага...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG