Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У 1940 годзе ў БССР было 33 турмы і 24 лягеры». Гісторык Кузьняцоў пра наступнікаў Сталіна


Ілюстрацыйнае фота.

Дасьледчык сталінскіх рэпрэсій, гісторык Ігар Кузьняцоў расказвае, як і для каго ствараліся спэцлягеры на тэрыторыі сучаснай Беларусі, чаму цяперашнім сілавікам варта пацікавіцца лёсам сваіх папярэднікаў у ГПУ, НКВД, МГБ, і чым цяперашняя сытуацыя кардынальна адрозьніваецца ад сталінскіх часоў.


Сьцісла:

  • У лістападзе 2020 году споўнілася 100 гадоў, як было прынята рашэньне аб стварэньні ў Менску лягера прымусовых працаў.
  • У Беларусі плянуецца стварыць лягеры для адсяленьня. Такога тэрміну ў ГУЛАГУ не было.
  • У 1940 годзе на тэрыторыі Беларусі было 33 турмы і 24 папраўча-працоўныя лягеры. Зь іх тры лягеры для непаўналетніх. Былі прамысловыя лягеры, лягеры для сельгаспрацаў і нават лягеры абароннага будаўніцтва.
  • Цяпер на нейкай службовай нарадзе па званку ці па камандзе зьверху можна стварыць лягер. Сёньня лягер для адсяленьня, а заўтра — канцэнтрацыйны лягер.
  • Калі б мы цяпер былі ізаляваныя ад усяго сьвету, то я перакананы, што пасьля 9 жніўня вазілі б многіх не на Акрэсьціна, а ў Курапаты.


Пра лягеры ў БССР

— Ініцыятыва былых сілавікоў BYPOL апублікавала гуказапіс выступу чалавека, голас якога нагадвае голас намесьніка міністра ўнутраных спраў палкоўніка міліцыі Мікалая Карпянкова, які расказвае пра пляны стварыць спэцлягер для бестэрміновага адсяленьня асобаў, якія паўторна ўзялі ўдзел у акцыях пратэсту. Гэты лягер плянуецца стварыць на базе папраўчай калёніі № 22 у г. Івацэвічы, так званых «Ваўчыных нор». Якія гістарычныя паралелі вам прыгадваюцца?

Ігар Кузьняцоў
Ігар Кузьняцоў

— Трагічныя гістарычныя паралелі, бо ў лістападзе 2020 году споўнілася роўна 100 гадоў, як было прынята рашэньне аб стварэньні ў Менску лягера прымусовых працаў. Трэба ўспомніць падзеі 1920-х гадоў, калі быў прыняты дэкрэт «Аб чырвоным тэроры», потым дэкрэт «Аб лягерах прымусовых працаў», калі прымалася рашэньне аб стварэньні ў кожным губэрнскім горадзе лягера прымусовых працаў напаўняльнасьцю ня менш за 300 чалавек. Магло быць і 3 тысячы, і 30 тысяч, але ня менш за 300 чалавек. Гэтымі нарматыўнымі дакумэнтамі пачалося фармаваньне будучай сыстэмы ГУЛАГу. Характэрная асаблівасьць — гэтыя лягеры павінны былі быць на самаакупнасьці.

Для менскага лягера прымусовых працаў былі вызначаныя пяць катэгорый людзей, якія туды траплялі — прадстаўнікі буржуазных клясаў, якія не хацелі працаваць на савецкую ўладу, гэта і дармаеды, і спэкулянты, і дэзэрціры. Мінула 100 гадоў, і ў 21 стагодзьдзі вырашылі да гэтага вярнуцца. Але зьявілася новая катэгорыя. У Беларусі плянуецца стварыць лягеры для адсяленьня. Такога тэрміну ў ГУЛАГУ не было.

— Зь Беларусі збольшага вывозілі ў ГУЛАГ, а ці шмат было лягераў ці спэцпасяленьняў на тэрыторыі БССР?

— Я б хацеў зьняпраўдзіць міт, які ўпарта ўводзяць у сьвядомасьць. Першая асоба дзяржавы сказала некалькі гадоў таму, што лягераў на тэрыторыі Беларусі не было, што расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі ў пэрыяд рэпрэсій не было. Усіх этапавалі кудысьці далёка. Я хачу прывесьці дадзеныя ўжо памерлага дасьледчыка, палкоўніка міліцыі Шаркова, доктара навук, які ў архіве МУС зьбіраў зьвесткі, і я на падставе ягонай манаграфіі склаў табліцу, зь якой прывяду наступныя лічбы, каб цалкам разбурыць міт, што на тэрыторыі Беларусі нічога не было.

Паводле дадзеных на 1940 год на тэрыторыі Беларусі было 33 турмы і 24 папраўча-працоўныя лягеры. Зь іх тры лягеры для непаўналетніх, былі прамысловыя лягеры, лягеры для сельгаспрацаў і нават лягеры абароннага будаўніцтва. Так званую «Лінію Сталіна» будавалі таксама зьняволеныя. Я ўжо не кажу, колькі нашых землякоў было этапавана на поўнач Расеі, на Калыму, Далёкі Ўсход, у Казахстан, Сібір.

Пра пераемнасьць сілавых структураў


— У чым пераемнасьць цяперашніх прадстаўнікоў сілавых структураў са сталінскімі?

— Падавалася б, розныя эпохі — 1920–30-я гады XX стагодзьдзя і цяпер. Мне часам кажуць: навошта параўнаваць 1937 год і 2020, гэта непараўнальна. Не. Тое, што адбылося ў нас пасьля 9 жніўня, трэба параўноўваць. Я параўноўваў ад моманту арышту тое, што рабіла ГПУ ў 1930-я гады, і тое, што адбывалася ў нас. Паводле шэрагу парамэтраў я прыйшоў да высновы, што, як ні дзіўна (жудасна будзе гучаць), НКВД выконваў пэўныя працэдуры. Падчас арышту не зьбівалі, калі чалавек не аказваў супраціў.

Пераемнасьць — у сьвядомасьці. КДБ пакінуў свайго Фэлікса Дзяржынскага. МУС калісьці ўваходзіў у склад НКВД. Гэта структуры, якія нібыта шмат разоў трансфармаваліся, мяняліся, пакаленьні іншыя прыходзілі, але формы і мэтады, на жаль, засталіся.

Калі я сёньня гэтую навіну пачуў, то падумаў, што гэта фэйк, што такога ня можа быць, што ня можа чалавеку ў званьні палкоўніка міліцыі ці КДБ нават думка такая ў галаву прыйсьці — сваіх суайчыньнікаў ізаляваць без усялякіх падставаў. Фактычна мы прыходзім да пазасудовай працэдуры. Нават за сталінскім часам пазасудовая працэдура прымала нейкую законную форму бачнасьці — дырэктыва, пастанова. Цяпер на нейкай службовай нарадзе па званку ці па камандзе зьверху можна стварыць і лягер. Сёньня лягер для адсяленьня, а заўтра — канцэнтрацыйны лягер.

— Давайце нагадаем пра лёс выканаўцаў загадаў улады ў часы сталінскіх і ленінскіх рэпрэсій, пра лёс кіраўнікоў ГПУ, НКВД, КДБ, МУС.

— Цяперашнія кіраўнікі не чыталі нічога ці забылі пра гэта. З 1918 году да сьмерці Цанавы ў 1953 годзе было 15 кіраўнікоў органаў дзяржбясьпекі, зь іх лёс толькі аднаго невядомы. Гэта старшыня ЧК у 1920–21 гадах. Цанава памёр пры нявысьветленых абставінах у турме, астатнія 13 кіраўнікоў былі расстраляныя ў пэрыяд 1938–1939 гадоў. Гэты трагічны ўрок цяперашняе кіраўніцтва не засвоіла. Ня трэба толькі думаць, якая была справядлівая савецкая ўлада — дапусьцілі памылкі і іх пакаралі. Іх расстралялі не за тыя злачынствы, што яны зрабілі, не за арганізацыю масавых рэпрэсій. Іх расстралялі як сьведак тых злачынстваў, у якіх яны ўзялі ўдзел і саўдзел. Цяперашнія таварышы зь дзяржбясьпекі любяць прыводзіць лічбу, што больш за 20 тысяч у СССР чэкістаў сталі ахвярамі. Яны сталі не ахвярамі, яны былі катамі і пасьля 1937–38 гадоў замяталі сьляды. Але не было Нюрнбэргу-2 над сталінізмам. Ніхто ня быў асуджаны за канкрэтныя злачынствы. Іх забівалі як шпіёнаў, за перавышэньне службовых паўнамоцтваў.

Ці трэба шукаць карані Акрэсьціна ў Курапатах


— Курапаты — самае масавае месца расстрэлаў на тэрыторыі Беларусі. Па маіх падліках, такіх месцаў на тэрыторыі Беларусі — каля 115. Вакол Менску малых і сярэдніх курапатаў — парадку 14. Гэта ўсе тады было закладзена. Калі б мы цяпер былі ізаляваныя ад усяго сьвету, то я перакананы, што пасьля 9 жніўня вазілі б многіх не на Акрэсьціна, а ў Курапаты. І гэта дзякуючы супраціву, які сёньня існуе, дзякуючы таму, што мы не ізаляваныя, як Паўночная Карэя. У 1937–38 гадах у асноўным расстрэльвалі, а сёньня іншыя формы — катаваньні і зьдзекі ў дасудовым парадку.

— Як гісторык у чым вы бачыце розьніцу паміж сучасным грамадзтвам, якое спрабуюць адправіць у гэтыя лягеры, і тым савецкім?

— Я спрабаваў знайсьці адказ, ці быў супраціў сталінскаму рэжыму ў 37–38 гадах. З таго, што я мог знайсьці пра адкрыты супраціў савецкай уладзе, гэта было меней за 1 працэнт людзей у сярэдзіне трыццатых гадоў. Ні пра які рэальны супраціў размовы не магло ісьці. Пазьней былі дысыдэнты, але таксама дзясяткі і сотні людзей. Тое, што мы цяпер пабачылі ў Беларусі, — гэта масавы народны пратэставы рух. І ён не спыніўся, толькі зьмяніў свае формы. І ня трэба забываць, што ў нас засталіся гены партызанаў і падпольшчыкаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG