Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пальчысу не перадалі фота нованароджанай дачкі. Што цяпер вядома пра затрыманых блогераў


Блогер Дзьмітрый Казлоў («Шэры кот»)

Былы прэс-сакратар Ціханоўскай блогер Аляксандар Кабанаў рыхтуецца да суду, Эдуарду Пальчысу не перадаюць фота нованароджанай дачкі Эміліі, а «Шэры кот» даслаў паштоўку з «Валадаркі», што сёньня вядома пра затрыманых беларускіх блогераў.

«Шэрага ката» абмяжоўваюць у перапісцы

Блогер Дзьмітрый Казлоў, які вёў стрымы на ютуб-канале «Шэры кот», нядаўна даслаў з «Валадаркі» паштоўку. Яе атрымала мянчанка Анастасія Емяльянава. Яна лічыць, што блогера абмяжоўваюць у перапісцы.

«У паштоўцы віншаваньні з каталіцкімі Калядамі, але прыйшла паштоўка 30 сьнежня, яўна са спазьненьнем. Да таго ж свае лісты да яго я нумарую, дык ён напісаў, што адказвае на другі ліст і пытаецца, пра што быў першы. Значыць, не атрымаў. Вельмі быў рады майму лісту, прасіў пісаць больш. Бачна, што ён нібы ў інфармацыйным вакуўме. Пра сябе нічога дрэннага не паведаміў, галоўнае, што жывы-здаровы», — кажа Анастасія Емяльянава.

Зьміцер Казлоў скончыў 4 курсы Горацкай аграрнай акадэміі і захапіўся відэаблогерствам. Пазьней расказваў пра сябе, што спачатку займаўся толькі сацыяльнымі тэмамі, але «само жыцьцё ўцягнула ў палітыку». У канцы 2019 году «Шэры кот» актыўна асьвятляў акцыі ў абарону незалежнасьці, якія ладзіў у Менску Павал Севярынец. Мінулай зімой Казлова асудзілі паводле артыкула 23.34 агулам на 120 сутак арышту.

10 чэрвеня яго затрымалі ў Менску і асудзілі на 20 сутак адміністрацыйнага арышту, але з Акрэсьціна відэаблогер на волю ня выйшаў. Неўзабаве стала вядома, што Зьміцер стаў яшчэ адным фігурантам крымінальнай справы Сяргея Ціханоўскага, якую завялі па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу аб арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Ад кастрычніка Дзьмітрыя Казлова ўтрымліваюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага, праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. У блогера няма бацькоў, зьвестак пра яго на волю трапляе недастаткова.


Павал Сьпірын: «Паветра жадаю вольнага»


Зь відэаблогерам Паўлам Сьпірыным лістуецца актывістка Вольга Быкоўская. Вольга адзначае, што лісты ад Паўла з «Валадаркі» прыходзяць розныя: збольшага аптымістычныя, але трапляюцца ў іх і сумныя ноткі.

«У адным зь лістоў падрабязна апісаў, як праходзіць кожны турэмны дзень, і адзначыў, што дні вельмі падобныя, параўнаў турэмны час з «днём сурка». Але, спадзяецца, гэтак будзе не заўсёды, і дадае: «Паветра жадаю вольнага!», — кажа Вольга Быкоўская.

Павал Сьпірын разьмяшчаў свае блогі на youtube, ягоны відэафільм «Айчым» пра Лукашэнку сабраў каля 945 тысяч праглядаў. Відэаблогера затрымалі 4 верасьня ў ягонай кватэры. Праваахоўнікі зрабілі там ператрус і забралі шмат тэхнікі. Крымінальную справу на Паўла Сьпірына завялі за ягоны фільм «Грань» пра наркагандаль у Беларусі. Ён быў занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Відэаблогера абвінавачваюць паводле 130 артыкула Крымінальнага кодэксу аб наўмысных дзеяньнях, скіраваных на распальваньне варожасьці.

Павал Сьпірын быў сябрам руху «За свабоду», летась спрабаваў вылучацца кандыдатам на прэзыдэнта, але ягоную ініцыятыўную групу Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў. Сярод прызнаных палітвязьнямі Паўла Сьпірына няма.


Аляксандар Кабанаў: «Журналісты пабачаць, як шыюць у нас крымінальныя справы»

Алякандар Кабанаў
Алякандар Кабанаў

Вольга Быкоўская таксама падзялілася цытатамі зь ліста, які атрымала ад блогера Аляксандра Кабанава. Гэта вядомы актывіст зь Берасьця, які да арышту быў прэсавым сакратаром выбарчага штабу Сьвятланы Ціханоўскай. Аляксандра Кабанава затрымалі яшчэ да выбараў, 15 чэрвеня. Блогер сядзеў у Берасьцейскім СІЗА, потым на «Валадарцы» ў Менску, цяпер зноў у Берасьці, дзе ўжо азнаёміўся з крымінальнай справай. Завялі справу на Кабанава паводле 342 артыкула — аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Сваёй віны Аляксандар Кабанаў не прызнае і піша, што зь нецярплівасьцю чакае суду. Вось кавалак зь ягонага ліста:

«Вельмі спадзяюся, што будуць журналісты і пабачаць, як у нас шыюць справы, гэта нават ня белыя ніткі, а нейкія вяроўкі для бялізны, канаты...» — у канцы блогер намаляваў смайлік.

Аляксандар Кабанаў ня скардзіцца на ўмовы ў ізалятары, але адзначае, што давядзецца яму яшчэ пабыць у няволі. Марыць пра рыбалку і спадзяецца, што да выхаду на свабоду ўсю рыбу не пераловяць.


Вікторыя Пальчыс: «Прыкра, што фота нованароджанай дачкі да яго не прапусьцілі»

Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

Блогер, ранейшы і цяперашні палітвязень Эдуард Пальчыс, пакуль ідзе сьледзтва па ягонай справе, сядзіць у СІЗА Жодзіна. За час зьняволеньня ў яго нарадзілася дачка Эмілія, якой ён ня бачыў нават на фота. Жонка блогера Вікторыя паведаміла, што фатаздымак яму не перадалі, а чаму — невядома.

«Мо які маёр зараз разглядае нашу дачку, а яму здымак не перадалі. Чаму? Прыкра. Пазаўчора з Эдуардам бачыўся адвакат. Вось ведаем цяпер, што нашы лісты ў Жодзіна яму зусім не даходзяць, адпаведна, і фатаздымак дачкі ён не атрымаў. Ягоны тата піша яму амаль кожны дзень, але ён нічога не атрымліваў. А вось некаторыя лісты ад сяброў і знаёмых да яго дайшлі. Атрымаў ліст ад жыхароў Сеньніцы, усім дзякаваў. Ад яго рэдкія лісты ідуць, адзін па 3 тыдні», — расказала Вікторыя.

Жонка Эдуарда Пальчыса непакоіцца за здароўе мужа. Ведае, што ён перахварэў на нешта кшталту прастуды. Але быў гэта каранавірус ці што іншае, незразумела, бо аналізаў ня бралі.

«Прасіў сабраць і перадаць яму туды аптэчку», — кажа Вікторыя.

У верасьні 2020 году Эдуарда Пальчыса асудзілі на 39 сутак па адміністрацыйным артыкуле, але на волю пасьля адбыцьця гэтага тэрміну ня выпусьцілі. Блогера вінавацяць паводле 293 артыкула — «арганізацыя масавых беспарадкаў». Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG