Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зьявілася 10 арганізацый дапамогі беларусам-уцекачам. Што пра іх вядома?


Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю ў Кіеве, верасень 2020

Украіна стала адной зь першых краін, якую абіралі беларусы, калі ім у 2020 годзе пагражаў крымінальны перасьлед дома за ўдзел у выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў і ў акцыях пратэсту: беларусам не патрэбныя візы, а ўкраінская мова ім блізкая.

Паводле неафіцыйных ацэнак, ад леташняга жніўня ва Ўкраіну зьехалі да 70 тысяч грамадзян Беларусі. Але ня ўсе яны тут засталіся — многія ў Кіеве ці ў Львове атрымлівалі гуманітарныя візы Літвы ці Польшчы і зьяжджалі.

Разам з тым ва Ўкраіне былі створаныя ініцыятывы для дапамогі рэпрэсаваным беларусам, вымушаным уцякаць са сваёй краіны. Найчасьцей ініцыятарамі стварэньня такіх арганізацый былі беларусы — тыя, хто ўжо пэўны час жыве і працуе ва Ўкраіне, або хто прыехаў у сярэдзіне жніўня 2020 году, ратуючыся ад рэпрэсіяў.

Сярод іх — праваабаронцы, журналісты, блогеры, бізнэсоўцы ці палітычныя актывісты ў мінулым. На дапамогу ім прыходзілі і ўкраінцы — іхныя сябры ці знаёмыя.

Свабода сабрала даступную інфармацыю пра арганізацыі, якія паўсталі ва Ўкраіне для дапамогі ўцекачам зь Беларусі.

1. Нефармальная ініцыятыва «Беларускі дом ва Ўкраіне»

Пачала працаваць адной зь першых. Ініцыятарамі яе стварэньня сталі актывісты зарэгістраванага ва Ўкраіне руху салідарнасьці «Разам» і беларусы-ўцекачы — тыя, хто пацярпеў ад палітыкі ўладаў у Беларусі, але ва Ўкраіне ўжо не хацеў далучацца да раней створаных палітычных арганізацый. Ініцыятыва ня мае кіраўніка, афіцыйнай юрыдычнай рэгістрацыі, а ўсе рашэньні ў ёй ухваляюцца калектыўна. Сфэра дзейнасьці — правядзеньне беларускіх акцый.

Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Кіеве
Помнік Уладзімеру Караткевічу ў Кіеве


2-3. Антыкрызісны цэнтар «Беларускі Дом» і Дабрачынны фонд «Беларускі дом ва Ўкраіне»

Абедзьвюма гэтымі арганізацыямі кіруе Алена Філатава — актывістка «Народнай грамады» і «Эўрапейскай Беларусі», якая ў жніўні пад пагрозай перасьледу зьехала ва Ўкраіну.

Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала іх у сьнежні 2020 году зь юрыдычным адрасам у Цярнопалі. Паводле дакумэнтаў заснавальніца — Натальля Лучанко.

Жаночая салідарнасьць у Кіеве
Жаночая салідарнасьць у Кіеве

Ініцыятыва спрыяе беларусам у пошуку жытла, дапамагае прадуктамі харчаваньня, сродкамі гігіены, юрыдычным суправаджэньнем пры легалізацыі або звароце па атрыманьне гуманітарных візаў, аказвае пасільную матэрыяльную дапамогу.

Дзьве гэтыя арганізацыі дзейнічаюць на сабраныя ва Ўкраіне і за яе межамі ахвяраваньні. Асноўная падтрымка, як сьцьвярджае Алена Філатава, прыходзіць ад беларускіх дыяспар Францыі ды Канады. На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках арганізацыя рэгулярна публікуе справаздачы аб дапамозе і выкарыстаньні рэсурсаў. За ўвесь час ініцыятывы дапамаглі больш як 200 грамадзянам Беларусі.


4-5. Грамадзкая арганізацыя «Беларускі дом ва Ўкраіне» і Грамадзкая арганізацыя «Беларуская альтэрнатыва»

Абедзьве гэтыя арганізацыі зарэгістраваныя ў Міністэрстве юстыцыі напрыканцы 2020 году. Яны маюць дачыненьне да колішняга грамадзяніна Беларусі Сяргея Кароткіх, які за ўдзел у добраахвотніцкім батальёне «Азоў» атрымаў украінскае грамадзянства.

Нягледзячы на падобныя назвы, яны ня маюць дачыненьня да першых трох арганізацый.

Паводле дакумэнтаў, заснавальнік і кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне» — Віталь Шышоў. Яшчэ адзін яе заснавальнік, Радыён Батулін, стварыў яшчэ адну грамадзкую арганізацыю — «Беларуская альтэрнатыва». Канкрэтыкі пра іхную дзейнасьць няма.

Як сьцьвярджаюць украінскія СМІ, Радыён Батулін — грамадзянін Латвіі, прафэсійны баец зьмяшаных баявых майстэрстваў, адзін з паплечнікаў Кароткіх.

У лістападзе з ініцыятывы Сяргея Кароткіх каля амбасады Беларусі ва Ўкраіне быў усталяваны мэталічны крыж у памяць пра рэпрэсаваных у Беларусі ў часе мірных акцыяў. Частка беларусаў, якія вымушана пераехалі ва Ўкраіну, гэтую акцыю не падтрымалі. З нагоды ўсталяваньня гэтага крыжа беларуская амбасада заявіла ноту пратэсту афіцыйнаму Кіеву.

6. Free Belarus Center


Гэтая ініцыятыва прыйшла на дапамогу беларусам адной зь першых. Каардынатарка Free Belarus Center — беларуска Паліна Бродзік. Яна жыве ва Ўкраіне з 2015 году. Найбольш вядома яе праваабарончая дзейнасьць у складзе кампаніі LetMyPeopleGo ва ўкраінскім Цэнтры грамадзянскіх свабодаў. Гэтая ініцыятыва займалася ўкраінскімі палітвязьнямі ў Крыме і Расеі. Цяпер, паралельна з грамадзкай дзейнасьцю, Паліна ачольвае ў Кіеве філію беларускай клінінгавай кампаніі.

Free Belarus Center займаецца юрыдычнай, псыхалягічнай і гуманітарнай дапамогай. Цэнтар самастойна не зьбірае ахвяраваньні. Дапамога ажыцьцяўляецца наўпрост на грошы, сабраныя прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Нямеччыне з арганізацыі «RAZAM». Агулам да цэнтру па разнастайную дапамогу і кансультацыі зьвярнулася больш за 250 грамадзян.

Цэнтар таксама рэалізаваў некалькі культурных праектаў, у тым ліку акторскае чытаньне сьведчаньняў ахвяраў гвалту ў Беларусі ў Кіеўскім тэатры драмы і камэдыі на Левым беразе Дняпра. Цяпер цэнтар заканчвае адбор па праграме стажыроўкі для беларускіх актывістаў і журналістаў ва ўкраінскіх грамадзкіх арганізацыях і СМІ.

На выставе Ўладзімера Цэсьлера ў Муніцыпальным мастацкім цэнтры, Львоў
На выставе Ўладзімера Цэсьлера ў Муніцыпальным мастацкім цэнтры, Львоў

Паліна Бродзік сьцьвярджае, што цэнтар таксама мае юрыдычную рэгістрацыю, але пад іншай назвай, якую яна не ўдакладняе ў мэтах бясьпекі — ад пачатку сваёй дзейнасьці Free Belarus Center неаднойчы станавіўся аб’ектам рэзкай крытыкі прарасейскіх СМІ ва Ўкраіне.

7. «Родны кут»

Гэтая беларуская ініцыятыва ня мае юрыдычнай рэгістрацыі, працуе з восені мінулага году. Яе кіраўнік — беларус Юры Шчучко, які зьехаў зь Беларусі ў верасьні пад пагрозай дзьвюх крымінальных спраў. Арганізацыя не зарэгістраваная, але супрацоўнічае зь іншымі беларускімі кампаніямі — Антыкрызісным цэнтрам «Беларускі Дом», дабрачынным фондам «Беларускі дом ва Ўкраіне», Free Belarus Center.

Акцыя ў Кіеве, верасень 2020
Акцыя ў Кіеве, верасень 2020

Як паведаміў Свабодзе Юры Шчучко, ініцыятыва забясьпечвае ўцекачоў жытлом на месяц па дамоўленасьці з кіеўскім хостэлам: «За гэты час людзі або атрымліваюць гуманітарныя візы і едуць далей, або легалізуюцца тут». Свайго фінансаваньня кампанія ня мае, а ўсе выдаткі аплачвае беларуская дыяспара Нямеччыны і США. «Родны кут» толькі адмініструе і юрыдычна суправаджае людзей. Што праўда, вядзе і свой збор ахвяраваньняў — на харчаваньне, юрыдычную дапамагу і падарункі дзецям рэпрэсаваных беларусаў. Рэальную дапамагу ад «Роднага кута» атрымалі каля 50 беларусаў.

8. «Belarus. Path to Victory. Шлях да перамогі. Путь к победе»

Летась у жніўні свой фонд дапамогі запускаў і Сяргей Чыслаў (Бульба), стваральнік арганізацыі «Белы легіён», якая ўжо не існуе. У 2019 годзе ён ініцыяваў грамадзкую кампанію «Канстытуцыя.бел», каб не дапусьціць інтэграцыі з Расеяй. Фонд меў назву «Belarus. Path to Victory. Шлях да перамогі. Путь к победе». На першыя ахвяраваньні ў жніўні змаглі арандаваць для ўцекачоў кватэры ў Кіеве і Львове, але цяпер грошай не зьбіраюць. Зь іншымі беларускімі ініцыятывамі не супрацоўнічае.

Беларускі актывіст Сяргей Бульба
Беларускі актывіст Сяргей Бульба

«Тыя, кім мы апекаваліся, так і не змаглі працаўладкавацца ва Ўкраіне і паехалі ў Польшчу. Цяпер апякуемся тымі, хто перайшоў мяжу і падаўся адразу на палітычны прытулак. Маем колькі тэлеграм-каналаў па беларускай тэматыцы, дапамагаем праз знаёмых юрыстаў зь легалізацыяй знаходжаньня. Дапамагаем з рэлякацыяй бізнэсу, наладжваньнем сувязяў з украінскім бізнэсам для беларускіх бізнэсоўцаў», — сказаў Свабодзе Сяргей Бульба.

9. «Беларускi крызiсны цэнтар у Львове»

Гэтая арганізацыя працуе ў структуры ўкраінскага дабрачыннага фонду «Наш дім». Пра яе стварэньне афіцыйна абвешчана сёлета ў студзені. Сваю дзейнасьць плянуе факусаваць на юрыдычнай і псыхалягiчнай дапамозе, а таксама спрыяць у пошуку жытла, працы, вучобы, лекара, падачы дакумэнтаў на легалізацыю.

Цэнтрам у Львове кіруе этнічны беларус Аляксей Францкевіч, які мае досьвед палітычнай дзейнасьці ў Беларусі. Ва Ўкраіну ён пераехаў летась у верасьні і плянаваў рэалізоўваць іншы беларуска-арыентаваны праект, але сытуацыя зьмянілася, і сваю дзейнасьць ён пакуль пераарыентаваў. Паводле яго, цэнтар ужо дапамог прыблізна 20 беларусам. Сваю дзейнасьць цэнтар ажыцьцяўляе на ахвяраваньні. «Пераважная большасьць тых, хто фінансава дапамагае, — самі беларусы», — сказаў Свабодзе Аляксей Францкевіч.

Марш новай Беларусі ў Львове, жнівень 2020
Марш новай Беларусі ў Львове, жнівень 2020

Цэнтар таксама супрацоўнічае з кіеўскімі беларускімі ініцыятывамі і гатовы пашыраць узаемадзеяньне з усімі, хто хоча дапамагаць.

10. Дабрачынны фонд «Беларускі майдан»

Атрымаў рэгістрацыю яшчэ летась у канцы лістапада. Сваю дзейнасьць, па сутнасьці, яшчэ не распачаў. Згодна з дакумэнтамі, ініцыятыву заснавалі ўкраінец Аляксандар Еўтух і беларуска Алена Васільева. У плянах ня столькі дапамога беларусам, якія ўцякаюць ва Ўкраіну, колькі стварэньне СМІ. Пакуль што фонд працуе з шасьцю беларусамі, якія рыхтуюцца пераехаць ва Ўкраіну.

Алена Васільева займалася ў Беларусі турыстычным бізнэсам, а ва Ўкраіну прыехала ў верасьні разам з дачкой, апасаючыся перасьледу праз сваё знаёмства зь Міколам Аўтуховічам. Як яна прызнаецца, ніколі не займалася палітычнай дзейнасьцю, аднак заўсёды мела ставілася да беларускіх уладаў апазыцыйна.

Кіраўніца фонду кажа, што не плянуе супрацоўнічаць зь іншымі беларускімі ініцыятывамі ва Ўкраіне з прычыны ідэалягічных супярэчнасьцяў. «Мы не плянуем абвяшчаць збор сродкаў у насельніцтва. Будзем працаваць з арганізацыямі, з фондамі. Ідэя і задача нашага фонду — стварыць нацыянальна-арыентаванае СМІ як пляцоўку ў процівагу расейскай прапагандзе».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG