Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня 30 гадоў савецкага штурму тэлевежы ў Вільні, які паскорыў распад СССР. ФОТА


Савецкія танкі ля Віленскай тэлевежы. 1991 год.

13 студзеня 1991 году адбылася знакавая ў гісторыі Літвы падзея, якая мела вялікае значэньне для распаду Савецкага Саюзу. У гэты дзень у Вільні савецкія сілавікі штурмавалі тэлевежу.

Пасьля сутычак зь сілавікамі загінулі 15 асоб, а сотні чалавек атрымалі раненьні. Менш як праз год СССР распаўся, Літва аднавіла незалежнасьць, і цяпер 13 студзеня ў краіне — Дзень памяці абаронцаў свабоды.

Пахаваньне ахвяр савецкага штурму. 16 студзеня 1991 году
Пахаваньне ахвяр савецкага штурму. 16 студзеня 1991 году

Штурм тэлевежы і ўсё, што зь ім зьвязана, у літоўскай гісторыі мае назву Sausio įvykiai (Студзеньскія падзеі).

Ахвяры штурму

Усяго 13 студзеня было забіта 14 абаронцаў вежы: Ларэта Асанавічуце, Віргініюс Друскіс, Дар’юс Гярбутавічус, Раландас Янкаўскас, Рымантас Юкнявічус, Альвідас Канапінскас, Альгімантас Пятрас Кавалюкас, Вітаўтас Канцявічус, Відас Мацюлявічус, Цітас Масюліс, Альвідас Матулка, Апалінарас Юозас Павілайціс, Ігнас Шымулёніс і Вітаўтас Вайткус. Таксама загінуў лейтэнант Віктар Шаткіч, які атрымаў стрэл у сьпіну з адлегласьці 5 см. Паводле адной з вэрсій, яго забілі самі савецкія сілавікі за адмову адкрыць агонь па дэманстрантах.

Рэакцыя зь Беларусі

На крывавыя падзеі каля віленскай тэлевежы была і рэакцыя зь Беларусі. Дзеяньні Крамля асудзілі пісьменьнік Васіль Быкаў і апазыцыя БНФ, яны рашуча выступілі ў падтрымку літоўцаў. Пазьней беларускі Вярхоўны Савет таксама асудзіў прымяненьне сілы.

Што расказвалі беларускія сьведкі падзей

Беларусы ўдзельнічалі і ў абароне тэлевежы. Прычым як тыя, хто стала жыў у Літве, так і менчукі. Адным з абаронцаў тэлевежы быў Сяргей Дубавец, узнагароджаны мэдалём Літвы «13 студзеня» за «адвагу і самаадданасьць, праяўленыя пры абароне незалежнасьці Літвы».

Вакол будынку літоўскага парлямэнту было шматлюдна, народ выйшаў падтрымаць Вярхоўны Савет Літвы, які 11 сакавіка 1990 году прыняў Акт аднаўленьня незалежнасьці.

Абарона парлямэнту Літвы. 12 студзеня 1991 году
Абарона парлямэнту Літвы. 12 студзеня 1991 году

Журналіст, а тады дэпутат Вярхоўнага Савету ад апазыцыі БНФ Сяргей Навумчык у сваёй кнізе «Дзевяноста першы» згадвае, як быў шакаваны прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў жаданьнем Літвы стаць цалкам незалежнай.

«„Вы ж хочаце жыць у абноўленым Саюзе?“ — запытаў Гарбачоў на вуліцы ў звычайных людзей, перад якімі спыніўся ягоны картэж. „Не!“ — хорам адказалі літоўцы».

Літоўцы блякуюць савецкія танкі. Вільня, студзень 1991 году
Літоўцы блякуюць савецкія танкі. Вільня, студзень 1991 году

Таксама Навумчык узгадаў у кнізе атмасфэру ў Вільні ў тыя дні:

«Бэтонныя блёкі, барыкады з арматуры, вогнішчы, людзі трымаюцца за рукі і сьпяваюць песьні. Сярод жоўта-зялёна-чырвоных літоўскіх — і нашыя, бел-чырвона-белыя сьцягі».

Віленскі акружны суд, які вёў разгляд крымінальнай справы супраць савецкіх сілавікоў, у сваіх высновах адзначыў, што забойствы цывільных асобаў у час ваеннай апэрацыі былі «не выпадковымі злачынствамі, а пасьлядоўнай, загадзя сплянаванай і прадугледжанай часткай буйнамаштабнага і сыстэмнага нападу на мірных жыхароў для выкананьня палітыкі Савецкага Саюзу і яго партыйнай арганізацыі — камуністычнай партыі, мэтай якой было захаваць Літву ў складзе Савецкага Саюзу».

Абаронцы парлямэнту Літвы. 12 студзеня 1991 году.
Абаронцы парлямэнту Літвы. 12 студзеня 1991 году.

Рэакцыі ў Менску на запыты аб выдачы зь Вільні

Былога намесьніка міністра абароны Літвы Ўладзімера Ўсхопчыка ў Вільні завочна прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленьня волі па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году. Яго, як і шэраг іншых савецкіх службовых асобаў, суд прызнаў вінаватым у ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці.

Уладзімер Усхопчык, камандуючы Віленскім гарнізонам савецкай арміі ў 1991-м і намесьнік міністра абароны Беларусі ў 2000-х. Архіўнае фота.
Уладзімер Усхопчык, камандуючы Віленскім гарнізонам савецкай арміі ў 1991-м і намесьнік міністра абароны Беларусі ў 2000-х. Архіўнае фота.

Але Беларусь ужо ў часы Лукашэнкі ня выдала Ўсхопчыка на патрабаваньне Літвы. Сам Усхопчык называў дзеяньні сілавікоў «абаронай Канстытуцыі СССР», а выступленьні супраць савецкай улады — правакацыяй амэрыканскіх і эўрапейскіх спэцслужбаў.

Разам з Усхопчыкам у 1991 годзе ў Беларусь зьехала рэдактарка газэты «Советская Литва» Станіслава Юонене, а таксама два лідэры кампартыі Літвы — Мікалас Буракявічус і Юозас Ярмалавічус. Двух апошніх арыштавалі ў Менску ў 1994-м і перадалі літоўскім уладам. Аднак пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады падобнае супрацоўніцтва з праваахоўнікамі Літвы спынілася, што і ўратавала Ўсхопчыка ад арышту.

У Расеі ў адказ на прысуд пачалі крымінальную справу супраць судзьдзяў, якія выносілі вырак.

Ландсбергіс: Гэта яны павінны выйсьці зь Літвы

Старшыня Рады сойму грамадзка-палітычнага незалежніцкага руху «Саюдзіс» Вітаўтас Ландсбергіс у размове са Свабодай у 2016 годзе сказаў:

«Нас папракалі, што мы хочам выйсьці з Савецкага Саюзу. Наша пазыцыя была — гэта яны павінны выйсьці зь Літвы».

13 студзеня 2021 году, на 30-я ўгодкі падзей вакол Віленскай тэлевежы, грамадзкая арганізацыя Blue/Yellow у супрацы зь Літоўскай тэлевізіяй LRT TV і прадусарскай кампаніяй TymDrym заплянавала дабрачынную акцыю «Разам да перамогі». Акцыя прысьвечаная Ўкраіне, якая ўжо 7 год вядзе вайну супраць расейскіх агрэсараў, а таксама Беларусі, чый народ змагаецца за свабоду ад дыктатуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG