Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне назвалі «легендай Глыбокага». Зваршчык атрымаў 8 гадоў калёніі, але вызваліўся праз 11 месяцаў


Уладзімер Мельнікаў

Зімой 2020 году Ўладзімер Мельнікаў, зваршчык зь Янава, атрымаў прысуд, які стаў для яго шокам — восем гадоў «асаблівага рэжыму». За тое, што дэманстраваў муляж гранаты і няспраўны пісталет. 

Год таму Свабода расказвала, як праз канфлікт з адвакатам зваршчык зь Янава страціў свабоду на восем гадоў. Днямі Ўладзімер вызваліўся з «зоны» ў Глыбокім.

Што зрабіў Уладзімер, каб атрымаць восем гадоў калёніі

Увесну 2020 году Ўладзімер быў на радзіме — у гомельскіх сваякоў. У двары распачаўся канфлікт з удзелам аднаго з суседзяў — адваката. Ўладзімер не падаў суседу рукі, той яго прыстрашыў. Уладзімер кінуўся ў аўтамабіль, на эмоцыях схапіў няспраўны пнэўматычны пісталет і муляж гранаты.

Двойчы пацярпелы падаваў на Ўладзімера заявы ў міліцыю і атрымліваў адмовы. Але пазьней намесьнік пракурора Гомля (родны брат пацярпелага адваката. — РС) пастанавіў адмяніць папярэднюю пастанову, дзе адмаўлялі ў завядзеньні крымінальнай справы, і накіраваў дакумэнты на новую праверку.

Урэшце Ўладзімер атрымаў праз суд восем гадоў пазбаўленьня волі. І паехаў адбываць пакараньне ў Глыбокае. Там сядзяць «пажыцьцёвыя» і рэцыдывісты. Такім жа суд прызнаў і Ўладзімера. Раней зваршчык быў судзімы і не хавае гэтага.

«Але я апошнія дзесяць гадоў быў законапаслухмяным грамадзянінам! Я вырашыў жыць дзеля сям’і, дзеля малога сына. Дарогу на чырвонае сьвятло не пераходзіў. Працаваў, плаціў падаткі. І таму, мякка кажучы, зьдзівіўся, што дзяржава ня стала мяне бараніць, калі я трапіў у такую сытуацыю», — кажа Ўладзімер.

«Ты трапіў у Глыбокае, раней за тэрмін тут ніхто не выходзіў»

Уладзімер, у параўнаньні з асноўным кантынгентам глыбоцкай калёніі, трапіў туды за «дробязь».

«Ты ж ня скажаш: „Мяне несправядліва асудзілі, дайце нейкія асаблівыя ўмовы“. Я гэта ўспрыняў так, як ёсьць. Я адразу казаў там, што ня буду сядзець увесь тэрмін. Мне казалі: „Супакойся! Гэта сындром Глыбокага, усе так кажуць, калі сюды паступаюць. Але ўсе сядзяць увесь тэрмін, і раней ніхто ня выйдзе“», — кажа былы асуджаны.

Цяпер Уладзімер расказвае, што калі ўсё ж выйшаў «раней за тэрмін», яго ахрысьцілі «Легендай Глыбокага».

Ён ня верыў, што давядзецца праседзець восем гадоў, таму настойліва вывучаў Крымінальны кодэкс, пастановы Пленуму Вярхоўнага суду, іншыя заканадаўчыя акты. Пісаў скаргі. Першая, на абласны суд, была безвыніковай. Але разгляд справы прэзыдыюмам абласнога суду прынёс плён. Кваліфікацыю дзеяньняў Уладзімера зьмянілі — з часткі 3 артыкула 339 (хуліганства) на частку 1. І вынесьлі рашэньне — два, а ня восем гадоў пазбаўленьня волі.

Да таго ж Уладзімер і ягоны адвакат, а таксама адміністрацыя калёніі актыўна пісалі заявы, каб да яго прымянілі амністыю.

«„Асаблівы“ рэжым лепшы, чым строгі»

Уладзіміру «пашанцавала» пасядзець на «асаблівым» рэжыме (як рэцыдывісту) і на строгім. Ён кажа, што на «асаблівым» — лепш. Камэры — і там, і там. Але на строгім яны называюцца «сэкцыі».

«Гэта нічым ня лепш за камэры. Сядзяць у такой сэкцыі 32 чалавекі. На іх адна прыбіральня і адзін умывальнік. Уявіце, якое там ранкам напружаньне, нэрвы і сваркі. Бо калі нават усім даць па пяць хвілін, каб памыцца — гэта 160 хвілін. Адміністрацыя калёніі ставіцца вельмі сувора да хоць найменшай неахайнасьці. То бок ты павінны быць паголены, гузікі каб былі зашпіленыя... Я падымаўся а чацьвёртай раніцы — каб падагрэць ваду і пагаліцца», — расказвае былы асуджаны.

Харчаваньне ў калёніі, кажа ён, ніштаватае. Мэдыцына — «ня вельмі», да лекара трапіць складана, як і атрымаць лекаваньне.

Нармальныя людзі, зь яго назіраньняў, ёсьць і ў адміністрацыі калёніі, і сам начальнік, і яго намесьнік — «нармальныя». «Між тым ёсьць такія сярод прадстаўнікоў „рэжыму“, што проста неадэкватныя людзі! Я лічу, што там павінны працаваць у калёніях псыхолягі, і яны ж павінны падбіраць „рэжымных“. Некаторыя зь іх робяць усё, каб азлабляць людзей! Ці значнасьць сваю хочуць паказаць, ці што. Можна ж даць чалавеку выправіцца — што там, скажам, гузік не зашпіліў, а яны караюць жорстка за гэта. Асабліва калі нечым не спадабаўся чалавек. Такое адчуваньне — ці ў іх сяброў няма, ці іх крыўдзілі ў дзяцінстве, і цяпер яны ў калёніі шукаюць сваю значнасьць і свой нэгатыў выкідаюць на асуджаных. Вось я такі важны, магу рабіць, што хачу — і нічога мне за гэта ня будзе. Бо мы па-за законам, а яны — у законе. Калі нехта з асуджаных паспрабуе недзе паскардзіцца — ён трапіць у такі нэгатыў, у такую апалу! Да таго, што яго змогуць „раскруціць“ і адправіць у „крытую“ турму. Што можна, могуць зрабіць. Людзі празь іх губляюць сэнс жыцьця і хоць якую надзею», — разважае Ўладзімер.

Людзі ў калёніі працуюць. Але заробкі могуць быць за месяц і 15 капеек. Вылічваюць у фонд калёніі, за харчаваньне, у многіх могуць быць нявыплачаныя патрабаваньні па пазову ці кампэнсацыі шкоды.

Уладзімер Мельнікаў
Уладзімер Мельнікаў

«Частка асуджаных падтрымлівала апазыцыю, бо думалі, што зьменіцца ўлада — і іх вызваляць»

Уладзімер кажа, што многія асуджаныя пільна сачылі за палітычнымі навінамі краіны ў пэрыяд выбараў.

«Я скажу, што частка асуджаных падтрымлівала апазыцыю. Бо яны думалі, што калі зьменіцца ўлада — то іх калі не адпусьцяць, то хоць нешта ім перападзе... Можа, тэрміны меншыя дадуць. Ну, гэта проста хворае ўяўленьне! Я ім казаў, што калі ты бандыт, то ты застаесься бандытам пры любой уладзе. Навошта ты патрэбны каму на свабодзе? Ні Аляксандру Рыгоравічу, ні нікому іншаму ты не патрэбны!

Некаторыя пачапілі белыя стужкі, пачалі хадзіць так па калёніі, іх пачалі „шчаміць“, садзіць за тыя стужкі ў ізалятар... Вы ж адміністрацыя, сур’ёзныя людзі! Павінны ж разумець — ну начапілі яны тыя белыя стужкі — то хай паходзяць зь імі! Хай парадуюцца! Яны ж нічога не рабілі — ні бунтавалі, ні заклікалі нікога! Начапілі ды начапілі», — кажа Ўладзімер.

Навагодні падарунак ад Вярхоўнага суду і цуд на Каляды — сустрэча з сынам

30 сьнежня 2020 году Вярхоўны суд вынес рашэньне — адпусьціць Уладзімера на свабоду. 31 сьнежня павінны былі прыйсьці адпаведныя паперы зь Менску. Уладзімер здаў пасьцельную бялізну, матрац, раздаў свае рэчы «калегам». Паперы не прыйшлі. Давялося зноў ісьці па матрац. Чакаў яшчэ дзень, два, тры. Нарэшце 6 студзеня прыйшлі дакумэнты — і Ўладзімер паехаў дахаты.

Ягоная жонка на той момант ужо трэці раз захварэла на COVID-19 і ляжала ў лякарні. Старэйшыя дзеці ўжо дарослыя. Дома Ўладзімера чакаў 9-гадовы сын. Малому казалі, што тата на заробках.

Цяпер Уладзімер будзе шукаць працу. І спрабаваць прыцягнуць да адказнасьці тых, хто, як ён лічыць, «упёк» яго ў калёнію за той муляж гранаты і няспраўны пісталет.

Публікацыя падрыхтавана з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG