Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвітваюцца зь мітрапалітам Філарэтам. ФОТА


Разьвітаньне зь мітрапалітам Філарэтам. Менск, 13 студзеня

У менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы разьвітваюцца з памерлым мітрапалітам Філарэтам. 

Філарэт (Кірыл Вахрамееў) больш за 20 гадоў кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой. Труну зь целам занесьлі ў храм салдаты роты ганаровай варты.

У ліку тых, хто прыйшоў разьвітацца, і цяперашні кіраўнік БПЦ мітрапаліт Веньямін.

Раніцай 14 студзеня ў саборы пачнецца архірэйская літургія, а пасьля адбудзецца адпяваньне ганаровага патрыяршага экзарха Беларусі.

Адтуль нябожчыка перавязуць ва Ўсьпенскі сабор Жыровіцкага мужчынскага манастыра. Там 15 студзеня пройдзе саборная архірэйская літургія і паніхіда. Мітрапаліт Філарэт будзе пахаваны за Крыжаўзьвіжанскім храмам Жыровіцкага манастыра.

Ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі памёр 12 студзеня. Яму было 85 гадоў, ён хварэў на каранавірус.

Мітрапаліт Філарэт (Кірыл Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 году ў Маскве, у сям’і службоўцаў. Скончыў Маскоўскую духоўную сэмінарыю і духоўную акадэмію са ступеньню кандыдата багаслоўя. У 1959-м быў пастрыжаны ў манаства.

У 1978 годзе яго прызначылі мітрапалітам Менскім і Беларускім, а таксама Патрыяршым экзархам Заходняй Эўропы, а ў 1992-м, калі Беларусь стала незалежнай, — мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам усяе Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG